viasna on patreon

Экспертнае заключэнне па справе Змітра Паліенкі

2017 2017-04-14T16:29:20+0300 2022-06-07T11:06:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/palienka_dzmitryj.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Актывіст Зміцер Паліенка. Фота Уладзя Грыдзіна

Актывіст Зміцер Паліенка. Фота Уладзя Грыдзіна

Як нам стала вядома, 7 красавіка 2017 года суд Заводскага раёна г. Мінска разгледзеў прадстаўленне органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага (хутчэй за ўсё, УУС Заводскага раёна), і адмяніў адтэрміноўку выканання пакарання ў дачыненні да сацыяльнага актывіста Змітра Паліенкі. Ён падлягае накіраванню ў папраўчую калонію для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1,5 гады (з улікам часу ўтрымання пад вартай да суду па крымінальнай справе ў 2016 годзе).  

Варта нагадаць, што 12 кастрычніка 2016 года суд Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнаў Змітра Паліенку вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў) і па частцы 2 артыкула 343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару). Паводле прысуда, З. Паліенка быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады і вызвалены з-пад варты ў залі суда.

Да таго Паліенка неаднаразова затрымліваўся супрацоўнікамі міліцыі за ўдзел у дэманстрацыях, а таксама падвяргаўся адвольныму арышту напярэдадні Чэмпіяната свету па хакеі, які праходзіў у Мінску ў 2014 годзе (быў затрыманы 08.05.2014 г. і арыштаваны на 10 сутак).

Акцыя “Крытычна маса” 29 красавіка 2016 г. , затрыманні ўдзельнікаў і ўзбуджэнне крымінальнай справы ў дачыненні да З. Паліенкі і С. Канавалава

Нагодай для крымінальнага пераследу З. Паліенкі стаў ягоны ўдзел у мірным сходзе “Крытычная маса”, які адбываўся 29 красавіка 2016 г. у Мінску. Гэтае мерапрыемства ў выглядзе масавага заезду раварыстаў адбывалася на працягу некалькіх месяцаў. Мэтай заезду раварыстаў было выказванне пратэсту супраць абмежаванняў, накладзеных правіламі дарожнага руху на перамяшчэнне раварыстаў па праезнай частцы горада. Традыцыйна роварныя паездкі адбываюцца без падачы заявак. Запрашэнне ажыццяўляецца праз сацыяльныя сеткі, дзе прапісваюцца правілы ўдзелу з мэтай захавання грамадскага парадку.  

Такім чынам, загадзя заяўленай мэтай дадзенага мерапрыемства было публічнае выказванне меркавання шляхам правядзення мірнага сходу. Гэтая акалічнасць дазваляе кваліфікаваць заезд “Крытычная маса” менавіта як мірны сход. Агулам у заездзе ўдзельнічала каля 35 чалавек. ПЦ “Вясна” і РПГА БХК ажыццяўлялі назіранне за правядзеннем сходу, па выніках чаго была падрыхтаваная справаздача.

У раёне вуліцы Максіма Багдановіча калона раварыстаў з’ехала на праезную частку і заняла скрайнюю правую паласу дарогі. Ніякай перашкоды іншым удзельнікам руху пры гэтым яны не ўтваралі. Прыкладна праз 20 хвілін пасля выезду на праезную частку супрацоўнікі міліцыі пачалі гвалтоўна спыняць мерапрыемства.

Трэба адзначыць, што, згодна з Кіруючымі прынцыпамі АБСЕ па свабодзе мірных сходаў, улады маюць пазітыўныя абавязкі па садзеянні рэалізацыі дадзеных правоў, абароне ўдзельнікаў (п. 2.2), нават у тым выпадку, калі гэта непрацяглы час замінае руху транспарту (п. 20). У дадзеным выпадку супрацоўнікі міліцыі прысутнічалі на месцы збору і падчас руху раварыстаў, але, замест аховы і спрыяння правядзенню мерапрыемства, праз 20 хвілін ажыццявілі непрапарцыйна гвалтоўнае спыненне акцыі. 

Усіх затрыманых груба кінулі на падлогу ў аўтобусе, нанеслі некалькі ўдараў нагамі па тварах і жыватах, зверху на іх кінулі ровары і забаранялі ўставаць цягам усёй дарогі да РУУСа. Ніякіх патрабаванняў пры гэтым не было, у аўтобусе ніхто не супраціўляўся, але сіла ўжывалася, гучала нецэнзурная лаянка з боку супрацоўнікаў АМАПу.

У выніку адміністрацыйна пераследваліся шэсць чалавек, у тым ліку адзін назіральнік за акцыяй. Пры спыненні ўдзельнікаў супрацоўнікамі ДАІ і АМАПу затрыманым былі нанесеныя цялесныя пашкоджанні, была сапсаваная іх маёмасць. Двое з удзельнікаў, Зміцер Паліенка і Станіслаў Канавалаў, былі затрыманыя ў якасці падазраваных па крымінальнай справе, узбуджанай па артыкуле 364 КК. Пазней С. Канавалаў быў вызвалены і крымінальны пераслед у дачыненні да яго быў спынены. Затым былі спыненыя і адміністратыўныя справы па артыкуле 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законным патрабванням супрацоўнікаў міліцыі), узбуджаныя ў дачыненні да чатырох удзельнікаў мерапрыемства, і яны былі прыцягнутыя да адміністратыўнай адказансці за парушэнне правілаў дарожнага руху.

6 траўня ПЦ “Вясна” выступіў з заявай у сувязі з утрыманнем пад вартай Змітра Паліенкі. У заяве пераслед удзельнікаў дадзенай акцыі быў расцэнены як вынік выказвання імі меркавання і абмежавання права на мірныя сходы. Быў адзначаны непрапарцыйны характар ужывання гвалту супрацоўнікамі міліцыі пры спыненні акцыі і затрыманнях актывістаў. У заявае было выказана патрабаванне вызваліць З. Паліенку з-пад варты да канца следства, а таксама спыніць пераслед іншых удзельнікаў акцыі. Тым не менш, Паліенка на працягу пяці месяцаў утрымліваўся ў СІЗА і напярэдадні судовага працэсу яму было прад’яўлена дадатковае абвінавачванне па частцы 2 артыкула 343 КК.

Судовы працэс па справе Змітра Паліенкі ў судзе Цэнтральнага раёна г. Мінска 11-12 кастрычніка 2016 г.

11 кастрычніка 2016 г. распачаўся судовы працэс па справе. Прадстаўнік ПЦ “Вясна” Павел Сапелка ажыццяўляў маніторынг дадзенага судовага працэсу. Па выніках назірання за судовым працэсам і ацэньваючы дадзеную справу ў сукупнасці, эксперты ПЦ “Вясна” прыйшлі да наступных высноваў:

Здзяйсненне Змітром Паліенкам дзеянняў гвалтоўнага характару ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, якія ажыццяўлялі ахову грамадскага парадку падчас велапрабегу “Крытычна маса”, у ходзе судовага разбіральніцтва не знайшло свайго пацверджання і не было замацавана дастатковымі доказамі.  

Так, апытаны ў судзе пацярпелы Уладзімір Калтуноў распавёў, як падчас выканання загаду аб спыненні роварнага прабегу “Крытычнай масы” ён на хаду спыніў аднаго з раварыстаў - Канавалава, які ехаў па праезнай частцы і парушаў правілы дарожнага руху. У выніку яны ўпалі на асфальт. Калі пацярпелы пачаў падымацца, то адчуў, што яго за руку трымае Паліенка і цягне руку назад уніз.

"Адчуў рывок курткі. Я яго схапіў за руку, а ён стаў вырывацца. Затым я зрабіў два ўдары Паліенку ў вобласць тулава, гэта ў адпаведнасці з законам. Ён пасля гэтага “лёг” на асфальт. У выніку ў мяне парваная куртка. Сам я не бачыў, што менавіта ён парваў куртку. Прэтэнзій да яго не маю, маёмасных прэтэнзій не заяўляў. Ніякага збіцця і іншых фізічных траўм у мяне не было".

Падчас апытання другога сведкі, старшага інспектара ДПС Аляксандра Дашукевіча, высветлілася, што ён не бачыў, што гэта менавіта Паліенка парваў куртку Калтунову:

 «Я падбег да іх, калі яны ўжо ляжалі на зямлі. Бачыў толькі, як Канавалаў спрабаваў вырваць ровар з рук Калтунова, і тут падʼехаў Паліенка, які быў у сіняй байцы. І стаў хапаць за руку Калтунова".

На пытанне адваката Паліенкі сведка Дашукевіч яшчэ раз удакладніў, што не бачыў моманту, як Паліенка рваў куртку Калтунова, бо трымаў у гэты час Канавалава. Ці гаварыў той потым, што гэта Паліенка яму парваў куртку, сведка таксама не памятае.

Трэцім сведкам стаў аўтааматар Вадзім Руткоўскі, які праязджаў міма і спыніўся, паколькі падумаў, што трэба аказаць дапамогу міліцыянтам. Ён не бачыў, што Калтуноў і Паліенка штурхаюцца, паколькі стаяў аўтамабіль, які замінаў, але заўважыў, што куртка у Калтунова была парваная.

«Вялікі хлопец ляжаў на зямлі, яго спрабаваў затрымаць міліцыянт, тут да міліцыянта падскочыў маленькі хлопец і пачаў цягнуць за руку. Потым іх усіх схапілі АМАПаўцы і пацягнулі ў аўтобус".

Сведка супрацоўнік АМАПу ГУУС Мінгарвыканкама Гуцаў, які тлумачыў акалічнасці затрымання раварыстаў, удакладніў, што не бачыў, як Паліенка парваў куртку.

“Абвінавачаны знаходзіўся разам з роварам. Мы прымянілі сілу, каб забраць у яго ровар, і адвялі яго ў аўтамабіль”.

Паколькі сведка Канавалаў не змог патрапіць на суд з-за пералому нагі, пракурор Юркевіч зачытаў пісьмовыя паказанні Канавалава, якія ён даваў падчас следства:

«Зміцер ехаў за мной, мы з’ехалі з роварнай дарожкі на праезную частку, потым пачулі каманду супрацоўніка ДАІ, каб вярнуліся на тратуар. Мяне спрабаваў спыніць інспектар ДАІ, схапіў за ровар на хаду, мы паваліліся. Я спрабаваў падняцца, але той трымаў моцна і начапіў кайданкі. Бачыў, як Калтуноў паказваў парваную куртку і казаў іншым міліцыянтам: “Глядзіце, што ён зрабіў”.

Сам абвінавачаны З. Паліенка адмовіўся даваць паказані ў судзе, віну па прад’яўленых абвінавачваннях не прызнаў.

Паводле эпізоду аб нібыта размяшчэнні Паліенкам «УКантакце» спасылкі на парнаграфічны ролік, трэба адзначыць, што не была даказаная прыналежнасць гэтай старонкі Паліенку. Не ўстаноўлена, калі і з якога абсталявання зроблены запіс. Цяпер у інтэрнэце гэтай старонкі няма, пра што сведчылі дакументы, якія прадставіла суду адвакат. Па меркаванні следства, ролік нібыта быў размешчаны Паліенкам тры гады таму.

Цікава, што ў судзе быў зачытаны адказ Упраўлення паліцыі Санкт-Пецярбурга на запыт мінскіх следчых пра прыналежнасць акаўнта ў сацыяльнай сетцы “Кантакце”. Гэты запыт быў датаваны 16 сакавіка 2016 г., г.зн. яшчэ да правядзення акцыі “Крытычна маса” 29  красавіка гэтага ж году. Дадзены факт можа сведчыць, што спецслужбы даўно шукалі магчымасці прыцягнення Паліенкі да крымінальнай адказнасці.

Па выніках назірання за судовым працэсам эксперты ПЦ “Вясна” далі наступныя каментары.

 Павел Сапелка адзначыў несур’ёзнасць прадстаўленых у судзе доказаў:

“Выступленне пракурора, які падтрымліваў абвінавачванне ў судзе, ярка адлюстравала адсутнасць дастатковых і пераканаўчых доказаў па крымінальнай справе. Іх не было ні ў частцы інкрымінаванага гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі, ні ў частцы распаўсюду парнаграфічных матэрыялаў у інтэрнэце.
Я па-ранейшаму упэўнены, што пераслед актывіста быў цалкам звязаны з ажыццяўленнем ім сваіхграмадзянскіх і палітычных правоў”.

Валянцін Стэфановіч адзначыў, што ацэнкі дадзенай крымінальная справы з боку праваабаронцаў засталіся нязменнымі.

“Мы лічым, што прадстаўнікі ўладаў, замест таго, каб выканаць свае пазітыўныя абавязальніцтвы па забеспячэнні свабоды мірных сходаў, якую рэалізоўваў Паліенка і іншыя ўдзельнікі акцыі “Крытычная маса”, з ужываннем непрапарцыйнага гвалту затрымалі ўдзельнікаў акцыі, некаторых збілі падчас і пасля затрымання.

У сувязі з гэтым мы лічым, што пераслед Змітра Паліенкі наўпрост звязаны з рэалізацыяй гарантаваных яму канстытуцыйных правоў і свабодаў.

Мы ўсцешаныя стрыманасцю, якую праявілі ўлады ў дачыненні да Паліенкі, і прысудам, не звязаным з пазбаўленнем волі. Тым не меней, гэты прысуд падкрэслівае неабходнасць правядзення прававых рэформаў заканадаўства, якое рэгулюе рэалізацыю канстытуцыйных правоў, у тым ліку і на свабоду мірных сходаў, гарантаваных усім грамадзянам Беларусі".

Вызначэнне суда Заводскага раёна г. Мінска аб адмене адтэрміноўкі выканання пакарання і падставы для яго прыняцця

Што датычыцца вызначэння суда Заводскага раёна г. Мінска, у адпаведнасці з якім была адмененая адтэрміноўка выканання прысуду ад 12 кастрычніка 2016 г., мы адзначаем наступнае.

У адпаведнасці з ч.6 арт. 77 КК Рэспублікі Беларусь, калі асуджаны, у дачыненні да якога выкананне пакарання адтэрмінавана, нягледзячы на афіцыйнае папярэджанне, не выконвае ўскладзеныя на яго судом абавязкі альбо неаднаразова парушыў грамадскі парадак, за што да яго двойчы былі прымененыя адміністратыўныя спагнанні, то па прадстаўленні органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага, а таксама па хадайніцтву асобы, якой было даручана назіранне за асуджаным, суд можа адмяніць адтэрміноўку выканання пакарання і накіраваць асуджанага для адбыцця пакарання, вызначанага прысудам.

Падставай для прыняцця дадзенага вызначэння сталі два адміністратыўныя спагнанні ў выглядзе адміністратыўных арыштаў па артыкулах 17.1 (дробнае хуліганства), 23.4 (непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі) і 23.34 КаАП (арганізацыя альбо ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах). Першая адміністратыўная справа датычыцца падзеяў 10 сакавіка 2017 г., калі З. Паліенка быў затрыманы ў будынку Дома правасуддзя, дзе ён пасля агалошвання прысуду па так званай “справе антыфашыстаў”, выказваючы абурэнне жорсткім, на ягоную думку, прысудам, некалькі разоў выгукнуў “Ганьба”. Суд Маскоўскага раёна г. Мінска прыцягнуў З. Паліенку да адміністратыўнай адказнасці ў выглядзе арышта на сем сутак паводле артыкулаў 17.1 і 23.4 КаАП.

Другая справа датычыцца затрымання З. Паліенкі 20 сакавіка 2017 г., калі ён прыйшоў у ЦІП, каб перадаць перадачу. Пастановай суда Заводскага раёна г. Мінска З. Паліенка быў прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці па артыкуле 23.34 КаАП у выглядзе 15 сутак арышту за ўдзел у мірным сходзе 25 лютага 2017 г. супраць будаўніцтва бізнэс-цэнтра ў раёне мемарыяльнай зоны ахвяраў сталінскіх рэпрэсій “Курапаты”.

У дзень, калі З. Паліенка павінен быў выйсці на волю з ІЧУ г. Жодзіна, ён на волю не выйшаў. Ад сукамернікаў З. Паліенкі стала вядома, што ён быў прыцягнуты яшэч раз да адміністратыўнай адказнасці ў выглядзе аршыту на 10 сутак. Падставы прыцягнення да адказнасці праваабаронцам не вядомыя.

Абедзве адміністратўныя справы, па нашым меркаванні, звязаныя з рэалізацыяй Паліенкам свабоды выказвання меркаванняў і свабоды мірных сходаў. Акрамя таго, прыцягненне Паліенкі да адказнасці па артыкуле 17.1 па сутнасці можна расцэньваць як адвольнае затрыманне, не звязанае са здзяйсненнем ім інкрымінаваных дзеянняў (дробнага хуліганства).

Што датычыцца невыканання Паліенкам прысуду ў частцы працаўладкавання, варта адзначыць, што Паліенка пасля вынясення прысуду суда Цэнтральнага раёна г. Мінска стаяў на ўліку ў цэнтры занятасці і рабіў спробы працаўладкавання, аднак атрымліваў адмовы ад патэнцыйных наймальнікаў.

Высновы і патрабаванні

Аналізуючы вышэй указаныя факты ў комплексе, мы прыходзім да высновы, што пазбаўленне волі на 1,5 гады Змітра Паліенкі носіць характар палітычна матываванага пераследу з мэтай спынення ягонай публічнай дзейнасці.

Улічваючы, што асуджэнне да пазбаўлення волі З. Паліенкі непасрэдна сталася вынікам рэалізацыі ім свабоды мірных сходаў і выказвання меркавання, лічым магчымым прызнаць яго палітычным вязнем і патрабаваць ад уладаў яго неадкладнага вызвалення.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства