МУС правярае інфармацыю аб бунце зняволеных у калоніі пад Івацэвічамі
Звесткі аб бунце асуджаных у калоніі з'явіліся ўвечары 5 лістапада ў сацыяльнай сетцы "Укантакце" у пабліке "Беларуская Турма", паведамляе naviny.by. Аўтары паведамлення адзначаюць, што атрымалі інфармацыю напрамую з калоніі. Па іх дадзеных, бунт здарыўся ў ноч на 4 лістапада. Нібыта бунт падтрымалі ўсе атрады, "заблакавалі дзверы ў атрадах, некалькі прадстаўнікоў адміністрацыі атрымалі траўмы, асуджаныя патрабавалі зняць адміністрацыю". Паведамляецца, што 4 лістапада ў калоніі чакалі начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Алега Маткіна, але "ён не прыехаў". Пішацца таксама, што "адміністрацыю калоніі часова ўсю замяняе брэсцкае кіраванне Дэпартамента выканання пакаранняў".
Міністэрства ўнутраных спраў раніцай 6 лістапада паведаміла БелаПАН, што яны ўжо праводзяць праверку па гэтай інфармацыі. "Пакуль правяраем", — заявіў начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей МУС Георгій Еўчар.
У калоніі № 22 адбываюць пакаранне ўпершыню асуджаныя па наркатычным артыкуле № 328 КК.
Юрыст праваабарончага цэнтру "Вясна" Павел Сапелка адзначае, што такая сітуацыя дапушчальная з-за шматлікіх праблем, звязаных з умовамі ўтрымання ў ПК №22:
"На жаль, калоніі максімальна закрыты для грамадзянскага кантролю. Будзь у нас інстытут амбудсмена або рэальна працуючыя грамадскія назіральныя камісіі, гэтую інфармацыю можна было б праверыць неадкладна. Праваабаронцам вядома пра шматлікія праблемы, звязаных з адбываннем крымінальнага пакарання асуджанымі па арт. 328 КК. Напрыклад, цяжкая нізкааплатная праца, недастатковае харчаванне, адсутнасць перспектыў датэрміновага вызвалення і скарачэння тэрміну па амністыі. Усё гэта можа штурхнуць зняволеных да пратэсту".