viasna on patreon

Прысуд па “справе прафсаюзаў”: абмежаванне волі на 4 гады без канфіскацыі і затрыманні Фота Відэа Дапоўнена

2018 2018-08-24T08:20:11+0300 2018-08-24T14:40:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/fedunich-komlik-33.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік перад судом. Фота: ПЦ "Вясна".

Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік перад судом. Фота: ПЦ "Вясна".

У 12 гадзін дня 24 жніўня суд Савецкага раёна Мінска вынесе прысуд па крымінальнай справе старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП Ігара Комліка.  

Ім прад’яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

Следства па справе доўжылася практычна год: з 2 жніўня 2017 года. Судовыя слуханні пачаліся 30 ліпеня. Працэс вядзе суддзя Марына Фёдарава.

Што запрасіў бок абвінавачвання?

Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку пракурор просіць вынесці пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 5 гадоў без накіравання ў установы адкрытага тыпу, з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займаць кіруючыя пасады на 5 год. Ігару Комліку пры гэтым залічыць у тэрмін адбыцця пакарання знаходжанне пад следствам у СІЗА. Меру стрымання (падпіска аб нявыездзе) пакінуць ранейшымі.
Дом у вёсцы Сухадолы прокурорка просіць лічыць уласнасцю Фядыніча і пакінуць яго пад арыштам, а кватэру Фядыніча вызваліць з-пад арышту, паколькі там пражывае яго сям'я.

Што думаюць пра крымінальную справу і сённяшні прысуд Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік?

Перад абвяшчэннем прысуду кіраўнікам прафсаюза Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку каля 50-ці актывістаў прафсаюза РЭП і грамадзкіх рухаў аднеслі ў Адміністрацыю прэзідэнта зварот да кіраўніка дзяржавы, у ім яны просяць спыніць справу ў дачыненні да кіраўнікоў прафсаюза, паведамляе tut.by.

 Каля Адміністрацыяй прэзідэнта. Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

Задоўгу да пачатку судовага працэсу каля будынку Дома правасуддзя і на калідорах суда пачалі збірацца жадаючыя патрапіць на працэс: палітыкі, прафсаюзныя і грамадскія актывісты, праваабаронцы і журналісты. Прысутнічае таксама камандзір мінскага АМАПа Дзмітрый Балаба. Судовая зала запоўненая, а людзі ўсё яшчэ падыходзяць.

Перад пачаткам абвяшчэння прысуду па

Перад пачаткам абвяшчэння прысуду па

 Перад пачаткам абвяшчэння прысуду па

Журналісты перад пачаткам абвяшчэння прысуду па

У залі з'явіліся Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік. Прысутныя на судзе сустракаюць іх апладысментамі. У залі - больш за 50 чалавек.

Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік. Фота: ПЦ

Людзі патрабуюць не зачыняць дзверы ў памяшканне, паколькі шмат людзей засталося на калідоры. Суддзя забараніла весці фотаздымкі пад час працэсу, паколькі хадайніцтва не падтрымаў пракурор.

Перад пачаткам абвяшчэння прысуду па

Суд пастанавіў:

Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка прызнаць вінаватымі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і вынесці пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 4 гады без накіравання ў установы адкрытага тыпу, без канфіскацыі  маёмасці і забаронай займаць кіруючыя пасады на 5 год.

Спагнаць з абвінавачаных 47 560 рублёў і дзяржаўную мыту..., а таксама судовыя выдаткі ў памеры 1400 рублёў.  Арышт на кватэры, зямельны ўчастак і аўтамабілі адмяніць.

У судзе скандуюць: "Ганьба!"

 Пасля абвяшчэння прысуду Фядынічу і Комліку. Фота: ПЦ

Затрыманні каля Дома правасуддзя: у РАУС павезлі 8 актывістаў

Каля Дома правасуддзя АМАПаўцы затрымліваюць актыўных пікетоўцаў. На фота бачны Алесь Абрамовіч.  Сярод затрыманых – Вольга Нікалайчык, Леанід Кулакоў, Мая Наумава, Уладзімір Неўмяржыцкі, актывіст прафсаюза РЭП з Берасця Павел Мрочка, актывіст РЭП з Бабруйска Аляксандр Чмыхаў. Вядома, што некаторыя з затрыманых знаходзяцца ў Маскоўскім РУУСе.

Затрыманні каля Дома Правасуддзя. Фота: ПЦ

Праваабаронца Алесь Бяляцкі перадае, што сярод затрыміных таксама актывіст "Еўрапейскай Беларусі" Максім Вінярскі і палітык Мікалай Статкевіч.

Папярэдні спіс затрыманых 24 жніўня каля Дома правасуддзя

 1. Алесь Абрамовіч;

2. Вольга Нікалайчык;

3. Леанід Кулакоў;

4. Мая Наумава;

5. Уладзімір Неўмяржыцкі;

6. Павел Мрочка;

7. Аляксандр Чмыхаў;

8. Максім Вінярскі;

9. Мікола Статкевіч;

10. Тамара Зайцава

11. Андрэй Хрэнкоў

 Затрыманні каля Дома Правасуддзя. Фота: ПЦ

Як адбываўся судовы працэс?

Падрабязна аб тым, што адбывалася на судзе ў першы дзень.  

Падрабязна аб тым, што адбывалася на судзе ў другі дзень.  

Суд па “справе прафсаюзаў”: допыт сведак і праслухоўванне тэлефонаў.

Суд па “справе прафсаюзаў”: што не сказаў супрацоўнік ДФР? 

Суд па “справе прафсаюзаў”: непераканаўчая доказная база і палова тома ананімак 

Суд па "справе прафсаюзаў": што пачуем у панядзелак?

Суд па “справе прафсаюзаў”: пра афіцыйныя запыты Літве, Швецыі, Даніі 

Суд па “справе прафсаюзаў”: паўторны выклік сведкаў і таямнічы буран 

Суд па “справе прафсаюзаў”: допыт Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка

Пракурор па "справе прафсаюзаў": "Спагнаць з Фядыніча і Комліка 22 867.10 рублёў" 

Суд па “справе прафсаюзаў”: суддзя бярэ тайм-аут

“Справа прафсаюзаў”: працяг праслушкі і вынікі пракурорскай праверкі 

Суд па “справе прафсаюзаў”: пракурорка запрасіла па 5 год "хатняй хіміі". Прысуд - праз тыдзень 


Генадзь Фядыніч быў затрыманы 2 жніўня 2017 года. На яго кватэры і па месцы працы адбыліся ператрусы, канфіскаваныя носьбіты інфармацыі, дакументы. На офіс арганізацыі накладзены арышт.  Пазней Фядыніч быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе за межы краіны.

Крымінальная справа таксама ўзбуджаная ў дачыненні да Ігара Комліка, галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП. Супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь правялі ператрусы дома ў Ігара Комліка, Генадзя Фядыніча і Наталлі Пічужкінай, а таксама ў офісе прафсаюза РЭП і цэнтральным офісе Беларускага незалежнага прафсаюза ў Салігорску. Канфіскаваныя камп’ютарная тэхніка і фінансавыя дакументы.

Паводле афіцыйнай інфармацыі  Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь у ходзе праверкі ў межах узбуджанай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў».

Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня 2017 году па 2 кастрычніка 2017 году. Яго таксама вызвалілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.

Па інфармацыі, якую распаўсюдзіў Следчы камітэт, Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік мелі рахунак у Літве, у 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 тысяч еўра.

Паводле разліку Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, сума нявыплачаных падаткаў склала 22.867,1 рубля.

Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці.

        Што вядома па “Справе прафсаюзаў”? 

  • Следства доўжылася амаль год. Яго працягвалі некалькі разоў: 13 снежня 2017 года, 2 лютага і 2 траўня 2018 года. Мяняўся і павялічваўся склад следчай групы.
  • За гэты час былі дапытаныя больш за 800 сябраў незалежнага прафсаюза РЭП.
  • Крымінальная справа налічвае 11 тамоў.
  • 8 траўня Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку прад'яўленае канчатковае абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса РБ). 

У падтрымку лідэраў прафсаюза РЭП выступілі з сумеснай заявай шэраг беларускіх праваабарончых арганізацый, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў,  іншыя міжнародныя і нацыянальныя арганізацыі.

Варта адзначыць, што аналагічная крымінальная справа была ўзбуджаная ў 2011 годзе ў дачыненні да старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага, што адназначна было расцэнена праваабарончай і міжнароднай супольнасцю як пераслед за яго шматгадовую праваабарончую дзейнасць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства