viasna on patreon

Праваабаронца пра магілёўскае спецПТВ: "Сітуацыю трэба мяняць заканадаўча"

2018 2018-09-11T10:37:53+0300 2018-09-11T10:49:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mogilev-specptv.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

УУС Магілёўскага аблвыканкама апублікавала інфармацыю аб траіх зніклых толькі праз тыдзень пасля інцыдэнту, піша mspring.online.

Іван Янкоўскі, Дзмітрый Талкачоў і Віталь Будзько 30 жніўня ўпотай сышлі з падлеткавага лагера «Адраджэнне» пры Магілёўскай епархіі, куды іх часова вывезлі з Магілёўскага дзяржаўнага спецыяльнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча закрытага тыпу №2 дрэваапрацоўкі (СПТВ №2). Усім траім па 17 гадоў. Адзін з іх праходзіць як пацярпелы па справе аб збіцці вучняў у спецПТВ. 

Як паведамляе tut.by, 9 верасня выхаванцаў магілёўскага СПТВ затрымалі ў Маскве і вярнулі ў спецустанову. Раней у міліцыі казалі, што вядома, што яны перасеклі мяжу Беларусі і хаваюцца на тэрыторыі Смаленскай вобласці.

dzeci_magileu.jpg
Калаж фота УУС Магаблвыканкама

Цікава, што пасля папярэдніх рэзанансных уцёкаў навучэнцаў СПТВ №2 прайшло менш за год.

У лістападзе 2017 з закрытай установы збеглі шасцёра дзяцей. Калі ўцекачоў вярнулі ў вучылішча, іх адвялі ў памяшканне для сустрэч з бацькамі. Там некалькі супрацоўнікаў СПТВ №2 збілі кожнага хлопца па адным. Пасля гэтага адзін з навучэнцаў – Андрэй Шчаўлікаў – з пераломам пазваночніка трапіў у Магілёўскую абласную бальніцу.

Астатнія таксама атрымалі моцныя пабоі. Следчы камітэт распачаў у дачыненні да дырэктара вучылішча і двух яго намеснікаў крымінальную справу па факце злоўжывання паўнамоцтвамі. Падчас расследавання высветлілася, што ў СПТВ №2 над дзецьмі здзекаваліся пастаянна.

Праваабаронца Барыс Бухель, які дапамагаў маці Андрэя Шчаўлікава, лічыць, што тое, што адбываецца ў СПТВ №2 – гэта ненармальна:

"Першае пытанне, чаму дзеці збеглі адтуль. Двум з іх заставалася, наколькі я разумею, прабыць у СПТВ зусім няшмат. Дзяцей трэба знайсці і абавязкова разабрацца, чаму яны збеглі," – выказаўся праваабаронца.

Бухель лічыць, што прыйшоў час мяняць заканадаўства, якое закранае падобныя вучылішча і лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Паводле яго словаў, ён яшчэ напачатку гэтага года ўздымаў пытанне аб доступе ў СПТВ для грамадскай назіральнай камісіі (ГНК), куды ён уваходзіць. Аднак з-за таго, што спецвучылішча адносіцца да Міністэрства адукацыі, а не да дэпартаменту выканання пакаранняў, грамадскага кантролю там быць не можа:

«Надышоў час казаць шчыра. Калі людзі фактычна пазбаўленыя свабоды, то назіральныя камісіі павінны мець туды доступ. Прычым трэба больш правоў – напрыклад, права сам-насам размаўляць з тымі, хто падвергнуты зняволенню. Тады б інфармацыі было больш.Фактычна ўсё, што мы ведаем зараз аб тым, што адбываецца ў СПТВ №2 – гэта словы кіраўніцтва ці нейкія ананімныя крыніцы”.

Зараз жа, канстатуе Барыс Бухель, ГНК не мае права кантраляваць месцы несвабоды накшталт ЛПП і спецустаноў адукацыі з-за іх прыналежнасці іншым дзяржструктурам. Хоць гэта не лагічна – у той жа СПТВ суд змяшчае за крымінальныя злачынствы.

"Адсутнасць грамадскага кантролю спараджае беспакаранасць. Трэба разумець, што калі дзеці збягаюць, яны падвяргаюць сябе вялікай небяспецы, хаця дзяржава ўзялася за іх адказваць," – заявіў праваабаронца.


Падрабязна пра закрытыя ўстановы адукацыі для непаўналетніх правапарушальнікаў – у “Маніторынгу месцаў несвабоды”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства