viasna on patreon

Алег Мацкевіч: "Я разумею, што мала шанцаў, іх амаль няма... Але я буду працаваць далей"

2018 2018-09-10T12:38:46+0300 2018-10-04T11:13:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mackevich_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава працягвае інтэрвію з праваабаронцамі, выпускнікамі адукацыйных праектаў праграмы БДПЧ «Міжнароднае права для абароны грамадскіх інтарэсаў у Беларусі» (скарочана – ILIA-By, ад англ. «International Law in Advocacy in Belarus»), у прыватнасці, праекта «Міжнародныя стандарты – у нацыянальную практыку» (скарочана – BISH, ад англ. “Bring International Standards Home”).

Наступны герой цыкла – Алег Мацкевіч, сын савецкага ваеннага, які таксама меўся прысвяціць жыццё войску – але вучоба ў Беларусі падчас набыцця краінай незалежнасці літаральна зрабіла яго іншым чалавекам. Цяпер Алег Мацкевіч змагаецца ў Барысаве за свабоду мірных сходаў, свабоду слова і за правы людзей з інваліднасцю.

«Падабалася шукаць замежныя перадатчыкі. Хацеў вярнуцца ў войска «пінжаком»

Першая мая адукацыя – педагагічная. Я яе атрымаў выпадкова. Калі я скончыў школу, я не пайшоў нікуды вучыцца. Бацька быў вайскоўцам, жылі мы ў Печах. Не было ў мяне добрага, нажаль, атэстата, я быў безадказным маладым чалавекам. Магчыма, на гэта паўплывала тое, што бацька, які трымаў мяне ў руках, у апошнія два гады з’ехаў; ён быў у Афганістане; маці адна была, старэйшы брат служыў у войску. І я пайшоў у войска.

Cлужыў пад Масквой у радыёвыведцы. Мне мая тэхнічная праца вельмі падабалася: шукаць замежныя перадатчыкі, перахопліваць тое, што яны перадавалі. І я хацеў вярнуцца ў войска, у тую частку, дзе служыў, так званым «пінжаком». «Пінжак» – гэта афіцэр, які працуе па кантракце. А для гэтага трэба было атрымаць вышэйшую адукацыю. Таму я прыехаў у 87 годзе дадому з намерам атрымаць адукацыю ў Беларусі і вярнуцца пад Маскву працаваць. Паступіў на гістфак у педагагічны інстытут.

«Калі людзі выходзілі на плошчу, заняткі ў нас спыняліся: мы разам з выкладчыкамі таксама мітынгавалі»

Калі я вярнуўся, правёў амаль год на падрыхтоўчым; потым у 88 годзе пайшоў на першы курс, і, пакуль я вучыўся, у Беларусі адбыліся такія карэнныя змены… Паступаў я адным чалавекам – камсамольцам; у войску ледзь не ўступіў у партыю… А скончыў універсітэт – зусім іншым.

Новы корпус гістарычнага факультэта БДПУ, «свечка», выходзіў вокнамі на плошчу. І ў гэты час, у 1990 годзе, калі людзі выходзілі, заняткі ў нас спыняліся. Мы разам з выкладчыкамі таксама выскоквалі на плошчу і мітынгавалі. Усё было вельмі ліберальна – у параўнанні з тым, што цяпер. І я, тады глытнуўшы паветра свабоды, дасюль яго адчуваю. Усё было іншае: і выкладчыкі, і студэнты. Мы шмат гаварылі аб усім, што адбываецца. Было шмат свабоды. Так я стаў мяняцца. Тады ж паставіў мэту вывучыць беларускую мову – бо я зусім яе не ведаў. Я ж быў сынам ваеннага, і нас вызвалялі ад гэтых урокаў. Урэшце рэшт я яе вывучыў, хаця цяжка было. Цяпер гэта дзіўным падаецца, але першы час я не мог нават чытаць па-беларуску; я па кожнае слова лез у слоўнік.

У тыя ж часы мы са сваім сябрам ад рукі напісалі антыкамуністычныя ўлёткі і расклейвалі іх на сценах у нашым корпусе.

Педагогам пасля інстытуту я папрацаваў вельмі мала. Заробкі былі такія мізэрныя, што я вымушаны быў сыйсці на «вольныя хлябы».

«І на адным з семінараў пазнаёміўся з Людмілай Ульяшынай. Так я трапіў у BISH»

Потым я атрымаў яшчэ адну адукацыю – юрыдычную, ужо ў прыватным ВНУ ў Менску. І ў 2004 годзе – я не адразу прыйшоў у праваабарону – я пазнаёміўся ў Барысаве з новымі людзьмі. Я заўсёды спачуваў тым, хто адстойваў праўду, але сам гэтым не займаўся, жыў сваім жыццём. Пазнаёміўся з хлопцамі, якія займаліся апазіцыйнай дзейнасцю, мы пасябравалі, я дапамагаў распаўсюджваць улёткі, удзельнічаў у акцыях… І праз пэўны час пачаў камунікаваць з барысаўскімі праваабаронцамі. Праўда, да праваабароны іх дзейнасць мела мала дачынення, гэта было больш вырашэнне лакальных праблемаў у межах палітычных кампаній: праблемы ЖКГ, збор подпісаў… Я дапамагаў назіраць на выбарах… Пасля таго, як я пазнаёміўся з праваабаронцамі, я пачаў супрацоўнічаць з “Вясной”. І на адным з семінараў ад “Вясны” ў Чарнігаве, годзе ў 2007 ці 2008, я сустрэўся з Людмілай Ульяшынай(Людміла Ульяшына – адвакат, доктар права; разам з Барысам Звозскавым, заснавальнікам Беларускага дома правоў чалавека, кіравала навучальным праектам «Міжнародныя стандарты – у нацыянальную практыку» – тут і далей заўв. аўт.) Яна мне расказала пра існаванне навучальнай праграмы ILIA, і сказала, калі ёсць жаданне, падаваць заяўку. Я падумаў: чаму не? Новыя веды – заўсёды добра. Падаў заяўку, і мяне прынялі на курс BISH.

«Мы пастаянна спрачаліся, хто лепш абароніць чалавека: адвакат або праваабаронца?»

Вучыцца было цяжкавата, хоць і цікава. На маім курсе BISH збольшага вучыліся адвакаты. У нас з імі былі антаганістычныя погляды на праваабарону і на абарону чалавека ўвогуле. Мы спрачаліся, напрыклад, з Алегам Агеевым, з якім цяпер вельмі добра сябруем. (Алег Агееў – адвакат, праваабаронца, выпускнік праграмы ILIA). На той час ён яшчэ быў адвакатам – яшчэ не пазбавілі ліцэнзіі. Мы пастаянна з ім спрачаліся, хто лепш абароніць правы людзей: адвакат або праваабаронца? Я памятаю, мы ў кулуарах нават разыгрывалі сцэнцы, якім чынам можа дзейнічаць праваабаронца ў нейкай сітуацыі, і якім чынам – адвакат. Яго падтрымлівалі калегі, якія з намі вучыліся; мяне мала хто падтрымліваў. І гэтыя прыватныя дыскусіі заўсёды выплёскваліся падчас заняткаў. Канфлікты нават пераходзілі на асабісты ўзровень.  Барыс Звозскаўзаўжды спрабаваў гэта разруліваць нейкім чынам. (Барыс Звозскаў – праваабаронца, адзін з заснавальнікаў Беларускага дома правоў чалавека. Цяпер БДПЧ носіць яго імя). Пазней я даведаўся, што ў арганізатараў – а яны вялі дзённікі працэса навучання – спрэчкі паміж праваабаронцамі і адвакатамі нават былі пазначаныя як адна з праблемаў.

Я гаварыў, што праваабаронца больш вольны ў сваіх дзеяннях, бо ён незалежны і ў яго больш магчымасцяў для манёўраў. Не скажу, хто з нас меў рацыю, хто не меў, але час паказаў… Калі мы сканчалі курс, шмат хто з адвакатаў не прыехаў атрымліваць сертыфікаты – бо адбылася Плошча 2010 года, і была небяспека ў тым, што іх таксама пазбавяць ліцэнзій. І хваля рэпрэсій пакацілася далей…

«Выраз «правы чалавека» дагэтуль не перакладзены на рускую і беларускую мовы»

Калісці даўно, на зломе эпох, у адным публіцыстычным матэрыяле я прачытаў выраз амерыканскага палітыка. Потым я шукаў у інтэрнэце, але не знайшоў аўтара. Ён сказаў: “Выраз “правы чалавека” дагэтуль не перакладзены на рускую мову”. Мне тады гэта вельмі засела ў галаву, хоць сэнса я не зразумеў.

Час ад часу, потым, калі я пачаў займацца праваабаронай, я вяртаўся да гэтай фразы. І я ўсё думаю: а што змянілася з тых часоў? Ці перакладзеныя “правы чалавека” на рускую, на беларускую мовы? Я цяпер магу сказаць: пераклад адбыўся, але напаўнення зместам не адбылося. І ў гэтым – вялікая віна дзяржавы. Мы можам казаць пра пасіўнае, аморфнае грамадства – але дзяржава ўзяла на сябе абавязкі, і павінна напаўняць зместам гэты выраз. Тое, што я вывучаў міжнароднае права правоў чалавека на курсе BISH, мне дапамагло напоўніць гэтую фразу сваімі сэнсамі. І гэта заслуга менавіта праграмы, бо міжнароднае права так паглыблена я не меў магчымасці вывучаць больш нідзе.

Пасля таго, як я даведаўся аб правах чалавека, мне дзіка чуць, як нашыя чыноўнікі кажуць аб тым, што такое “правы чалавека” ў іх разуменні. Напрыклад, МУС апублікавала артыкул “Яны не пройдуць”. І цяпер на ўсіх прайдах носяць партрэт Шуневіча, увесь у пацалунках. Мне смешна і горка ад таго, што чалавек такім чынам сябе зганьбіў.

Пэўны час я падпрацоўваў у таварыстве, якое абараняе правы спажыўцоў – дапамагаў скаргі пісаць, і трапіў у Менску на сустрэчу з цяперашнім міністрам юстыцыі. І ён на пачатку сустрэчы заявіў: “Вы – сапраўдныя праваабаронцы! Праваабаронцы – не тыя, хто ляпае языком, а менавіта вы займаецеся абаронай чалавека”. Як можна гаварыць, што людзі, якія абараняюць правы спажыўцоў, абараняюць правы чалавека?

На юрфаку аб правах чалавека не было абсалютна нічога. Але не гэта абурае. У сучаснай беларускай школе справа выкладання правоў чалавека цалкам занядбаная. Ведаю ад жонкі, настаўніцы, што ёсць у школьнай праграме чыста фармальныя гадзіны, прысвечаныя правам чалавека. Яскравы прыклад: калі аб правах чалавека гаварылі ў далёкім Савецкім саюзе, пачыналі са словаў “Мы абавязаныя”. Такі падыход у беларускай школе дагэтуль захаваўся. Дзеці вырастаюць у дарослых людзей – і яны не разумеюць сутнасці правоў чалавека; не ведаюць, што гэта такое і як гэта можна выкарыстоўваць у сваім асабістым жыцці. І гэта – наша грамадства.

«Мне вельмі шкада, што я мала ведаў гэтага чалавека»

Барыс Звозскаў як асоба… Ён быў спакойны, разважлівы і заўсёды ўмеў выслухаць чалавека. Ніколі не выказваў негатыўныя эмоцыі. Мог даць параду, выказаць сваё меркаванне – спакойна. У маім разуменні Барыс Звозскаў – ідэальны праваабаронца. Ёсць праваабаронцы, якія выказваюць такія асабістыя думкі, ад якіх становіцца моташна. Ты думаеш: “Як гэты чалавек займаецца праваабаронай, калі ён кіпіць нянавісцю да людзей?” Калі ты займаешся праваабаронай, ты павінен быць як пастар; ставіцца да людзей з разуменнем.

Памятаю лекцыі Барыса Звозскава аб мірных сходах. Таксама ён распавядаў пра свой досвед станаўлення як праваабаронцы, як ён вучыўся ў Марэка Навіцкага (Марэк Навіцкі – польскі дысідэнт, праваабаронца). Мне вельмі шкада, што я мала ведаў гэтага чалавека. Так супала, што мы з Барысам Звозскавым пазнаёміліся ў 2010 годзе, і ён неўзабаве адыйшоў. Апрача сэсій і навучання, не давялося камунікаваць, хаця гэтага было дастаткова, каб паважаць яго. Я ўдзячны лёсу за тое, што я пазнаёміўся з Барысам Звозскавым. Бо для людзей, якія прыйшлі пасля мяне на праграму,  Барыс Звозскаў – гэта партрэт на сцяне, а я ведаў яго асабіста.

Натуральна, што вучоба паўплывала на маю дзейнасць: і тэматыка пашырылася, і ўсталяваліся сувязі з праваабарончай супольнасцю. Я дагэтуль актыўна ўдзельнічаю ў жыцці BISH – прынамсі, спрабую ездзіць на сустрэчы – я сустракаюся з выпускнікамі майго і іншых курсаў, мне вельмі цікава на гэтых сустрэчах выслухаць людзей, якія дзеляцца сваім досведам; цікавыя і спрэчкі, якія адбываюцца падчас сустрэчаў.

Свабода мірных сходаў. “Я разумею, што мала шанцаў, іх амаль няма… Але я буду працаваць далей”

Я жыву і працую ў Барысаве. Ёсць некалькі вялікіх тэмаў, у якіх я спрабую нешта зварушыць сваімі малымі высілкамі. Па-першае, гэта свабода мірных сходаў: тэма, якая хвалюе мяне і якой я займаюся не першы год. Думаю, у выканкаме не раз пасыпалі попелам галаву з-за Алега Мацкевіча. Пару разоў дакладна я іх рашэнні скасоўваў. Гадоў восем таму дамогся скасавання рашэння аб месцах мірных сходаў у Барысаве: яно не было зарэгістравана ў рэестры, не прайшло экспертызу – і яны вымушаныя былі прымаць новае. Праўда, да дэмакратычных стандартаў свабоды мірных сходаў яно засталося такое ж глухое.

Таксама я дамагаўся скасавання рашэння Барысаўскага выканкама, якое не адпавядае не тое што стандартам, замацаваным у Канстытуцыі, і стандартам, якія ратыфікаваныя Рэспублікай Беларусь у Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах – гэтае рашэнне не адпавядае нават закону аб масавых мерапрыемствах. Я дайшоў да Генеральнай пракуратуры – сем разоў звяртаўся да іх, мне давалі адпіскі і ў рэшце рэшт спынілі са мной ліставанне. Я звярнуўся ў суд, суд адмовіў мне разгляд скаргі. Я абскардзіў рашэнне… Глухая сцяна.

Цяпер я рыхтую праект мясцовага рашэння па свабодзе мірных сходаў. У гэтым мне дапамагалі мае калегі па праваабароне, у прыватнасці, Павел Левінаў. Ён аналагічнае рашэнне рыхтаваў для Віцебскага гарвыканкама, і я хачу такое самае правесці: каб мяне запрасілі на сесію выканкама і там вывучалі мой праект рашэння. Цяпер буду звяртацца ў Барысаўскі выканкам. Я не планую спыняцца. Я разумею, што мала шанцаў, што іх амаль няма. Але я збіраюся працаваць далей.

Сам я падаваў скаргу на парушэнне свабоды мірных сходаў у дачыненні да сябе. Мы са спадарыняй Статкевіч падавалі ў 2007 годзе заяўку на пікет, нам адмовілі, мы судзіліся, і па выніках я напісаў скаргу ў КПЧ ААН. Скарга задаволеная; прызнанае парушэнне дзяржавы. І яшчэ я некалькім асобам дапамагаў пісаць скаргі на тую ж тэму.

Свабода слова

Свабода слова – яшчэ адна тэма, якая мяне цікавіць. Я шчыльна працую з журналістамі, з мясцовымі выданнямі: “Барысаўскія навіны”, сайт экспрэс.бай. Ва ўсіх выпадках парушэння права на доступ да інфармацыі я дапамагаю пісаць скаргі. Дарэчы, не толькі барысаўскія: са мной супрацоўнічае і маладэчанская філія Беларускай асацыяцыі журналістаў, і іншыя рэгіянальныя філіі па Менскай вобласці да мяне звяртаюцца.

Правы людзей з інваліднасцю

Апошнім часам таксама вельмі зацікавіла тэма правоў людзей з інваліднасцю: у гэтым кірунку ў Беларусі магчымыя нейкія зрухі. Нядаўна Беларусь падпісала Канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю. І хоць пратакол да яе не ратыфікаваны, гэта – вялікі крок наперад. Ужо можна імплементаваць гэтыя правы.

Гэта не толькі людзей з інваліднасцю тычыцца, чаму мяне гэтая тэма і цікавіць: інваліднасць можа крануцца любога чалавека. Зламалі нагу, сталі на мыліцу – вы ўжо чалавек з інваліднасцю, часова. Або мама з вазком… Гэта тычыцца ўсіх: сёння ты здаровы, на дзьвюх нагах – а заўтра бардзюр можа стаць для цябе непераадольнай перашкодай.

“У 70-я гады на ўсю дзесяцімільённую Беларусь толькі Міхась Кукабака разумеў, што такое правы чалавека, а цяпер такіх людзей тысячы”

Ёсць вельмі станоўчая тэндэнцыя разумення, што такое правы чалавека. Калі ў 70-я гады на ўсю дзесяцімільённую Беларусь толькі Міхась Кукабака разумеў, што такое правы чалавека, то цяпер такіх людзей ужо тысячы. Гэта сведчыць аб тым, што працэс ідзе, і перапыніць яго немагчыма. Пройдзе дзесяцігоддзе, два дзесяцігоддзі – і тое, што адбываецца ў грамадстве, абавязкова прывядзе да зменаў у дзяржаве.


Чытайце таксама - Таццяна Агеева: «BISH – гэта лепшае, што здарылася са мной пасля пазбаўлення ліцэнзіі»

Партнёрства

Сяброўства