Выкананне смяротных прысудаў Гершанкову і Беражному часова прыпынена

2018 2018-06-14T13:38:06+0300 2018-06-14T13:55:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/smiarotnae-ryeltary-2017-12-18-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Разгляд апеляцый па справе "чорных рыэлтараў" у Вярхоўным судзе 18 снежня 2017 года.

Разгляд апеляцый па справе "чорных рыэлтараў" у Вярхоўным судзе 18 снежня 2017 года.

Намеснік старшыні Вярхоўнага суда прыпыніў выкананне смяротных прысудаў ў адносінах да Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога на час разгляду іх наглядных скаргаў. Пра гэта праваабаронцам стала вядома ад сваякоў асуджаных да вышэйшай меры.

Гэта сапраўдны шанец захаваць жыццё ці звычайная фармальнасць? Каментуе юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Павел Сапелка.

Павел Сапелка.

"Наглядная скарга для любога асуджанага – гэта заўсёды шанец для таго, каб прысуд быў зменены. Але калі гэта смяротны прысуд, то, безумоўна, кожны такі шанец можа быць апошнім. І калі мы даведваемся, што выкананне смяротнага прысуда прыпынена, гэта значыць, што чалавек, як мінімум, на перыяд разгляду нагляднай скаргі і прыняцця па ёй рашэння застанецца жывым. Таму такія звесткі вельмі важныя і гэта можна расцэньваць станоўча, што такі шанец у асуджаных з’явіўся".

Тэрмін разгляду нагляднай скаргі – месяц з моманту яе паступлення да службовай асобы. Гэта значыць, што цягам наступнага месяца прысуд у адносінах да Гершанкова і Беражнога не будзе прыведзены ў выкананне.


Па прысудзе Магілёўскага абласнога суда 21 ліпеня Сямён Беражной, а таксама муж і жонка Ігар і Таццяна Гершанковы абвінавачваліся ў здзяйсненні забойстваў і падрыхтоўцы да здзяйснення забойстваў, выкраданні чалавека і падрыхтоўцы да выкрадання, а таксама ў махлярстве, разбоі, вымагальніцтве, крадзяжы або знішчэнні дакументаў. Таццяну Гершанкову дадаткова абвінавацілі ў незаконным абароце наркотыкаў або псіхатропаў. Судом было ўстаноўлена, што злачынная група агулам зарабіла на махінацыях з чужым жыллём больш за 2 мільярды недамінаваных рублёў.

Удзельнікам злачыннай групоўкі былі вынесеныя наступныя прысуды: Ігару Гершанкову – вышэйшая мера пакарання - растрэл; Сямёну Беражнову – вышэйшая мера пакарання -  растрэл; Таццяне Гершанковай – 24 гады турмы з канфіскацыя маёмасці; Барысу Калеснікаву – 22 гады і 1 месяц калоніі строгага рэжыму.

20 снежня 2017 года Калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі вынесла рашэнне па апеляцыйных скаргах двух фігурантаў так званай справы магілёўскіх «чорных рыэлтараў»: Ігара Гершанкова і Барыса Калеснікава: прысуд Магілёўскага абласнога суда ад 21 ліпеня пакінуць у сіле, а скаргі без задавальнення.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства