Маскоўскі офіс Amnesty International апячатаны
Маскоўскі офіс міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International апячатаны. Пра гэта ў сваім фэйсбуку напісаў супрацоўнік расійскага аддзялення Amnesty Іван Кандраценка.
Як паведамляе meduza, на дзвярах офіса арганізацыі вісіць аб'ява аб тым, што атрымаць доступ у памяшканне можна толькі пры садзейнічанні дэпартамента гарадской маёмасці Масквы. Замкі ў офісе выламаныя і замененыя на новыя. Па словах Кандраценкі, за ўсе 20 гадоў, што Amnesty арандуе офіс у Маскве, нічога падобнага не адбывалася. Ён распавёў, што пакуль арганізацыі не ўдалося звязацца з уладамі Масквы і высветліць, чаму іх офіс апячатаны.
Сёння з раніцы мы выявілі, што офіс Amnesty ў Маскве апячатаны, замкі выламаныя (і ўстаўлены новыя), напісана, што трэба звяртацца ў дэпартамент гарадской маёмасці Масквы з лістом, каб вывезці рэчы. Усе нашы кампутары, паперы, асабістыя рэчы - усё засталося там, за зачыненымі дзвярыма. Мяркуючы па ўсім, прыходзілі з раніцы - акумулятары для кампутараў толькі што перасталі пішчаць, электрычнасць адключана. Ніякага ліста, паведамлення, нават званка - нічога не было. Amnesty арандавала тут офіс больш за дваццаць гадоў.
Ps. Першыя гадзіны мы спрабавалі высветліць, што адбылося, тэлефанавалі па тэлефоне, напісаным на паперцы на дзвярах, але на тым канцы дроту - цішыня. Тэлефанавалі ў дэпартамент гармаёмасці Масквы, але і там пакуль што нічога не ведаюць. Мы плацілі па рахунках акуратна ўсе дваццаць гадоў - гэта быў першы і пакуль што адзіны офіс Amnesty ў Расіі.
Amnesty International - міжнародная праваабарончая арганізацыя, якая займаецца абаронай правоў чалавека па ўсім свеце. Amnesty International з'яўляецца адной з самых вядомых і ўплывовых праваабарончых арганізацый.