viasna on patreon

Іван Барбашынскі баіцца памерці ў СІЗА ўслед за братам

2016 2016-11-17T14:48:23+0300 2016-11-17T16:14:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ivan_barbashynski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Іван Барбашынскі ў залі суда. Фота Радыё "Свабода"

Іван Барбашынскі ў залі суда. Фота Радыё "Свабода"

У судзе Слуцкага раёна 16 лістапада распачаўся судовы разгляд справы супраць братоў Барбашынскіх, адзін з якіх – Ігар Барбашынскі – пры невысветленных абставінах 20 верасня 2016 года памёр у СІЗА г. Жодзіна.

Малодшага з братоў – Івана Барбашынскага – вінавацяць па ч. 1 і 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – “Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак”. Яму пагражае да пяці гадоў турмы.

У працэсе адвакат звярнуўся да суддзі Юліі Паўленка, якая разглядае справу, з хадайніцтвам аб спыненні справы ў дачыненні да памерлага Ігара Барбашынскага. Суддзя хадайніцтва задаволіла, крымінальная справа была спыненая.

Іван Барбашынскі ў перапынку ў залі суда сказаў, што пра смерць брата яму ніхто не паведаміў, даведаўся ён только з ліста сваякоў пра гэта. Таксама абвінавачаны паскардзіўся на свой стан здароўя. Ён распавёў, што ў СІЗА урачы нават не ведаюць, ці ёсць у каго алергія на лекі, што яны даюць.

“Узялі злепкі пломбаў і ўзялі кроў з пальца – вось і ўсё медыцынскае абследванне.

Чаму ў турмах так шмат сухотнікаў? Ад простага ВРЗ можна памерці, таму што табе там ніхто не дапаможа. Людзі там не людзі, гэта проста мяса.

У Жодзінскім СIЗА людзі валяюцца па падвалах без прытомнасьці. Усе, хто там знаходзіцца, — у небясьпецы”, – падкрэсліў Іван Барбашынскі.

Раней маці Барбашынскіх звярталася ў Дэпартамент выканання пакаранняў, каб было праведзена медыцынскае абследванне Івана Барбашынскага і прызначана адпаведнае лячэнне. Аднак, ДВП адмовіў у правядзенні такого абследвання.

“Ён непадобны на сябе. Белы твар, схуднеў кілаграмаў на дваццаць. Скардзіцца на шум у вушах і галаве. Хворы на адно вуха, якое не чуе, а зараз баіцца, каб не стаць глухім зусім. У яго толькі адно жаданне — не вяртацца назад у Жодзінскае СІЗА, бо там ён можа памерці”, — плакала ўголас маці.

Прысутныя напісалі просьбу ў суд вызваліць Івана Барбашынскага з жодзінскага СІЗА з прычыны пагрозы яго здароўю.

Нагадаем, у канцы сакавіка Ігар Барбашыскі разам з братам Іванам пасля наведвання начной кавярні былі затрыманы міліцыянтамі па дарозе дадому, абвінавачаны ў нецвярозым выглядзе і дастаўлены ў медвыцвярэзнік.

Назаўтра да медвыцвярэзніка хлопцамі была выклікана хуткая медыцынская дапамога, якая адвезла іх у паліклініку. Рэнтгенздымкі паказалі паломку рабрын, таксама былі зафіксаваны шматлікія гематомы. Пасля таго як случчане напісалі заяву ў Слуцкі РАУС аб гвалтоўным нападзе і збіцці іх міліцыянтамі, яны даведаліся, што супраць іх узбуджана крымінальная справа аб гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. Праз два месяцы, у чэрвені 2016 года, мужчыны былі арыштаваныя і да суда пасаджаны ў Жодзінскі следчы ізалятар.

У жніўні адбыліся тры судовыя пасяджэнні, пад час якіх абставіны справы для міліцыянтаў выглядаюць не лепшым чынам. Судовы разгляд справы да гэтага часу не скончаны, абвінавачаныя запрасілі ў суда зрабіць дадатковыя адмысловыя экспертызы, якія, на іх думку, маглі б даказаць адсутнасць гвалтоўных дзеянняў супраць супрацоўнікаў РАУС.

Ігар Барбашынскі не дачакаўся судовага выраку — раптоўна памёр у СІЗА.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства