viasna on patreon

Справаздача па маніторынгу масавага мерапрыемства 1 траўня ў Мінску Фота

2017 2017-05-02T14:52:00+0300 2017-05-03T15:15:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/minsk-01.05.2017f.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

1 траўня 2017 года ў Мінску праходзіла акцыя, анансаваная як святочны сход з нагоды Дня працы.

Высновы:

1. На працягу ўсяго часу правядзення масавае мерапрыемства насіла выключна мірны характар (калі "арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар"). Удзельнікамі не выкарыстоўваліся заклікі да гвалтоўных дзеянняў, іх дзеянні трапляюць пад міжнародна-прававую абарону.

2. Недапушчальнай практыкай з'яўляюцца прэвентыўныя затрыманні арганізатараў і пераслед удзельнікаў пасля дэманстрацыі.

3. Не было магчымасці ідэнтыфікаваць на масавым мерапрыемстве супрацоўнікаў праваахоўных органаў праз адсутнасць у значнай часткі іх форменнай вопраткі, бэйджаў ці жэтонаў з ідэнтыфікацыйнымі нумарамі. Гэты факт перашкаджае разуменню таго, хто з'яўляецца ўдзельнікамі, а хто не; якія супрацоўнікі праваахоўных органаў за што адказныя; застаюцца незразумелымі іх функцыі.

4. Масавая прысутнасць супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным не гарантавала якаснага выканання імі пазітыўных абавязкаў па рэалізацыі права грамадзянаў на мірныя сходы. Так, яны не стварылі бяспечнага і суцэльнага пераходу праз скрыжаванні, а таксама не ахоўвалі найбольш актыўныя групы дэманстрантаў. Звяртаем увагу, што згодна з Кіраўніцтвам БДІПЧ АБСЕ "Правы чалавека і забеспячэнне правапарадку падчас публічных сходаў", распрацаваным спецыяльна для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, асноўныя прынцыпы аховы правапарадку падчас публічных сходаў наступныя: валоданне інфармацыяй, садзейнічанне, камунікацыя і дыферэнцыяваны падыход да ўдзельнікаў сходаў.

5. Наяўнасць непрапарцыйна вялікай колькасці міліцэйскай спецтэхнікі нагнятала абстаноўку і выклікала пачуццё, што ў запланавана спыненне акцыі сілавымі метадамі. І гэта можна расцэньваць як элемент запалохвання мірных дэманстрантаў.

6. Падчас акцыі міліцыя перашкаджала дзейнасці назіральнікаў. Супрацоўнікі АМАП без тлумачэння прычын патрабавалі ад назіральнікаў пакінуць месца правядзення інструктажу перад акцыяй.

7. Станоўчым момантам з'яўляецца прысутнасць падчас акцыі інфармацыйнай групы ад ГУУС Мінгарвыканкама, аднак неабходна адзначыць нежаданне з іх боку да ўзаемадзеяння з назіральнікамі.

Метадалогія маніторынгу: 

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна" на працягу некалькіх гадоў праводзяць сістэматычнае назіранне за масавымі мерапрыемствамі ў Мінску на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу, якая ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў прынцыпам грамадскага кантролю, стандартам мірных сходаў і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас зрокавага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за масавымі мерапрыемствамі сумесна распрацаваныя праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні па здольнасці выканання функцый назіральнікаў і СМІ, адносна паводзінаў арганізатараў і ўдзельнікаў масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў міліцыі, а таксама наяўнасць хуткай дапамогі. Назіральнікі дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць прынцыпам права: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі трымаюцца асобна ад удзельнікаў. Яны пазначаныя бэйджамі назіральніка і сінімі камізэлькамі з надпісам “#controlBY”.

Папярэдняя інфармацыя:

26 красавіка 2017 года арганізатар мерапрыемства Мікалай Статкевіч паведаміў Мінгарвыканкаму аб намеры Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу правесці 1 траўня 2017 года на Кастрычніцкай плошчы Мінска Святочны сход, збор на які прызначаны а 14-й гадзіне. Сама працэдура паведамлення з'яўляецца агульнапрынятай і дазвольнай практыкай па рэалізацыі права на мірныя сходы.

Інфармацыя пра акцыю шырока асвятлялася і распаўсюджвалася ў інтэрнэце, сацыяльных сетках.  

28 траўня стала вядома пра знікненне, а потым пра знаходжанне Мікалая Статкевіча ў ЦІП АУС Мінгарвыканкаму.

Падчас правядзення масавага мерапрыемства 1 траўня 2017 года восем назіральнікаў, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі пазначаныя належным чынам, вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадскі кантроль.

Ход масавага мерапрыемства: 

Падчас масавага мерапрыемства былі зафіксаваныя наступныя факты:

1. У 13:40 група назіральнікаў сабралася каля ўніверсама «Цэнтральны» для падрыхтоўкі да назірання, у гэты момант да іх падышлі два супрацоўнікі АМАПу, якія не прадстаўляліся, яны запатрабавалі разысціся, спасылаючыся на забароны сходаў у гэты дзень, на пытанне аб падставах такой забароны яны адказаць не змаглі.

2. Масавае мерапрыемства праходзіла 1 траўня 2017 года з 14:00 да 15:10. З 13:40 пачаўся збор удзельнікаў на Кастрычніцкай плошчы. У 14:00 колькасць удзельнікаў складала не менш за 300 чалавек. Таксама на плошчы прысутнічалі супрацоўнікі інфармацыйнай групы міліцыі, чатыры супрацоўнікі АМАПу, каля 40 супрацоўнікаў праваахоўных органаў у грамадзянскай форме адзення. Да плошчы была сцягнута вялікая колькасць спецтэхнікі: шэсць аўтазакаў, чатыры мікрааўтобусы, тры аўтобусы з АМАПам. На даху адной з вежаў Дому афіцэраў былі заўважаныя неўстаноўленыя асобы, якія кіравалі беспілотным лятальным апаратам.



3. У 14:05 на плошчы з'явіўся супрацоўнік міліцыі і з выкарыстаннем гукаўзмацняльнай апаратуры звярнуўся да ўдзельнікаў з патрабаваннем спыніць несанкцыянаваны сход і разысціся, папярэдзіў, што ў адваротным выпадку да ўдзельнікаў можа быць ужытая фізічная сіла, спецсродкі і адміністрацыйны арышт.

4. Прыблізна ў 14:10 плошчу дэманстратыўна перасекла жанчына са сцягам СССР, удзельнікі сходу і супрацоўнікі праваахоўных органаў на гэта ніяк не адрэагавалі.

5. У 14:20 дэманстранты падцягнуліся да Палацу Рэспублікі, выступоўцы падняліся на прыступкі Палаца Рэспублікі і пачалі мітынг. У гэты час зноў паўтарылася патрабаванне з боку супрацоўнікаў міліцыі спыніць несанкцыянаваны сход, пры гэтым выкарыстанне гукаўзмацняльнай апаратуры супрацоўнікам міліцыі перашкаджала выступам удзельнікаў мітынгу.

6. Актывісты агучылі свае патрабаванні аб вызваленні палітычных зняволеных, выказваліся аб недапушчальнасці выкарыстання ўладамі сілавых метадаў падаўлення пратэстаў, іх неэфектыўнасці, асуджалі камуністычны і нацысцкі рэжымы. Папракалі праваабарончыя арганізацыі ў “страху прызнаць шэраг людзей, якія знаходзяцца пад следствам, палітычнымі вязнямі”.

7. У 14:40 удзельнікі сфармавалі калону і накіраваліся на плошчу Незалежнасці. У шэсці ўдзельнічалі прыкладна 400 чалавек. Падчас руху адзін з дэманстрантаў запаліў піратэхнічную прыладу. Паралельна з калонай рухаліся два аўтазакі, мікрааўтобусы, у якіх сядзелі людзі ў форме АМАПу і бронікамізэльках, некалькі міліцэйскіх аўтамабіляў без нумароў і апазнавальных знакаў. Гэтая калона спецтэхнікі загароджвала калону дэманстрантаў, што стварала перашкоду бачнасці.

8. У 15:05 каля Чырвонага касцёла на плошчы Незалежнасці адбыўся мітынг. У ім прынялі ўдзел каля 250 чалавек. Арганізатары акцыі зачыталі патрабаванні рэзалюцыі Беларускага нацыянальнага кангрэса, прапанавалі прысутным прагаласаваць за яе, і, прыняўшы аднагалосна, аб'явілі ў 15:10 аб завяршэнні мерапрыемства.

9. Праз некалькі гадзін стала вядома пра затрыманне Паўла Севярынца, Максіма Вінярскага і Наталлі Папковай, якія прымалі ўдзел у акцыі.

10. Прысутнічалі прадстаўнікі СМІ, якія актыўна здымалі на фота і відэа, камунікавалі з удзельнікамі. Перашкодаў у працы СМІ не ажыццяўлялася.

11. Адзначаліся перашкоды ў трапленні людзей на месца збору, у прыватнасці, супрацоўнікамі АМАПу былі заблакаваныя тратуары на падыходзе да Кастрычніцкай плошчы па праспекце Незалежнасці - з боку рэстарана Макдональдс да ўваходу на станцыю метро "Кастрычніцкая", якая з'яўляецца перасадачнай на станцыю "Купалаўская".

12. Заклікаў да гвалтоўных дзеянняў з боку арганізатараў і ўдзельнікаў зафіксавана не было.

13. Выкарыстоўвалася наступная сімволіка: бел-чырвона-белыя сцягі, сцяг «Еўрапейскай Беларусі», беларускі дзяржаўны сцяг.

14. Выкарыстоўваліся наступныя лозунгі: "Жыве Беларусь!", "Салідарнасьць!", "Не дэкрэту №3 - Лукашэнка сыходзь!", "Не бойцеся!", "Свабоду!", "Свабоду народу!", "Імперыі - не, Пуціну - не, Беларусі - так", "У адстаўку!", "Свабоду Статкевічу!", "Баста!", "Свабоду палітвязням", "Уладу народу!"

Рэкамендацыі арганізатарам:

- Спрыяць больш кампактнай лакалізацыі ўдзельнікаў з дапамогай прыпынення руху, арганізацыі дружыны i iншых мераў;

- Па магчымасці загадзя ўзгадняць магчымасць бесперашкоднага руху з супрацоўнікамі ДАІ.

Супрацоўнікам праваахоўных органаў: 

- Спыніць практыку адвольных затрыманняў і пераследу ўдзельнікаў мірных дэманстрацый, паколькі гэта супярэчыць добраахвотна ўзятым абавязкам Рэспублікі Беларусь у галіне правоў чалавека;
- У адпаведнасці з арт. 5 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб органах унутраных спраў", "дзейнасць органаў унутраных спраў з'яўляецца галоснай". Кіруючыся гэтай нормай, прапануем, каб усе супрацоўнікі ажыццяўлялі ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, а таксама былі пазначаныя ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (бэйджамі або нагруднымі знакамі з ідынтыфікацыйнымі нумарамі);

- Забяспечваць бесперашкодны рух калоны ўдзельнікаў праз перакрыжаванні са спыненнем руху транспартных сродкаў.

Суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

- Ініцыяваць змены заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства