Назіральнік IndustriALL: "Справа прафсаюза з самага пачатку і да канца сфабрыкаваная"

2018 2018-08-14T12:27:54+0300 2018-08-14T12:33:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prafsajyz-sud-13-08-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Тамаз Далаберыдзэ, прадстаўнік глабальнага саюза IndustriALL

Тамаз Далаберыдзэ, прадстаўнік глабальнага саюза IndustriALL

Судовы працэс над лідарамі Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзем Фядынічам і Ігарам Комлікам цягнецца ўжо трэці тыдзень запар.

За кожным судовым пасяджэннем назіраюць прадстаўнікі глабальнага саюза IndustriALL, сяброўскай арганізацыяй якой з’яўляецца прафсаюз РЭП.

На судзе 13 жніўня прысутнічаў старшыня прафесіянальнага саюза работнікаў металургічнай, горнай і хімічнай прамысловасці Грузіі, назіральнік глабальнага саюза IndustriALL Тамаз Далаберыдзэ.

Прадстаўнік глабальнага саюза IndustriALL пракаментаваў праваабарончаму цэнтру “Вясна” судовае паседжанне, на якім яму давялося пабываць:

“Вось зараз я быў на судовым працэсе і нічога асаблівага там наконт абвінавачванняў і наконт самой справы я не пачуў ні з боку абвінавачвання, ні з боку суддзі. Таму я лічу, што ўсё гэта прыдумалі для паралізавання дзейнасці прафсаюза. І гэта вельмі трывожна, бо быццам бы ўлады хочуць сфармаваць грамадскую думку ў жаданым для іх накірунку, але трывожна яшчэ і тое, што для гэтых мэтаў выкарыстоўваць суд. І ўсё гэты будзе адмоўна ўплываць на палітычныя працэсы ў краіне”.

Старшыня прафесіянальнага саюза работнікаў металургічнай, горнай і хімічнай прамысловасці Грузіі Тамаз Далаберыдзэ дзеліцца, наколькі важна ажыццяўляць міжнароднае назіранне за гэтым судовым працэсам:

“IndustriALL лічыць, што судовы працэс, які праводзіцца ў дачыненні да прафсаюза РЭП мусіць праводзіцца пад міжнародным назіраннем (кантролем). Мы назіраем за гэтай справай з самага пачатку следчых дзеянняў, і відавочна, што справа “шытая белымі ніткамі”. Такое адчуванне, што яны “шукаюць чорнага ката ў чорным пакоі”, але гэтага ката ў гэтым пакоі няма. Ёсць верагоднасць, што людзей прызнаюць вінаватымі ў тым, чаго яны ніколі не рабілі”.

Тамаз Далаберыдзэ, узгадваючы судовы досвед Грузіі, лічыць, што “справа прафсаюзаў” сфабрыкаваная:

“У нас у Грузіі судовыя працэсы ў працоўнай сферы ідуць у асноўным па такіх справах: кагосьці звольнілі з працы незаконна, на кагосьці ціснулі, кагосьці “разагналі”, арыштавалі, але ж такога я ніколі не бачыў у нас. На гэтым працэсе то пракурор, то суддзя называюць розныя лічбы з дакументаў і самі не разумеюць, што гэта за лічбы. Гэта руціна з бухгалтэрыі, штодзённая праца бухгалтэрыі прафсаюза, нічога там асаблівага няма.
Я спадзяюся на лепшую будучыню, але гэты судовы працэс з самага пачату і да канца сфабрыкаваны”.

Чытаць па тэме:

Назіральнік глабальнага саюза IndustriALL, сябра прэзідыума Незалежнага прафсаюза гарнякоў Украіны (НПГУ) Сяргей Паўлаў:  "Справа прафсаюза шытая белымі ніткамі".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства