Віктар Сырыца: апантаны адраджэнец Беларусі
Мінуў год, як пайшоў назаўжды ад нас наш сябра Віктар Сырыца.
Віктар быў сапраўдным Беларусам, цудоўнай душы чалавекам, надзвычай інтэлігентным, вельмі простым і сціплым, маім найлепшым сябрам. Яго адметнасць у тым, што ён не быў тым звычайным савецкім настаўнікам, якога выхоўвала калгасна-саўгасная бальшавіцкая сістэма. Ён даўно ўсвядоміў, што для таго, каб зрабіць Беларусь незалежнай краінай і не патрапіць у расейскую ненажэрную пашчу, – нам патрэбна вярнуцца да сваіх каранёў: мовы, культуры і гісторыі. І як гісторык па адукацыі, ён і вучняў сваіх і студэнтаў гэтаму навучаў.
У 2006 годзе, падчас прэзідэнцкіх выбараў, за сустрэчу ягоных студэнтаў з кандыдатам Аляксандрам Мілінкевічам, Сырыца быў безпадстаўна звольнены з працы намесніка Эканоміка-юрыдычнага каледжа па патрабаванні намесніка Міністра адукацыі Жука. Не мог ён упісацца ў сістэму, якая знішчала родную мову. Цяжка было на душы, цяжка было пакідаць працу, якую Віктар вельмі любіў. А як любілі яго студэнты! Тады яны плакалі, прасілі не сыходзіць, пісалі аб гэтым заявы дырэктару каледжа і мясцовай уладзе.
Віктар працягваў сваю працу па адукацыі насельніцтва горада на грамадскіх пачатках, рыхтаваў вучняў да паступлення ў ВНУ, зарэгістраваўшыся індывідуальным прадпрымальнікам. Усе вучні паступалі вучыцца далей і былі вельмі ўдзячны яму за дапамогу.
Віктар быў сябрам БСДГ, абіраўся кіраўніком Баранавіцкай арганізацыі Таварыства Беларускай мовы імя Ф.Скарыны (цяпер імя Віктара Сырыцы), кіраўніком Баранавіцкага аддзялення “Руху за Свабоду”.
Сырыца меў цудоўныя арганізатарскія здольнасці. Не з’яўляючыся па прафесіі будаўніком, Віктар Сырыца недабудаваны, падараваны ТБМу сябрамі арганізацыі будынак, зрабіў прыгожым двухпавярховым домам-сядзібай, дзе ладзіліся розныя імпрэзы да святаў. Такога будынка няма больш ні ў адной грамадскай арганізацыі ў Беларусі.
Пад пад яго кіраўніцтвам, а таксама з удзелам Міхася Берната – аднаго з арганізатараў БНФ, філосафа і гісторыка, былі ўсталяваныя ў Баранавіцкім раёне помнікі воінам-змагарам за незалежнасць пад Палонкай, Мілавідамі, арганізоўваліся сустрэчы з нашымі выбітнымі гісторыкамі: прафесарам Міхасём Ткачовым, Аляксандрам Краўцэвічам, гісторыкам і пісьменнікам Уладзімірам Арловым, пісьменніцай Данутай Бічэль-Загнетавай, палітыкамі: Станіславам Шушкевічам, Мячыславам Грыбам, Аляксандрам Мілінкевічам і інш., арганізоўваліся святы вышыванкі, ладзіліся іншыя цікавыя мерапрыемствы.
Апроч таго, Сырыца быў адным з аўтараў сайта Праваабарончага цэнтра “Вясна”, не толькі фіксуючы праваабарончыя падзеі ў Баранавічах, але і актыўна падтрымліваючы тых, каму была патрэбна дапамога.
Віктар Сырыца быў маім найлепшым і даўнім сябрам. Гэта інтэлігентнейшы чалавек, верны сябар, які ніколі нікога не падвёў, гэта патрыёт нашай Зямлі. Віктар быў цудоўны муж, бацька і дзядуля. У яго засталася жонка, дзве дачкі ды трое ўнукаў.
Такія людзі як Сырыца, патрэбны нам, беларусам, каб жыць годна і будаваць сваю незалежную квітнеючую Беларусь без дыктатуры і хамскай улады.
Дзякуй табе, Віктар. Мы, твае сябры, будзем цябе помніць, любіць і працягваць твае справы, хаця так таленавіта, як гэта рабіў ты, наўрад ці зможам. Нам вельмі цябе не хапае.
Сяргей Гоўша.
Чытаць: “Вясна” смуткуе з нагоды заўчаснага сыходу з жыцця Віктара Сырыцы