viasna on patreon

Дзень правоў чалавека: геаграфія мерапрыемстваў - уся Беларусь Фота Дапоўнена

2016 2016-12-10T16:00:04+0300 2016-12-13T17:29:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/narodnaja_volia13.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Інфармацыйныя акцыі і іншыя мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму Дню правоў чалавека праходзяць 10 снежня ў дзесятках гарадоў і мястэчак Беларусі:

У Гародні:

Гарадзенскія праваабаронцы пачалі сённяшнюю частку мерапрыемстваў, прысвечаных Дню правоў чалавека, з інфармацыйнай кампаніі. На прыпынках, рынках і іншых людных месцах, гарадзенскія праваабаронцы раздалі жыхарам гораду на Нёманам каля пяцьсот асобнікаў газеты “Народная воля” з спецвыпускам, прысвечаным сённяшняму святу, Дню правоў чалавека.

Гарадзенцы бралі газету з ахвотай, задавалі пытанні. Некаторыя прасілі кантакты праваабаронцаў.

 Інфармацыйная акцыя праваабаронцаў “Вясны” 10 снежня ў Гародні.

 Інфармацыйная акцыя праваабаронцаў “Вясны” 10 снежня ў Гародні

Так яшчэ больш гараджан атрымалі інфармацыю і пра сённяшняе свята, і пра дзейнасць праваабаронцаў і пра нашыя сайты, у тым ліку і пра гарадзенскі праваабарончы сайт “Гарадзенская вясна”.

Напярэдні прадстаўнікі гарадзенскай філіі ПЦ “Вясна” адчынілі ў Цэнтры гарадскога жыцця Гародні па вуліцы Савецкая 3 выставу беларускай выцінанкі аўтарства Вольгі Бабурынай. Выстава таксама прымеркавана да міжнароднага Дня правоў чалавека, які ва ўсім свеце адзначаецца 10 снежня.

Выстава выцінанкі Вольгі Бабурынай да Дня правоў чалавека ў Гародні.

Зараз, пасля інфармацыйнай акцыі, гарадзенскія праваабаронцы збіраюцца на круглы стол, на якім будуць абмеркаваныя праблемы, звязаныя з парушэннем правоў чалавека ў Гародні.

У Магілёве:

Раніцай 10 снежня праваабаронцы «Магілёўскай вясны» раздалі ў цэнтры горада спецыяльныя нумары газеты «Народная воля», прысвечаныя Дню правоў чалавека. Як адзначыў удзельнік акцыі праваабаронца Аляксей Колчын, людзі ахвотна бралі газеты.

- Адзін мужчына нават паспеў нешта там чытаць і пагаварыць са мной аб правах чалавека. Газеты разышліся хутка, нягледзячы на не вельмі прыемнае надвор'е. Частку асобнікаў мы раздалі на вуліцы Ленінская, частку - у падземным пераходзе на скрыжаванні праспекта Міра і вуліцы Піянерскай, - паведаміў праваабаронца.

 Інфармацыйная акцыя праваабаронцаў “Вясны” 10 снежня ў Магілёве.

У Баранавічах:

Баранавіцкія праваабаронцы і актывісты адзначылі 68-ю гадавіну прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Падчас круглага стала абмяркоўваліся сітуацыя з правамі чалавека ў Рэспубліцы Беларусь, праводзілася раздача спецвыпуску газэты "Народная Воля" з праваабарончай старонкай «За нашы і вашы правы».

Такім чынам, праваабаронцы Баранавічаў нагадалі гараджанам пра правы чалавека і пра тое, што 10-га сьнежня была прынята Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека і 30 артыкулаў якой гарантуюць грамадзянам правы і свабоды.

 Інфармацыйная акцыя праваабаронцаў “Вясны” 10 снежня ў Баранавічах.

 Інфармацыйная акцыя праваабаронцаў “Вясны” 10 снежня ў Баранавічах.

 Інфармацыйная акцыя праваабаронцаў “Вясны” 10 снежня ў Баранавічах

Падчас акцыі праваабаронцы адказвалі на пытанні грамадзян і раздавалі ім, разам з газетай «Народная Воля» з праваабарончай старонкай, яшчэ і тэксты Дэкларацый.

У гутарках грамадзянам тлумачылі, што да выканання гарантаваных Усеагульнай дэкларацыяй правоў, павінны імкнуцца ўсе дзяржавы, таксама Баранавіцкія праваабаронцы нагадалі грамадзянам пра праблему смяротнага пакарання, якая вельмі актуальная і патрабуе тэрміновага ўмяшання шырокіх слаёў насельніцтва - распавёў праваабаронца Аляксандр Вайцешык.

 У Светлагорску:

Сёння, з нагоды 68 –х угодак прыняцця самага важнага дакумента ў галіне правоў чалавека, ў Светлагорску грамадзскія актывісты зладзілі акцыю. Каля гандлёвага цэнтра “Бярозкі” распаўсюджвалі газету “Народная воля”, ў якой змешчаны матэрыялы, прысвечаныя правам чалавека – спецпраект “За нашы і вашы правы”. Акрамя газет, пераважна моладзі прапаноўвалі ўзяць кніжачк з тэкстам Дэклярацыі. Акцыя праходзіла спакойна, людзі ахвотна бралі газеты, некаторыя нават адмыслова падыходзілі, каб узяць адзін-два экземпляры (казалі, для суседа). Адна кабета сказала, што з вялікім задавальненнем чытае “Народную волю”.

 Інфармацыйная акцыя праваабаронцаў “Вясны” 10 снежня ў Светлагорску

 Інфармацыйная акцыя праваабаронцаў “Вясны” 10 снежня ў Светлагорску

Нечакана, з будынка гандлёвага цэнтра, выйшаў адміністратар і запытаў, ці бралі мы дазвол на правядзенне акцыі ў іх кіраўніцтва. Яму ветліва патлумачылі, што іх дазвол нам не патрэбны, бо распаўсюджваем мы газеты не ў гандлёвым цэнтры, а на вуліцы і з дазволу рэдакцыі газеты і прапанавалі яму газету і тэкст Дэклярацыі, каб вучыў і сваімі прыдзіркамі не парушаў правы іншых людзей. Гэты малады чалавек адскочыў ад прапанаваных матэрыялаў як чорт ад ладана. Малады чалавек пачаў некаму тэлефанаваць і пайшоў у будынак гандлёвага цэнтра. Мы раздалі апошнія экзэмпляры і таксама спакойна сышлі.

У Барысаве:

На зварот праваабаронцаў у Барысаўскі райвыканкам атрыманы адказ, што ў мірным сходзе з нагоды Дня правоў чалавека адмоўлена. «У сувязі з парушэньнем абзаца 3 арт. 6 Закону «О массовых мероприятиях в Республике Беларусь».

"Карацей, цуд не адбыўся. Ні на Дзень правоў чалавека, ні на Каляды. І не абудзецца, покуль ва ўладзе будуць тыя, хто пагарджае правамі чалавека і дыскрэдытуе Рэспубліку Беларусь у вачах міжнароднай супольнасьці невыкананьнем міжнародных дамоваў", - кажа праваабаронца Алег Мацкевіч.

А сьвята, хоць і невялікае, у Барысаве усё ж адбылося. 

Інфармацыйная акцыя праваабаронцаў “Вясны” 10 снежня ў Барысаве.

 Інфармацыйная акцыя праваабаронцаў “Вясны” 10 снежня ў Барысаве

У Віцебску:

Віцебскія праваабаронцы павіншавалі месьцічаў з Днём правоў чалавека, які адзначаецца ва ўсім сьвеце 10 сьнежня – у гэты дзень у 1948 годзе Генэральнай асамблеяй ААН была прынятая Ўсеагульная дэклярацыя правоў чалавека.

Актывісты праваабарончай супольнасьці выйшлі на вуліцы Віцебску, каб раздаць мінакам спэцыяльны выпуск газэты «Народная Воля» з укладышам «За нашы і вашы правы». Цёплае і сухое надвор'е спрыяла правядзеньню акцыі – людзей у горадзе было шмат. Да таго ж у гэты дзень на Плошчы Перамогі адбывалася ўрачыстае прыняцьце вайсковай прысягі, на імпрэзе прысутнічалі сотні людзей – сваякоў і знаёмых вайскоўцаў. 

 Інфармацыйная акцыя праваабаронцаў “Вясны” 10 снежня ў Віцебску.

Інфармацыйная акцыя праваабаронцаў “Вясны” 10 снежня ў Віцебску.

Адны з ахвотай бралі выпуск газэты, некаторыя адмаўляліся і са страхам уцякалі прэч – гады заглушэньня грамадзкай актыўнасьці мясцовымі ўладамі Віцебску зрабілі сваю справу. Апроч вулічнай акцыі, праваабаронцы абышлі некалькі шматкватэрных дамоў, дзе параскладвалі асобнікі спэцвыпуску газэты па паштовых скрынях жыхароў.

У Гомелі:

Сябрамі арганізацыі і валанцерамі было распаўсюджана каля чатырохсот асобнікаў газеты "Народная воля" са спецвыпускам "За нашы і вашы правы"

Людзі цікавіліся інфармацыяй і разважалі аб падзеях у краіне, выказвалі незадавальненне сацыяльна эканамічным становішчам на прадпрыемствах і арганізацыях на якіх яны працуюць.

Спачатку акцыя распачалася ў гандлёвым зале, пасля чаго ахова гіпермаркета разам з адміністрацыяй вымусілі распаўсюджвальнікаў газет выйсці на вуліцу на адлегласць 50 метраў ад гандлёвага цэнтру.

 Інфармацыйная акцыя праваабаронцаў “Вясны” 10 снежня ў Гомелі.

Але на гэтым адміністрацыя не супакоілася тягам часу ахоўнікамі Міхаленка М. і Паўлючковым Я. быў выкліканы нарад  міліцыі дэпартамента аховы РАУС Цэнтральнага раёна  г. Гомеля пад кіраўніцтвам старшага сержанта Лапава Александра Іванавіча нагрудны нумар Б-55520. 

Пасля праверкі пашпартоў і кароткіх перамоваў са сваім кіраўніцтвам і не знайшоўшы газет і складу злачынства праваабаронцы былі вольнымі.

У Бярозе:

Гэты дзень абаронцы правоў чалавека з Бярозы Сяржук Русецкі і Тамара Шчапёткіна  адзначаюць традыцыйна ўжо шмат гадоў. Жыхарам Бярозаўшчыны раздавалася Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека і розныя іншыя матэр’ялы па абароне правоў чалавека, праводзіліся круглыя сталы. А сёлета людзі атрымалі на вуліцах Бярозы у якасці рэкламнай акцыі нумар газеты “Народная воля” са спецвыпускам За нашы і вашы правы”.

Інфармацыйная акцыя праваабаронцаў “Вясны” 10 снежня ў Бярозе.

Інфармацыйная акцыя праваабаронцаў “Вясны” 10 снежня ў Бярозе.

Інфармацыйная акцыя праваабаронцаў “Вясны” 10 снежня ў Бярозе.

Заўважна было, што бярозаўчане больш ахвотна бралі матэр’ялы, чым у мінулыя гады, рэдка хто адмаўляўся. Праваабаронцы пры гэтым напаміналі, што 68 гадоў таму ААН была прынята Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. І паяснялі, што Ўсеагульная Дэкларацыя правоў чалавека абараняе кожнага з нас,  і ў ёй замацаваны цэлы шэраг розных правоў.

Акцыя прайшла спакойна.

У Жодзіна:

Праваабаронцы "Вясны" ў Жодзіне 10сьнежня раздавалі спэцвыпуск "Народнай Волі", прымеркаваны да міжнароднага Дня Правоў чалавека. Нягледзячы на дажджлівае надвор'е яны выйшлі да жодзінцаў па вул. 50 Год Кастрычніку ля вялікага Эўраопту, размаўлялі зь імі й раздавалі газэты.

Інфармацыйная акцыя праваабаронцаў “Вясны” 10 снежня ў Жодзіна

Інфармацыйная акцыя праваабаронцаў “Вясны” 10 снежня ў Жодзіна

Аляксей Лапіцкі:
- У гэты дзень нам на шляху сустрэліся і старыя сябры, аднадумцы, і шмат незнаёмых людзей рознага веку. Рэакцыя іх на ўзгадваньне пра правы чалавека была ўдзячная й станоўчая. Ад незнаёмых людзей часта чулася ў адказ удзячнае беларускае слова. Здаралася так, што некаторыя жодзінцы болш сталага веку з сумам і прыкрасьцю ў нас пыталі: "А дзе ж вы, даражэнькія, іх у нас тут бачылі, гэтыя правы чалавека?" Прыходзілася даваць парады, тлумачыць, што каб адстаяць сваё права трэба яго дакладна ведаць і не баяцца, калі патрэбна, сказаць пра гэта.

Алесь ЛЕТА, Licviny-INFA 

У Рэчыцы:

Актывісты праваабарончага цэнтра “Вясна” ў Рэчыцы на Гомельшчыне распаўсюдзілі чарговы нумар газеты “Народная воля” са спецвыпускам, прысвечаным Міжнароднаму дню правоў чалавека.
Пра Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека, якая была прынятая менавіта 10 снежня 1948 года, у Рэчыцы ведаюць нешматлікія людзі. Асноўная катэгорыя тых, хто цікавіцца гэтымі пытаннямі – людзі, які не задаволеныя сваім становішчам і магчымасцямі выказвання сваіх думак.

 Інфармацыйная акцыя праваабаронцаў “Вясны” 10 снежня ў Рэчыцы

 Інфармацыйная акцыя праваабаронцаў “Вясны” 10 снежня ў Рэчыцы

Варта сказаць, што рэчычане цікавіліся альтэрнатыўным поглядам на існуючую ў краіне сітуацыю, і ахвотна бралі газету:
– Я чуў пра “Народную волю”, але не выпісваў ніякія газеты ўвогуле, бо я ім не веру. Але я хачу пабачыць такую газету, каб не было тае брахні, якую паказваюць па тэлевізары, – саказаў адзін з артрымальнікаў газеты.
Маладзён, якому прапанавалі газету, ахвотна яе ўзяў, але спытаўся “А ў нас тыя правы чалавека хіба ёсць?” Каб хлопец мог атрымаць адказы на свае пытанні, актывісты прапанавалі яму азнаёміцца з матэрыяламі газеты.
Тым не менш, актывісты раздавалі дэмакратычныя газеты ў двух найбольш найбольш шматлюдных пунктах горада – мікрараёне “Нафтавік” каля крамы “Еўраопт” і на цэнтральным рынку.
Паводле словаў Валера Пуціцкага, кіраўніка Рэчыцкага аддзялення ПЦ “Вясна”, актывісты імкнуліся ахапіць найбольш шматлюдныя раёны горада.
І ўсюды газета разыходзілалася вельмі хутка.


Міжнародны дзень правоў чалавека адзначаецца ў гадавіну прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Гэты дакумент быў прыняты Генеральнай асамблеяй ААН 10 сьнежня 1948 года і стаў агульнай нормай, да дасягнення якой павінны імкнуцца народы ўсіх краін. Дэкларацыя, якую падпісала і Рэспубліка Беларусь, абвяшчае правы асобы, грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды - роўнасць усіх перад законам, права кожнага на свабоду і асабістую недатыкальнасць, свабоду сумлення і іншыя.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства