viasna on patreon

Знясіленага галадоўкай Уладзіміра Кондруся перавялі ў турэмны шпіталь

2016 2016-08-10T13:52:09+0300 2016-08-10T13:52:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/uladzimir_kondrus-backa.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Расціслававіч Кондрусь, бацька палітвязня Уладзіміра Кондруся. Фота: ПЦ "Вясна"

Уладзімір Расціслававіч Кондрусь, бацька палітвязня Уладзіміра Кондруся. Фота: ПЦ "Вясна"

10 жніўня бацькі Уладзіміра Кондруся паведамілі праваабаронцам "Вясны", што іх сына перавялі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь, які знаходзіцца на тэрыторыі СІЗА-1 на Валадарскага. Па словах доктара, яго ўдалося ўгаварыць на выхад з галадоўкі.

Пасля першага дазволенага спаткання з сынам, якога яны ўбачылі, з іх словаў, у стане напалову трупа, бацькі Уладзіміра Кондруся звярнуліся да дзяжурнага па СІЗА і ім удалося дамагчыся сустрэчы з доктарам з санчасткі. У выніку, учора ўвечары Уладзіміра перавялі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь, які знаходзіцца на тэрыторыі СІЗА. Не выключана, што сваю ролю ў гэтым меў і шырокі інфармацыйны рэзананс пра цяжкі стан здароўя новага фігуранта справы аб масавых беспарадках.

Сёння бацькам удалося пагаварыць з доктарам турэмнай бальніцы, якая распавяла, што Уладзіміру ўжо ставілі кропельніцу і што яна пераканала яго спыніць галадоўку, таму папрасіла перадаць свайму пацыенту дзіцячае харчаванне. Медыкі таксама абяцаюць з часам зрабіць яму зонд, пра што Уладзімір папрасіў на ўчорашнім спатканні.

Паводле бацькоў, гэтая навіна дае ім некаторую надзею, паколькі яшчэ ўчора ў адказ на іх ўгаворы пачаць прымаць ежу Уладзімір адказаў, што не можа, паколькі арганізм ужо сам яе адхіляе.

Таксама бацькі Уладзіміра Кондруся паведамілі, што сёння наведалі следчага і пакінулі яму прашэнне пра змену меры стрымання да суда, каб паставіць сына на ногі. З іх слоў, у адказ на гэта следчы толькі падкрэсліў, што іх сын «здзейсніў цяжкае злачынства».

Нагадаем, што праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі Уладзіміра Кондруся палітычным зняволеным. Як падкрэсліваецца ў адпаведнай заяве, дзеянні Уладзіміра Кондруся не могуць быць кваліфікаваныя па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь ("Масавыя беспарадкі"), а тэрмін даўнасці па іншых артыкулах КК, па якіх яны маглі б быць кваліфікаваныя, мінуў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства