Вячаслаў Сіўчык: “Упершыню ў жыцці забралі крыжык і не прынялі ад родных перадачу” Аўдыё
За некалькі дзён да Дня Волі ў Мінску затрымалі палітычных актывістаў, якія планавалі правесці ў той дзень святочнае шэсце, а ўвечары 25 сакавіка іх нечакана для ўсіх адпусцілі на волю. Адзін з затрыманых, актывіст Руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык распавёў сайту ПЦ “Вясна” пра тое, што з ім адбывалася з моманту затрымання да моманту вызвалення ўвечары 25 сакавіка.
Затрымлівала Сіўчыка спецыяльная група людзей у цывільным на ўжо стаўшым класічным “сінім бусіку”. Адзін з супрацоўнікаў паказаў пасведчанне з прозвішчам Цюрын і папрасіў актывіста паследаваць за імі ў машыну. Прычын затрымання не патлумачылі. Як толькі яго прывезлі ў РУУС, Сіўчыку сказалі, што ён арыштаваны на пяць сутак, якія яму прысудзілі яшчэ мінулай восенню.
“Падчас афармлення рэчаў у РУУС канваір звярнуў увагу на мой нацельны крыжык. Я адмовіўся яго здымаць, бо ён нікому нічым не можа перашкаджаць. Тады міліцыянт проста зрэзаў яго з маёй шыі. З далёкага 1996 года, колькі б мяне не затрымлівалі, у мяне заўсёды ўзнікаюць праблемы з міліцыянтамі наконт майго крыжыка. Аднак у большасці выпадкаў я дамагаўся таго, каб яго не чапалі, ну і толькі два разы да сёлетняга выпадку яго зразалі. Але нават ў тых двух выключных выпадках перад тым, як змясціць мяне ў камеру, мне яго ўсё роўна вярталі, бо нацельныя крыжыкі дакладна не забароненыя ў ЦІПе.
І таму я быў непрыемна здзіўлены, калі гэтым разам ужо на Акрэсціна, куды мяне дарэчы вельмі хутка перавезлі, крыжык не прапусцілі наверх. Вярнулі мне яго, толькі калі выпускалі на волю. Такое здарылася ўпершыню ў маім жыцці”.
Вячаслаў Сіўчык распавёў, што ў большасці сваёй гэты пяцісуткавы арышт быў падобны на ягоныя арышты папярэднія. Так, як і раней супрацоўнікі ізалятара не былі зацікаўленыя ў тым, каб адміністрацыйна арыштаваныя пісалі заявы і скаргі, да і ўвогуле тым, каб яны хоць што-небудзь пісалі.
“Мне не далі магчымасці напісаць заяву пра тое, што я трымаю галадоўку, ні пры афармленні папер перад паступленнем у ЦІП, ні падчас знаходжання ў самім ізалятары. Чаго толькі не казалі, калі я ў камеры прасіў даць мне паперу і асадку! Нават тое, што ў іх грошай няма закупіць адпаведныя прадметы. У выніку за пяць дзён я так і не змог ні з каго там выбіць асадку”.
Але быў яшчэ адзін непрыемны факт, з якім актывіст сустрэўся ўпершыню - яму адмовіліся перадаваць перадачу. Супрацоўнікі ЦІП паведамілі родным, што Вячаслаў сам адмовіўся ад яе, бо трымае галадоўку. Аднак, па словах Сіўчыка, гэта была хлусня. Ён лічыць гэта дадатковым ціскам на сябе.
Слухайце поўны аповед Вячаслава Сіўчыка пра ўтрыманне за кратамі.