“За нашы і вашы правы”: акцыі ў Дзень правоў чалавека па ўсёй Беларусі Фота
Інфармацыйнай акцыяй праваабаронцы “Вясны” і валанцёры 10 снежня адзначылі Міжнародны дзень правоў чалавека.
Некалькі тысяч асобнікаў газеты “Народная воля” са спецвыпускам “За нашы і вашы правы”, а таксама газеты “Новы час” былі раздадзеныя жыхарам сталіцы.
Спецвыпуск быў прысвечаны найбольш актуальным пытанням, якія хвалююць грамадзян Беларусі сёлета: праблема беспрацоўя і сацыяльная неабароненасць, прымусовая праца, дэкрэт аб дармаедах, тэма палітычных зняволеных.
Гаражане, нягледзячы на халодны і часты дождж спыняліся каля праваабаронцаў, цікавіліся нагодай для акцыі, а таксама тэмаю газеты, некаторыя прасілі адразу па некалькі асобнікаў для сябе і суседзяў. Было бачна, што многім з іх праўдзівае газетнае слова становіцца сёння меней даступным, чым у ранейшыя гады.
У дзень прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека 10 снежня праваабаронцы звярталі ўвагу грамадзянаў на тое, што беларуская дзяржава грэбліва ставіцца да фундаментальных правоў, замацаваных гэтым універсальным дакументам, і не выконвае ўзятыя на сябе абавязальніцтвы ў галіне правоў чалавека.
Інфармацыйныя акцыі і іншыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню правоў чалавека прайшлі сёння таксама і ў іншых гарадах Беларусі: Гародні, Берасці, Магілёве, Баранавічах, Светлагорску, Барысаве, Бярозе, Рэчыцы, Жодзіна.
Міжнародны дзень правоў чалавека адзначаецца ў гадавіну прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Гэты дакумент быў прыняты Генеральнай асамблеяй ААН 10 сьнежня 1948 года і стаў агульнай нормай, да дасягнення якой павінны імкнуцца народы ўсіх краін. Дэкларацыя, якую падпісала і Рэспубліка Беларусь, абвяшчае правы асобы, грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды - роўнасць усіх перад законам, права кожнага на свабоду і асабістую недатыкальнасць, свабоду сумлення і іншыя.