Cледства па “справе прафсаюзаў” працягваецца
1 мая заканчваўся тэрмін папярэдняга папярэдняга расследвання па гучнай крымінальнай “справе прафсаюзаў”, але шанцаў на тое, што яна будзе закрыта альбо прыпынена, было вельмі мала.
“Улічваючы, што нам ніхто не паведамляў пра спыненне справы, відавочна, што яна працягнута”, – распавёў сайту palitviazni.info бухгалтар прафсаюза РЭП Ігар Комлік.
Нагадаем, што Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня 2017 году ў межах крымінальнай справы, узбуджанай супраць яго і старшыні прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча па ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса РБ (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).
Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да 7 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Паводле афіцыйнай інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі, у ходзе праверкі ў межах узбуджанай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў».
2 кастрычніка Ігар Комлік быў вызвалены з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе, але расследаванне ідзе да гэтага часу.
“Магчыма, расследванне ізноў працягнулі на 3 месяцы, – кажа Ігар Комлік. – Калі гэта так, то акурат да гадавіны з таго дня, калі была распачата справа. Але асабіста мне пра тэрміны расследвання ніхто не паведамляў, хаця не так даўно нас з Фядынічам выклікалі да следчых, каб паставіць у вядомасць, што следчая група пашырана да васьмі чалавек. Але ж відавочна, што групу пашыралі не для таго, каб хутчэй закрыць справу”.
Генадзь Фядыніч не можа спрагназаваць, наколькі можа зацягнуцца справа.
“Яе могуць зацягваць як мага больш, а могуць у нейкі момант і прыпыніць, – лічыць лідар прафсаюза РЭП. – Тут усё непрадказальна. І, як мне падаецца, ад следчых тут мала што залежыць. Гэта палітычна матываваная справа, і пра тое ведае ўжо ўвесь свет”.
Не так даўно ў Мінск прыязджала прадстаўнічая дэлегацыя міжнародных прафсаюзаў, якая ў тым ліку сустракалася і з прадстаўнікамі беларускай улады. Натуральна, уздымалася і тэма “справы прафсаюзаў”.
“У хуткім часе будзе сесія Міжнароднай арганізацыі працы і, безумоўна, міжнародныя прафсаюзы маюць свае рычагі ўплыву на беларускі ўрад, – дадае Фядыніч. – Нельга сёння рабіць выгляд, што ў нас усё добра, калі ў дачыненні да незалежных прафсаюзаў ідзе такі ціск. Калі ўлады збіраюцца супрацоўнічаць з Еўрасаюзам, то трэба рабіць высновы. Зрэшты, у нашым прафсаюзе шмат сяброў, якія працягнуць працу ў любым выпадку. Таму што мы патрэбны людзям”.