viasna on patreon

Палова Нацыянальнага сходу сасьпела да ўвядзеньня мараторыю на сьмяротную кару

2017 2017-05-03T15:48:54+0300 2017-05-03T15:52:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/palata-pradstaunikou-4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прыкладна палова дэпутатаў і сэнатараў Нацыянальнага сходу гатовыя падтрымаць мараторый на сьмяротную кару. Такія высновы можна зрабіць з вынікаў сёньняшняга абмеркаваньня ў Палаце прадстаўнікоў. Гаворка ішла пра пэрспэктывы адмены сьмяротнай кары ў Беларусі.

Па інфармацыі Радыё Свабода, у дыскусіі ўдзельнічалі чатыры дзясяткі прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і эўрапейскія экспэрты — выканаўчы дырэктар арганізацыі «Праект у пытаньнях сьмяротнай кары» Парвэз Джабар (Вялікая Брытанія) і генэральны сакратар няўрадавай арганізацыі «Міжнародная камісія супраць сьмяротнай кары» Асунта Віва Кавальер (Гішпанія).

З выступаў парлямэнтароў стала ясна, што ніхто зь іх не падтрымлівае ідэю адмены сьмяротнай кары наагул. А вось наконт мараторыю думкі падзяліліся прыкладна ў прапорцыі 50:50. Прыхільнікі захаваньня найвышэйшай меры лічаць, што рэфэрэндум 1996 году пераканаўча паказаў: больш за 80% насельніцтва падтрымлівае захаваньне сьмяротнай кары. Дый наагул, як лічыць, напрыклад, былы кандыдат у прэзыдэнты, а цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мікалай Улаховіч, «у Беларусі ёсьць больш важныя і актуальныя праблемы».

Іх апанэнты — як, напрыклад, Натальля ГуйвікГанна КанапацкаяАлена АнісімВіктар Чайчыц — перакананыя, што час мараторыю ўжо надышоў. Спадарыня Канапацкая нават прапанавала ўнесьці на разгляд сэсіі Палаты прадстаўнікоў адмену сьмяротнай кары.

Старшыня працоўнай групы ў пытаньнях сьмяротнай кары Нацыянальнага сходу Беларусі Андрэй Навумовіч па выніках слуханьня сказаў Свабодзе:

«Мая асабістая пазыцыя такая: спачатку сем раз адмерай і толькі пасьля адразай. Я ня ўпэўнены, што прапанова аб мараторыі, калі мы вынесем яе на сэсію, атрымае неабходную падтрымку. І што тады? Тады адназначна гэты склад Нацыянальнага сходу больш да пытаньня ўжо ня вернецца. А наша кадэнцыя скончыцца толькі ў 2020 годзе. Таму я згодны, што над праблемай трэба працаваць. Найперш у выбарчых акругах, дзе і тлумачыць сытуацыю людзям. Час сам падкажа, калі можна будзе вырашаць праблему».

Магчыма, сёньня пазыцыі прыхільнікаў сьмяротнай кары завагаліся пасьля паведамленьня Парвэза Джабара. Ён сказаў, што летась споўнілася 50 гадоў ад моманту адмены сьмяротнай кары ў Вялікай Брытаніі. Адпаведнае рашэньне супольна прынялі выканаўчыя і заканадаўчыя ўлады. І гэта тады, калі 80% жыхароў Брытаніі выступалі за захаваньне найвышэйшай меры. Так што, падкрэсьліў брытанскі экспэрт, не заўжды бальшыня мае рацыю.

Беларусь застаецца адзінай эўрапейскай краінай, дзе захоўваецца сьмяротная кара. Раней кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў заяўляла, што Беларусь гатовая абмяркоўваць магчымасьць мараторыю на сьмяротную кару, але афіцыйны Менск разьлічвае, што «звонку ня будуць ціснуць у прыняцьці такога важнага рашэньня».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства