Віцебскі абласны суд не задаволіў скаргі незалежных журналістаў
31 студзеня Віцебскім абласным судом разглядаліся адразу дзве скаргі незалежных журналістаў – Таццяны Смоткінай і Змітра Лупача. У выніку разгляду рашэнні раённых судоў, якія пакаралі журналістаў штрафаў, пакінутыя без зменаў, паведамляе "Віцебская Вясна".
Журналісты былі асуджаныя Докшыцкім і Пастаўскім раённымі судамі паводле ч. 2 артыкулу 22.9 КаАП за нібыта працу без акрэдытацыі на тэлеканал "Белсат". Прычым Зміцер быў пакараны абодвума згаданымі судамі: 27 снежня 2017 году Докшыцкі суд прысудзіў яму 40 базавых велічынь штрафу, а 9 студзеня 2018 году Пастаўскі – 25. Таццяне "пашанцавала" больш – ёй Докшыцкі суд прызначыў пакараньне ў 25 базавых.
Падставай для разгляду першай справы ў Докшыцкім райсудзе стаў сюжэт пра адсутнасць прыпынку нядаўна пушчанага экспрэс-цягніка Мінск – Полацак на станцыі Параф'янава, паказаны на "Белсаце". У сюжэце распавядалася пра збор мясцовымі жыхарамі подпісаў за захаваньне прыпынку. Хоць у кадры ні Зміцер, ні Таццяна не прысутнічаюць, але, суд палічыў іх вінаватымі ў працы без акрэдытацыі на тэлеканале.
Нагоду для судовага разбору па другой справе даў матэрыял пра праблемы ў сельскай гаспадарцы ў раёне і дэфіцыт угнаенняў.
Смалякова Ірына Васільеўна і Іванова Святлана Пятроўна, суддзі абласнога суду, якія вялі працэсы паасобку, падышлі да разгляду справаў чыста фармальна. Яны нічога не сталі зачытваць з матэрыялаў адміністрацыйных спраў, а толькі агучылі загадзя падрыхтаваныя рашэнні.
Саміх журналістаў, супраць якіх былі вынесеныя рашэнні, на судзе не было. Менавіта ў гэты дзень у Докшыцкім раённым судзе разглядалася чарговая падобная справа супраць Змітра Лупача.
На думку журналістаў, такія справы ёсць нічым іншым, як спробай прыдушыць свабоду слова ў Беларусі (нагадаем, што толькі за 2017 год па абвінавачаннях у працы без акрэдытацыі Змітра Лупача суд штрафаваў 4 разы, а Таццяну Смоткіну двойчы). І блакіроўка "Хартыі-97" добра кладзецца ў гэты трэнд.
У прыватнасці, Павал Левінаў, віцебскі праваабаронца і журналіст, заявіў суддзі, што і ён з'яўляецца пацярпелым па гэтай справе. І затым растлумачыў прысутным, што адміністрацыйныя справы супраць незалежных журналістаў абмяжоўваюць яго права на атрыманьне свабоднай інфармацыі, а значыць, ён ёсць пацярпелы. Як, зрэшты, і ўсе грамадзяне Беларусі.
Але абласны суд не скасаваў рашэнняў Докшыцкага і Пастаўскага раённых судоў і пакінуў скаргі журналістаў нездаволенымі.