viasna on patreon

На ўдзельнікаў лагера па абароне Курапатаў здзейснены напад, на валанцёраў склалі пратаколы Дапоўнена

2017 2017-02-23T09:31:00+0300 2017-02-23T11:45:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kirkevich-7.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Паранены Алесь Кіркевіч. Фота Радыё Свабода.

Паранены Алесь Кіркевіч. Фота Радыё Свабода.

Некалькі ўдзельнікаў акцыі па абароне Курапатаў раніцай 23 лютага накіраваліся ў гарадскі аддзел міліцыі Савецкага раёна Мінска, каб скласці заявы па факце начнога нападу на лагер актывістаў на Мірашнічэнка, 53. Неўзабаве ў аддзяленне прыбыў супрацоўнік КДБ, які  спрабуе запісаць паказанні абаронцаў на відэакамеру. "Наш статус пакуль невядомы", - паведамляе актывіст абароны Курапатаў Юры Лукашэвіч.

Пазней стала вядома пра складанне пратаколаў на саміх заяўнікаў па арт 23.34 КаАП  (арганізацыя і ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Пра гэта ў сацыяльных сетках паведаміў Раман Пратасевіч. Так, пратаколы былі складзеныя на Юрыя Лукашэвіча, Алега Дашкевіча і Аляксея Клюшнічэнка.

У той жа час дзяжурны ГАМ на вуліцы Кальцова ў Менску распавёў карэспандэнту Свабоды пра тое, што цяпер адбываецца з грамадзянамі, пацярпелымі ад нападнікаў на намётавы лягер абаронцаў Курапатаў.

«Вы не перажывайце, ніхто іх не затрымліваў. Яны цяпер пішуць заявы. Іх чацьвёра. Пра тое, што іх здымаюць на відэа, ня ведаю, яны цяпер у іншым памяшканні. Як заявы будуць напісаныя, будзем паводле іх працаваць, вы не перажывайце. А яны пойдуць, вядома».

Нагадаем, група неўстаноўленых грамадзян, колькасцю ад 15 да 20 чалавек 23 лютага пасля 3 гадзіны ночы здейсніла напад на лагер актывістаў. Радыё Свабода дадае, што невядомыя былі ў масках з драўлянымі завостранымі палкамі. Нападнікі лаяліся, выкрыквалі «Слава Расіі» і «Белая раса». Невядомыя разбурылі намёт, сарвалі бел-чырвона-белыя сцягі і перакулілі бочку з вогнішчам. Пры гэтым быў паранены Алесь Кіркевіч, яго ўдарылі бітай.

Потым невядомыя спужаліся крыкаў людзей, якія прыехалі на дапамогу ўдзельнікам абароны і збеглі. На гэты момант сітуацыя ў лагеры спакойная, піша "Наша ніва".

На 23 лютага была запланаваная сустрэча грамадскасці ў Мінгарвыканкаме, і на гэты час абяцалі спыніць будоўлю.

На месца прыбыў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і Зміцер Дашкевіч. На дадзены момант некалькі абаронцаў застаюцца ў лягеры і абмяркоўваюць далейшы план дзеянняў. 

Звяртаемся да нераўнадушных грамадзян і журналістаў падтрымаць затрыманых у аддзяленні міліцыі актывістаў непасрэдна, альбо спраўдзіць інфармацыю пра іх затрыманне па тэлефоне.. Адрас ГОМ – вул. Кальцова, 23. Тэлефон аператыўнага дзяжурнага – 262-19-99.

Па інфармацыі БелаПАН, прадстаўнікі грамадскасці 22 лютага аднеслі ў Мінгарвыканкам зварот са скаргай на незаконнасць будаўніцтва бізнес-цэнтра побач з ўрочышчам Курапаты, паведаміў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Павел Севярынец.

Паводле яго слоў, з імі сустрэўся намеснік старшыні Мінгарвыканкама Віктар Лапцеў. "Ён сказаў, што ў Менгарвыканкаме падумаюць над прыпыненнем будоўлі на час разгляду нашага звароту. Гэта значыць плот там не прыбяруць, але будаўнічыя працы могуць прыпыніць", - сказаў Севярынец.

Аналагічныя скаргі таксама будуць перададзеныя ў Генеральную пракуратуру і Міністэрства культуры.

Тым часам стала вядома пра затрыманне аднаго з абаронцаў Курапатаў Паўла Старавойтава. Як паведаміў БелаПАН апазіцыйны палітык Дзмітрый Дашкевіч, Старавойтаў быў затрыманы каля 13.00 супрацоўнікамі УУС Савецкага раёна Мінска. Мяркуецца, што цяпер ён знаходзіцца ў РУУС.

Акрамя таго, супрацоўнікі міліцыі склалі некалькі адміністрацыйных пратаколаў у дачыненні да актывістаў за блакаванне будаўнічай тэхнікі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства