Праваабаронца заклікае следчых быць паслядоўнымі і праявіць прававую логіку ў справе Бяляўскага
На фоне спынення справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў сапраўдным інфармацыйным выбухам стаў факт узбуджэння 27 лістапада крымінальнай справы за захоўванне боепрыпасаў па ч.2 арт. 295 КК РБ у дачыненні да Андрэя Бяляўскага. Бяляўскі, у прыватнасці, патлумачыў, што патрон знаходзіўся ў яго ў якасці сувеніра і выкарыстоўваць яго ніякім чынам не збіраўся.
У каментары Радыё Свабода Бяляўскі ён так і адзначае:
«Патрон быў у нармальным стане, ня ржавы, але я яго даўно ў рукі ня браў», — кажа Андрэй і тлумачыць, што ніякіх планаў, звязаных з гэтым патронам, ён ня меў. — Ляжаў ды ляжаў сабе ў шуфлядзе, як сувенір. Ня памятаю ўжо, адкуль ён і ўзяўся. Я гэтак і сказаў следчаму».
Валянцін Стэфановіч, каментуючы ўзбуджэнне крымінальнай справы супраць Андрэя Бяляўскага за захоўванне патрона, заклікае Следчы камітэт быць паслядоўнымі і праявіць прававую логіку.
“Паколькі Следчы камітэт, які спыніў крымінальны пераслед фігурантаў справы, у ходзе папярэдняга расследвання ўстанавіў, што "аналізуючы ў сукупнасці сабраныя доказы, следства прыйшло да высновы, што дзеянні фігурантаў справы так званага "Белага легіёна" фармальна ўтрымліваюць прыкметы стварэння незаконнага ўзброенага фарміравання, але гэтыя дзеянні абвінавачаных не былі накіраваныя на гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу ці тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы, а таксама на здзяйсненне якіх-небудзь іншых супрацьпраўных дзеянняў”, яны не ўяўляюць грамадскай небяспекі, уласцівай злачынству, паколькі не прычынілі істотную шкоду ахоўваемым законам інтарэсам і грамадскім адносінам”, то дзеянні абвінавачаных, з улікам выкладзенага, у адпаведнасці з ч. 4 арт. 11 КК прызнаныя нязначнымі".
“Лагічна, – разважае праваабаронца, – што і выпадак са знойдзеным патронам таксама не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі і справу таксама можна спыніць за малазначнасцю”.
Па словах Валянціна Стэфановіча, праваабаронцы будуць пільна адсочваць гэтую крымінальную справу і ў выпадку, калі Бяляўскага суд пакарае рэальным пазбаўленнем волі, такое пакаранне будзе расцэньвацца, як відавочна непрапарцыйнае і палітычна матываванае. У такім выпадку гаворка пойдзе аб прызнанні яго палітвязнем.
Наконт яшчэ двух фігурантаў справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, супраць якіх таксама ўзбуджаная справа па арт. 295 (Незаконныя выраб, набыццё, перадача ў валоданне, збыт, захоўванне, перавозка, перасылка або нашэнне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і г.д.) казаць пакуль рана, паколькі інфармацыі, якой валодаюць праваабаронцы, недастаткова і цяжка казаць пра грамадскую ці іншую небяспеку такіх дзеянняў.