viasna on patreon

Пры паўторным разглядзе суд змяніў сваё рашэнне і вынес два смяротныя прысуды

2018 2018-01-20T15:14:35+0300 2018-01-20T16:27:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prysudy_smiarotnikam.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
На лаве падсудных Вячаслаў Сухарко, Аляксандр Жыльнікаў і Аліна Шульганава. Фота ПЦ "Вясна"

На лаве падсудных Вячаслаў Сухарко, Аляксандр Жыльнікаў і Аліна Шульганава. Фота ПЦ "Вясна"

Мінскі гарадскі суд на паўторным працэсе 20 студзеня абвесціў прыгаворы абвінавачаным у забойстве ў снежні 2015 года маладой пары з Мінску і мужчыны з Калодзішчаў: для Вячаслава Сухарко і Аляксандра Жыльнікава - смяротнае пакаранне, для Аліны Шульганавай - 12 гадоў пазбаўлення волі.

Падсудныя - рабочыя піларамы Вячаслаў Сухарко і Аляксандр Жыльнікаў, абвінавачваліся ў забойстве трох чалавек, разбоі, крадзяжы дакументаў, а таксама былая актывістка БРСМ, выхавальніца дзіцячага сада Аліна Шульганава. Апошняя абвінавачвалася ў арганізацыі прычынення цяжкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека, і падрыхтоўцы да выкрадання чалавека.

Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда, які прысутнічаў у залі суда, адзначае: 

"Усё ў нашай дзяржаве стабільна: 2017 год скончыўся пакінутымі апеляцыйнай інстанцыяй без зменаў прысудамі да растрэлу Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога, а 2018 год пачынаецца яшчэ двума новымі смяротнымі прысудамі.

Канешне, мая рэакцыя і рэакцыя калег-праваабаронцаў рэзка негатыўная на прысуды, звязаныя са смяротным пакараннем.

Наколькі я валодаю інфармацыяй, Вячаслаў Сухарко не будзе абскарджваць вырак і не збіраецца звяртацца ў апеляцыйную інстанцыю, хаця яго адвакат усё адно павінен будзе гэта зрабіць.

Што тычыцца Жыльнікава, то ён збіраецца абскарджваць судовае рашэнне і яго родныя падтрымліваюць яго ў гэтым. Ён настроены змагацца і спадзяецца, што смяротны прысуд будзе яму адменены".

Варта адзначыць, што гэта першы смяротны прысуд вынесены менавіта Мінскім гарадскім судом за перыяд дзейнасці кампаніі супраць смяротнага пакарання ў Беларусі (з 2009 года).

Нагадаем, першы раз Мінгарсуд абвясціў прысуд па дадзенай справе 6 сакавіка 2017 года: да пажыццёвае зняволенне для мужчын і 12 гадоў пазбаўлення волі для жанчыны. 14 ліпеня Вярхоўны суд адправіў справу на паўторны разгляд у суд першай інстанцыі з новым складам судовай калегіі па крымінальных справах.

З першым прысудам не пагадзіліся ўсе бакі працэсу. Апеляцыйныя скаргі ў ВС накіравалі абвінавачаныя, іх абаронцы і пацярпелыя. Апеляцыйны пратэст на мяккасць прысуду Мінгарсуда прынесла пракуратура. Падчас слуханняў у Вярхоўным судзе Вячаслаў Сухарко папрасіў замяніць яму пажыццёвае зняволенне расстрэлам, астатнія абвінавачаныя - прасілі больш гуманнага пакарання.

Пацярпелыя па справе - пяць сваякоў забітых. Пры першым разглядзе суд пастанавіў спагнаць у якасці матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды з Сухарко і Жыльнікава на карысць траіх пацярпелых 40, 40 і 70 тысяч рублёў, з траіх абвінавачаных у карысць дваіх пацярпелых - 60 і 60 тысяч рублёў.

Трагедыя ў Мінску адбылася ў снежні 2015 г. - у сваёй кватэры былі забітыя малады хлопец і яго дзяўчына. Былая пасія маладога чалавека, выхавальніца дзіцячага сада Аліна Шульганава, не змагла змірыцца з тым, што яе кавалер сышоў да іншай, і вырашыла саперніцу правучыць. Выканаўцы перастараліся - замест таго, каб прыстрашыць саперніцу, забілі і новую выбранніцу хлопца, і яго самога.

Адразу пасля затрымання стала вядома, што зламыснікі - Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарко - датычныя яшчэ і да забойства жыхара Калодзішчаў, які здаваў пакой у сваёй хаце аднаму са злачынцаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства