viasna on patreon

На судзе ў калоніі Святаслаў Барановіч распавёў пра катаванні

2018 2018-11-15T10:45:11+0300 2018-11-15T12:18:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/baranovich_tutby.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Святаслаў Барановіч. Фота Tut.by

Святаслаў Барановіч. Фота Tut.by

У мінулую пятніцу, пятага лістапада, на тэрыторыі папраўчай калоніі №1 у Наваполацку прайшоў судовы працэс па скаргах асуджанага за ўжыванне гвалту да міліцыянта Святаслава Барановіча на вынесеныя яму дысцыплінарныя спагнанні. Суд адхіліў усе яго скаргі ў поўным аб’ёме.

Нагадаем, што ў сярэдзіне кастрычніка сястры Барановіча Наталлі стала вядома, што ў судзе будзе разглядацца пытанне аб змене рэжыму адбыцця пакарання для яго на больш жорсткі. Прычына – вялікая колькасць дысцыплінарных спагнанняў, якія Барановіч атрымлівае рэгулярна, пачынаючы з першых дзён знаходжання у ПК №1. Пасля першага паседжання сястра Барановіча даведалася ад яго адваката, што за чатыры з паловай месяцы, праведеных у калоніі, непасрэдна ў атрадзе яе брат прабыў толькі каля двух тыдняў. Астатні час – гэта ШІЗА і ПКТ.

Напрыклад, апошнія дзесяць сутак ШІЗА ён атрымаў 23 кастрычніка за тое, што нібыта падчас прыёму ежы скраў лыжку і завастрыў яе. Прычыны іншых спагнанняў Барановіча яшчэ напачатку верасня начальнік калоніі апісаў ягонай сястры па тэлефоне: “Не мыецца, не галіцца, не ўтрымлівае сябе ў належным санітарным стане, а таксама адмаўляецца рабіць уборку і выконваць правілы ўнутранага распарадку”.

Сам Святаслаў прынцыпова не згодны з гэтымі спагнаннямі і з дамапогай адваката вырашыў абскардзіць 15 з іх  – пакаранняў ШІЗА і вымоваў.   

На судовым паседжанні пятага лістапада, дзе разглядаліся яго скаргі, ён шчыра распавёў некаторыя падрабязнасці таго, як раз за разам атрымліваў па дзесяць сутак ШІЗА.

Па словах Барановіча, на яго аказваўся псіхалагічны ціск з боку адміністрацыі і супрацоўнікаў калоніі. Напрыклад, у адзін з тых рэдкіх дзён, калі той быў у атрадзе, да яго падышоў камандзір іншага атраду і сказаў прыкладна наступнае: “Ты ж хочаш тут жыць нармальна? Тады прызнавай віну па кожным сваім парушэнні!”.

Але Святаслаў не лічыў вартым прызнаваць віну ў тым, чаго не рабіў, альбо ў тым, што мог лёгка выправіць. Так, адно са спагнанняў было атрымана ім за тое, што ён быццам бы не пагаліўся. Святаслаў жа сцвярджае, што галіўся заўсёды. Але справа ў тым, па словах Барановіча, што адміністрацыя заўсёды магла знайсці, да чаго прычапіцца. Яны і не хавалі свайго прадузятага стаўлення.

“Аднойчы, калі яны (прадстаўнікі адміністрацыі) заходзілі ў камеру, то проста сказалі, што ім усё роўна, галіўся я ці не, прыбіраў памяшканне ці не. Казалі, што ўсё роўна знойдуць, за што мяне прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці”, - адзначыў на судзе Барановіч.

Таксама, нават калі невялікае парушэнне было, Барановіч прасіў магчымасць выправіць сітуацыю, але адміністрацыя адмаўлялася ісці насустрач. Так, адно са спагнанняў ён атрымаў за непрыбраную ля вакна павуціну, але ён фізічна не змог да яе дацягнуцца. Барановіч прасіў у прадстаўнікоў калоніі даць яму хоць нейкі інструмент, які б дапамог дацягнуцца да павуціны, але тыя праігнаравалі яго просьбы.

Святаслаў паведаміў, што з 15 спагнанняў ён прызнаў сябе вінаватым толькі ў чатырох, і тое толькі з-за ціску з боку адміністрацыі. У астатніх жа выпадках ён адмаўляўся прызнаваць віну, і тады, з яго слоў, пачыналіся катаванні. Яго ставілі на расцяжку ў метры ад сцяны, білі па нагах, часам да сінякоў, абшуквалі. Ён лічыць гэта не чым іншым, як жорсткім і бесчалавечым абыходжаннем.

Прадстаўнік калоніі №1 на судзе канешне ж адмаўляў усе парушэнні, казаў, што ўсе спагнанні вынесеныя справядліва, а суддзя Сняжана Калінічэнка прадказальна стала на бок калоніі. Рашэнне – у задавальненні скаргаў аб адмене дысцыплінарных спагнанняў адмовіць ў поўным аб’ёме.

У хуткім часе Святаслава Барановіча чакае новае судовае паседжанне, дзе працягнецца разгляд справы аб змяненні рэжыму адбыцця пакарання на больш жорсткі.  


15 сакавіка 2017 году, калі ў Мінску праходзіў «Марш недармаедаў», адбылася спроба  затрымаць частку мітынгоўцаў у масках пад час іх пасадкі ў тралейбус супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным. Усчалася бойка. Пазней следства, прагледзеўшы відэазапісы бойкі, ўстанавіла, што менавіта Святаслаў Барановіч некалькі разоў ударыў міліцыянта па галаве на прыпынку тралейбуса каля плошчы Бангалор.

Барановіч быў затрыманы напачатку кастрычніка і змешчаны пад варту ў СІЗА №1 Мінска. Яму было прад’яўлена абвінавачванне ва ўжыванні гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутранных спраў (арт. 364 Крымінальнага кодэксу). 15 лютага 2018 года ў судзе Маскоўскага раёна Мінска распачаўся судовы працэс па гэтай крымінальнай справе. Падчас працэсу Барановіч прызнаў сваю віну.

Пракурор Сергіенка папрасіла для актывіста чатыры гады зняволення. Яго чыстасардэчнае прызнанне яна назвала змякчальнай акалічнасцю, а ранейшую судзімасць за Плошчу-2010 — абцяжарвальнай. 12 сакавіка Барановіча асудзілі на на 3 гады пазбаўлення волі. Ён абскардзіў прысуд, але калегія Мінгарсуда пакінула скаргу без задавальнення. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства