viasna on patreon

Лідэрам прафсаюза РЭП Фядынічу і Комліку прад'яўлена канчатковае абвінавачанне

2018 2018-05-10T13:56:32+0300 2018-05-10T14:53:05+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/komlik_fiadynich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Комлік і Генадзь Фядыніч

Ігар Комлік і Генадзь Фядыніч

8 траўня лідэрам Беларускага прафсаюза РЭП Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку прад'яўленае канчатковае абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса РБ). 

 - Нас абвінавачваюць па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса - ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Следства прыйшло да высновы: я і Комлік вінаватыя ў тым, што па выніках 2011 года прафсаюз РЭП не заплацiў ў дзяржбюджэт падаткі на суму 22 тысячы 867 рублёў 10 капеек (з улікам дэнамінацыі). Вінаватым сябе не прызнаю і не прызнаю ніколі. Лічу, што справа палітычна матываванае, галоўная мэта якога - аказаць ціск на мяне як на лідэра прафсаюза, на прафсаюз РЭП і на незалежны прафсаюзны рух у цэлым, - заявіў лідэр прафсаюза РЭП сайту praca-by.info.

Следства ўказвае, што крымінальны пераслед неўстаноўленых асоб па крымінальнай справе спынены 7 мая 2018 года, так як такіх асоб і не аказалася.

- Следчыя правялі сотні допытаў па ўсёй краіне. Відавочна, што ў выніку допытаў следства прыйшло да высновы, што ў дзеяннях апытаных асоб складу злачынства няма. Абвінавачанымі застаюцца толькі Фядыніч і Комлік, - падкрэсліў Генадзь Фядыніч.

Лідэрам прафсаюза РЭП падалі месяц на азнаямленне з матэрыяламі справы, пасля чаго крымінальная справа будзе накіравана ў суд.

 - На працягу месяца мы павінны азнаёміцца ​​з матэрыяламі справы (каля дзесяці тамоў). Я па-ранейшаму застаюся пад падпіскай аб нявыездзе, а таму мой удзел у Міжнароднай канферэнцыі працы, якая адбудзецца 29 мая - 4 чэрвеня ў Жэневе, пад пытаннем, - адзначыў лідэр прафсаюза РЭП.

17-19 красавіка Беларусь наведала сумесная місія Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў і Глабальнага саюза IndustriAll. Місія выказала беларускаму ўраду заклапочанасць пераследам незалежных прафсаюзаў і парушэньнямі правоў працоўных у Беларусі. Асобным пытаннем на перамовах абмяркоўвалася крымінальная справа ў дачыненні да лідэраў РЭП. Намеснік генеральнага сакратара Глабальнага саюза IndustriAll Кемаль Озкана заявіў, што місія запатрабавала ад беларускага ўраду спыніць крымінальны перасьлед лідэраў РЭП.

2 жніўня 2017 года ў цэнтральным офісе Беларускага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК па Мінску правёў ператрус, аналагічны ператрус праведзены ў Салігорску ў офісе Незалежнага прафсаюза гарнякоў. Лідэраў РЭП абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.

Ігар Комлік два месяцы правёў за кратамі, вечарам 2 кастрычніка 2017 года яго вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе.

Папярэдняе расследаванне крымінальнай справы некалькі разоў прадаўжалася - апошні тэрмін скончыўся 1 мая. Канчатковае абвінавачванне лідэрам РЭП прад'яўлена 8 траўня.

"Праваабарончая супольнасць настойвала  і настойвае на спыненні крымінальнага пераследу актывістаў незалежнага прафсаюза. Наша ацэнка не змянілася, мы па-ранейшаму лічым справу палітычна матываванай, узбуджанай у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды асацыяцый, а таксама актыўнай дзейнасцю прафсаюза РЭП па абароне сацыяльных і палітычных правоў грамадзян Беларусі", - каментуе прад'яўленне абвінавачання сябра Рады ПЦ «Вясна” Валянцін Стэфановіч.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства