viasna on patreon

Чаму можна не даваць "падпіску аб неразгалошванні": адказваюць Парламент і праваабаронцы

2018 2018-08-30T15:11:58+0300 2018-08-30T15:13:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/podpiska.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь. Фота: sputnik.by

Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь. Фота: sputnik.by

У Беларусі распаўсюджанай з'явай стала адабранне Следчым камітэтам падпісак аб неразгалошванні звестак папярэдняга следства ў падазраваных і абвінавачаных. Як правіла, гэта крымінальныя справы, якія маюць вялікі грамадскі рэзананс, і натуральна выклікаюць цікавасць з боку праваабарончых арганізацый краіны. Трэба адзначыць, што такая заганная практыка носіць сістэматычны характар.

Напрыклад, у 2017 годзе "падпіскі аб неразгалошванні" былі адабраны ў фігурантаў крымінальнай справы "Белага легіёну", у 2015 – па "справе графіцістаў". Па апошняй гучнай "справе БелТА" некаторыя журналісты, якія знаходзіліся ў статусе падазраваных, таксама далі "падпіску аб неразгалошванні" Следчаму камітэту.

Як адзначае праваабаронца "Вясны" Валянцін Стэфановіч, грамадства такім чынам пазбаўляецца інфармацыі, якая магла б сведчыць у тым ліку пра злоўжыванні, дапушчаных органамі папярэдняга следства ў дачыненні да гэтых асоб, а таксама пралівала б святло на сапраўдныя падставы і прычыны пераследу гэтых грамадзян.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" неаднаразова звяртаў увагу, што такія дзеянні службовых асоб Следчага камітэта з'яўляюцца грубым парушэннем працэсуальных правоў абвінавачаных і падазраваных. Гэта з'яўляецца дадатковым накладанне абавязацельстваў, ня устаноўленых дзеючым крымінальна-працэсуальным заканадаўствам, што з'яўляецца незаконным.

На думку Валянціна Стэфановіча, узяцце такога роду падпісак не толькі незаконна, але і акрамя ўсяго носіць форму запалохвання і ціску на асоб, у дачыненні да якіх вядзецца крымінальны працэс, што безумоўна супярэчыць асноўным прынцыпам і задачам вядзення крымінальнага працэсу, дэклараваных Крымінальна-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь .

Паводле апошняга факту незаконнасці адабрання "падпісак аб неразгалошванні" ў фігурантаў «справы БелТА» (М. Золатавай, І. Леўшынай, Т. Каравянковай і П. Быкоўскага) старшыня «Прававой ініцыятывы» Вікторыя Фёдарава звярнулася ў Парламент, Следчы камітэт і Генеральную пракуратуру, каб яны адказалі на два пытанні:

  1. На падставе якіх нормаў заканадаўства ў падазраваных журналістаў былі ўзятыя падпіскі?
  2. Якая адказнасць прадугледжана за разгалашэнне падазраваным дадзеных папярэдняга расследавання?

Следчы па асабліва важных справах галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь А. Сямённік адказаў, што журналісты папярэджаны аб недапушчальнасці выдавання звестак папярэдняга расследавання ў адпаведнасці з дзеючым КПК. Пры гэтым ён не паказаў ні нумар артыкула КПК, які дае права браць з падазраваных падпіску аб неразгалошванні, ні нумар артыкула КК, які ўсталёўвае адказнасць за разгалошванне.

Генеральная пракуратура папросту ўхілілася ад адказу, спаслаўшыся на тое, што праваабаронца не з'яўляецца ўдзельнікам крымінальнага працэсу.

«Апошняя надзея заставалася на Парламент, паколькі па законе ў выпадку выяўлення няяснасцей у змесце нарматыўнага прававога акта, а таксама супярэчнасцей у практыцы яго прымянення менавіта орган які прыняў гэты акт ажыццяўляе афіцыйнае тлумачэнне», – піша «Прававая ініцыятыва».

В. Міхневіч, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па нацыянальнай бяспецы, адназначна ўказаў на тое, што частка 2 артыкула 198 КПК не прымяняецца да падазраваных і абвінавачаных. Іншых артыкулаў пра падпіскі аб неразгалошванні ў КПК няма.

Таксама прадстаўнік Парламента прама адказаў, што КПК не прадугледжвае адабранне падпіскі з папярэджаннем аб адказнасці за разгалошванне дадзеных папярэдняга следства або дазнання ў падазраванага і абвінавачанага.

Гэта ў чарговы раз пацвярджае, што адабранне падпісак аб невыдаванні звестак папярэдняга следства ў падазраваных і абвінавачаных з'яўляецца грубым парушэннем іх правоў. Таму следчыя не могуць ім забараняць што-небудзь выдаваць.

Калі абвінавачваны або падазраваны ўсё ж даў "падпіску аб неразгалошванні", то юрыст ПЦ "Вясна" Павел Сапелка раіць у такім выпадку распаўсюджваць інфармацыю пра сам факт узяцця такой падпіскі, а таксама абскардзіць гэтае працэсуальнае дзеянне следчых вышэйстаячай службовай асобе або ў пракуратуру.

Чытаць па тэме:

«Маўчаць, я сказаў!», Ці што такое «падпіска аб неразгалошванні»?

Маўчанне ягнятаў: пра разгалошванне якой інфармацыі па “справе графіцістаў” баіцца Следчы камітэт?

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства