viasna on patreon

Афіцыйная дэлегацыя праігнаравала большую частку пытанняў Камітэта супраць катаванняў Відэа

2018 2018-05-08T11:43:26+0300 2018-05-10T07:54:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/office_delegation.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пасля прадстаўлення афіцыйнага дакладу па прадухіленні катаванняў і іншых відаў жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання або пакарання ў Камітэце супраць катаванняў ААН беларускай дэлегацыі членамі Камітэта быў зададзены шэраг пытанняў.

Праз некалькі дзён - 30 красавіка - прадстаўнікі Беларусі як маглі адказвалі на іх.

Так начальнік упраўлення заканадаўства аб нацыянальнай бяспецы і праваахоўнай дзейнасці нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Шырын запэўніў Камітэт аб поўнай дэкрыміналізацыі артыкула за незаконную арганізацыю дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонда альбо ўдзелу ў іх дзейнасці ў хуткім часе, а таксама распавёў пра розныя магчымасці адвакатуры быць незалежнай.

Пастаянны прадстаўнік па Беларусі пры аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях і кіраўнік дэлегацыі Юрый Амбразевіч адказаў на пытанні Камітэта датычна не запрашэння ў Беларусь спецыяльных дакладчыкаў ААН, рашэння па індывідуальным звароце ў КПЧ экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава і прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі.

Затым Юрый Амбразевіч прапанаваў членам Камітэта задаць удакладняючыя пытанні, каб прадстаўнікі афіцыйнай дэлегацыі маглі сканцэнтравацца на канкрэтных адказах у застаўшыйся час. Аднак, на большую частку пастаўленых пытанняў перад дзяржавай-удзельніцай яшчэ на стадыі прадастаўлення дакладу, члены дэлегацыі так і не адказалі.

Прадстаўнікі Камітэта вымушаныя былі паўтарыць свае пытанні зноў.

Так, Ана Раку звярнула ўвагу дэлегацыі, што так і не быў дадзены адказ на пытанне аб статусе крыміналізацыі "катавання", які ахоплівае ўсе элементы, што змяшчаюцца ў арт. 1 Канвенцыі супраць катаванняў, а таксама злачынствы, звязаныя з катаваннямі, што караюцца з улікам іх цяжкага характару, у адпаведнасці з арт. 4 Канвенцыі.

«Вы не адказалі на пытанне аб мерах ці дзеяннях з лістапада 2011 года па публічным асуджэнні прымянення катаванняў, каб перадаць вельмі яснае пасланне грамадскасці ў цэлым аб тым, што вінаватыя і саўдзельнікі будуць прыцягнуты да адказнасці і пакараныя», - адзначыла Ана Раку.

Таксама яна паўтарыла пытанні датычныя магчымасці членаў грамадскіх назіральных камісій інтэрв'юяваць асуджаных канфідэнцыйна, здзяйсняць фота- і відэаздымку сваіх наведванняў, публікаваць даклады і прадастаўляць ясныя рэкамендацыі канкрэтным месцам пазбаўлення волі, уключаючы псіхіятрычныя ўстановы; запрасіла інфармацыю аб колькасці асобаў, якія ўтрымліваюцца ў ЛПП, і апошніх мерах па рашэнні пытання з ЛПП аж да ліквідацыі такіх устаноў.

Таксама яна паказала, што беларуская дэлегацыя не дала належных адказаў па тых мерах, якія дзяржава мае намер распачаць для зніжэння ўзроўню гвалту паміж вязьнямі, уключаючы інцыдэнты сэксуальнага гвалту, і мерах для скарачэння ўплыву крымінальных лідэраў у турмах. Камітэт хацеў даведацца, што было прадпрынята дзяржавай для прадухілення смерці ва ўмовах зняволення і выніках расследаванняў смерцяў у пенітэнцыярных установах, а таксама як беларускі бок можа растлумачыць значнае адрозненне паміж колькасцю скаргаў па падазроных смерцях і колькасцю пачатых расследаванняў, якая значна менш.

«Ваша дэлегацыя не адказала на пытанні, звязаныя з тым, якое становішча асобаў, што чакаюць смяротнага пакарання. Камітэт хацеў бы атрымаць дадатковую інфармацыю па мерах, якія былі зроблены для таго, каб палепшыць умовы асобаў, асуджаных да смяротнага пакарання. Мы таксама раней задавалі пытанне: якая дакладная колькасць такіх асобаў?», - запытала Ана Раку.

Намесніца Старшыні Камітэта Феліс Геер адзначыла, што было атрымана дастаткова шмат адказаў ад беларускай дэлегацыі, але яны вельмі блізкія да тэксту першапачатковага дакладу дзяржавы-ўдзельніцы.

«Інфармацыя, якая ў нас ёсць, паказвае на тое, што існуюць праблемы з незалежнасцю механізму расследавання фактаў катаванняў і палітыка па садзейнічанні расследавання катаванняў, напрыклад, часовае зняцце з пасады тых ці іншых асобаў, не была ажыццёўлена на практыцы», - падкрэсліла яна.

Сярод іншых пытанняў, Феліс Геер прасіла афіцыйную дэлегацыю ўсё ж пракаментаваць сітуацыю з палітвязнямі Міхаілам Жамчужным і Дзмітрыем Паліенкам, а таксама расказаць, ці распачала дзяржава якія-небудзь крокі па рэкамендацыях камітэта па правах чалавека па справе Алеся Бяляцкага і рэгістрацыі Праваабарончага цэнтра "Вясна".

Начальнік спецаддзела Дэпартамента выканання пакаранняў Жанна Батурыцкая ў адказах на пытанні Камітэта адзначыла, што наведваць месцы несвабоды могуць не толькі члены ГНК, але і іншыя грамадскія і рэлігійныя арганізацыі, а Міхаіл Жамчужны і Дзмітрый Паліенка накіраваныя ў калоніі па прысудах судоў, адміністрацыі калоній не парушаюць іх правы.

На заканчэнне кіраўнік дэлегацыі ўсё ж такі спыніўся на пытанні аб становішчы праваабаронцаў у Беларусі і іх дзейнасці, адзначыўшы, што няма ніякіх падставаў прафілявання якой-небудзь асобнай дзейнасці і прызнання прывілеяў для людзей, якія займаюцца абаронай правоў іншых.

Нагадаем, з 23 красавіка па 18 траўня ў Жэневе (Швейцарыя) праходзіла 63 сесія Камітэта супраць катаванняў ААН, удзел у якой прынялі прадстаўнікі ўлады і праваабаронцы, якія прадставілі свае афіцыйны і альтэрнатыўны даклады адпаведна.

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка, старшыня РГА "Прававая ініцыятыва" Вікторыя Фёдарава, старшыня Беларускага дакументацыйнага цэнтра Раіса Міхайлоўская і сябра Беларускага Хельсінкскага камітэта Павел Левінаў распавялі Камітэту аб тых неабходных зменах у краіне, якія б прывялі да паляпшэння сітуацыі з катаваннямі і іншымі відамі жорсткага абыходжання.

Чытайце таксама: Што такое «катаванне», як працуе Камітэт супраць катаванняў і навошта ўсё гэта трэба Беларусі?

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства