viasna on patreon

Пётр Іваноў: “У СІЗА мяне збівалі да паўсмерці”

2018 2018-01-17T09:24:06+0300 2018-01-17T10:07:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ivanou-petr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пётр Іваноў

Пётр Іваноў

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебска 15 студзеня адбылося першае паседжанне па крымінальнай справе, распачатай супраць актывіста Пятра Іванова. Яго абвінавачваюць паводле 1-й часткі арт. 366 КК РБ (гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі). Крымінальную справу супраць яго ўзбудзілі па заяве судовага выканаўцы Кацярыны Прыгажаевай, якую ён выгнаў са свайго дому, нібыта выкарыстаўшы гвалт.

Па інфармацыі “Віцебскай Вясны”, у судзе актывіст заявіў, што ў СІЗА яго жорстка збівалі. Адразу папрасіў суддзю, каб той дазволіў падчас дачы паказанняў не ўставаць з лаўкі, патлумачыўшы, што пасля таго, як у СІЗА №2 яго жорстка збівалі, баляць ногі. Пазней яшчэ раз казаў пра гвалт у СІЗА: “Мяне тройчы збівалі, апошні раз – да паўсмерці”.

Іваноў таксама заявіў, што 9 студзеня накіраваў заяву аб катаваннях у пракуратуру, але ці выйшла тая заява за межы СІЗА, ён не ведае. Напрыканцы паседжання прасіў правесці мэдэкспэртызу. Паводле слоў Іванова, апошнія 37 сутак ён правёў у карцэры.

Абвінавачаны паведаміў таксама ў судзе, што частку неабходных дакументаў, якія рыхтаваў для суду, у яго адабралі на прахадной СІЗА. У тым ліку – скаргу на рашэнне аб падаўжэнні меры стрымання пад вартай.  

Пасля таго, як Іваноў заявіў хадайніцтва аб тым, каб па абставінах справы ў якасці сведкаў былі апытаныя ягоная дачка і жонка, выявілася, што абвінавачаны дагэтуль не азнаёміўся з матэрыяламі справы ў поўным аб’ёме. Спачатку ня меў магчымасці па стане здароўя, а апошні раз (12 студзеня) адмовіўся сам, бо “пасля збіцця баяўся, што канчаткова заб’юць”.

У выніку суд пастанавіў даць абвінавачанаму магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы ў поўным аб’ёме ў прысутнасці сакратару суду. Наступнае паседжанне прызначана на 18 студзеня (пачатак у 10.30).

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў, які прысутнічаў на судовым паседжанні, прызнаўся, што збіццё падследных у віцебскім СІЗА – ужо не навіна для праваабаронцаў. Але ўлада на гэта ніяк не рэагуе.

Павел Левінаў

“Я меркаваў, што пасля агучвання фактаў пра збіццё, судовае паседжанне будзе неадкладна прыпыненае, а Пётар Іваноў будзе накіраваны на судова-мэдыцынскую экспертызу па факце нанясення яму цялесных пашкоджанняў. Але, на жаль, гэтага не адбылося”, – кажа Левінаў.   

Ён заўважыў таксама, што ні суд, ні дзяржабвінаваўца ня ўбачылі парушэнняў правоў Іванова, калі яго, чалавека пакуль што не асуджанага, вадзілі па Кастрычніцкім судзе ў кайданках, а ў залі ўтрымлівалі ў клетцы, быццам асабліва небяспечнага злачынцу, якім ён ня можа з'яўляцца да моманту ўступлення прысуду ў законную сілу.

Каментуючы факт ужывання катаванняў да абвінавачанага юрыст ПЦ “Вясна” Павел Сапелка гаворыць пра неабходнасць правядзення неадкладнай праверкі агучаных на судзе фактаў пра збіццё.

Павел Сапелка

“Безумоўна, для забеспячэння правоў абвінавачанага неабходная праверка выкладзеных ім звестак, якая павінна быць незалежнай і аб'ектыўнай. Паводле яе вынікаў павінны быць усталяваны факт прычынення збіцця або цялесных пашкоджанняў, устаноўленыя асобы, вінаватыя ва ўжыванні гвалту, а іх дзеянням павінна быць дадзена крымінальна прававая ацэнка. Калі гвалт ўжываўся службовымі асобамі альбо па іх даручэнні, то ў наяўнасці забароненае Канстытуцыяй і міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі жорсткае абыходжанне”, – адзначае юрыст.

Павел Сапелка прыводзіць інфармацыю аб тым, што Дадатак да Міжведамаснага плану па рэалізацыі рэкамендацый, прынятых Рэспублікай Беларусь па выніках праходжання другога цыклу УПА ў Камітэце па правах чалавека ААН і рэкамендацый, адрасаваных Рэспубліцы Беларусь дагаворнымі органамі па правах чалавека, на 2016 - 2019 гады змяшчае невялікі пералік мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне становішча з правамі чалавека пры ажыццяўленні правасуддзя.

Згодна з Планам на 2016 - 2019 гады прадугледжана абмеркаванне пытання аб карэкціроўцы заканадаўства, якая прадугледжвае прыпыненне разгляду крымінальнай справы ў судзе да правядзення праверкі заяў абвінавачанага аб прымяненні да яго катаванняў у мэтах дамагчыся прызнальных паказанняў. Адказныя за гэта органы - Вярхоўны Суд, Генеральная пракуратура, Мінюст, МУС, Следчы камітэт.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства