viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Чэрвень 2016

2016 2016-07-04T17:07:10+0300 2016-07-05T16:14:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prinudittrud_cr2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы

- на працягу чэрвеня не адбылося якіх-небудзь сістэмных зменаў, якія дэманструюць імкненне ўладаў Беларусі да якаснага змянення сітуацыі з правамі чалавека;

- 13 чэрвеня ў Жэневе пачалася 32-я сесія Савета па правах чалавека ААН, у рамках якой быў прадстаўлены даклад спецдакладчыка па Беларусі. 1 ліпеня краіны-сябры Савета прагаласавалі за падаўжэнне мандата спецдакладчыка;

- Упраўленне Следчага камітэта па Цэнтральным раёне г. Менска працягнула тэрмін следства і ўтрымання пад вартай да 29 ліпеня ў дачыненні да актывіста Дзмітрыя Паліенкі, затрыманага 29 красавіка ў выніку гвалтоўна спыненай міліцыяй мірнай акцыі веласіпедыстаў «Крытычная маса». У дачыненні да Д. Паліенкі была распачатая крымінальная справа па арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органа ўнутраных справаў).

- у месцах пазбаўлення волі працягвае адбываць пакаранне М. Жамчужны, крымінальны пераслед якога быў прызнаны праваабарончай супольнасцю палітычна матываваным. Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага перагляду крымінальнай справы М. Жамчужнага ў адкрытым судовым пасяджэнні з захаваннем гарантый справядлівага суда, што таксама не выключае прымянення шырокага спектру такіх прававых мер, як памілаванне, амністыя і ўмоўна-датэрміновае вызваленне;

- праваабаронцам стала вядома, што ў дачыненні да М. Жамчужнага адміністрацыяй папраўчай калоніі № 14 усталяваны статус асобы, схільнай да экстрэмізму;

- 7 чэрвеня суд Маскоўскага раёна г. Менска сваім рашэннем устанавіў прэвентыўны нагляд у дачыненні да грамадзянскага актывіста Паўла Вінаградава. Міжнародныя і беларускія праваабарончыя арганізацыі расцанілі дадзенае рашэнне суда як палітычна матываваны ціск на актывіста ў сувязі яго публічнай грамадска-палітычнай дзейнасцю;

- нягледзячы на тое, што практычна ўсе несанкцыянаваныя мірныя сходы на працягу месяца прайшлі без ўмяшання органаў правапарадку і не былі гвалтоўна спыненыя, удзельнікаў і арганізатараў дадзеных сходаў працягвалі прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе буйных штрафаў. У той жа час, мясцовыя органы ўлады працягвалі практыку адмоваў у задавальненні заявак грамадзянаў на правядзенне масавых мерапрыемстваў;

- 7 чэрвеня Камітэт па нормах і стандартах Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) заклікаў улады Беларусі прывесці нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасць патрабаванням канвенцыі № 29 МАП. Дадзенае заключэнне было зроблена па выніках разгляду беларускага пытання на 105-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы ў Жэневе.

Палітычна матываваны крымінальны пераслед

Грамадскаму актывісту Паўлу Вінаградаву ўсталяваны прэвентыўны нагляд на 6 месяцаў. Такое рашэнне прыняў 7 чэрвеня суддзя Маскоўскага раённага суда г. Менска Максім Сушко. Прычым, рэальны тэрмін нагляду павінен завяршыцца 14 верасня, калі наступіць дата пагашэння ранейшай судзімасці. Да гэтага часу пры здзяйсненні прынамсі трох парушэнняў рэжыму яму можа пагражаць крымінальная адказнасць за парушэнне прэвентыўнага нагляду. З гэтага часу Павел Вінаградаў павінен знаходзіцца дома з 19.00 да 7.00. Акрамя гэтага, яму забаронена выязджаць з Беларусі. З Менска можна з'ехаць, толькі атрымаўшы дазвол у міліцыі.

Падставамі для ўзбуджэння дадзенай працэдуры паслужыла тое, што Павел Вінаградаў тройчы з пачатку года быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і ўдзелу ў масавых мерапрыемствах) у сувязі з рэалізацыяй ім свабоды мірных сходаў і выказвання меркавання.

Раней Павел Вінаградаў неаднаразова прыцягваўся да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці менавіта ў сувязі з рэалізацыяй мірным чынам свабодаў, гарантаваных як Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, так і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» выступіў з заявай, у якой адзначыў незаконнасць ўсталявання прэвентыўнага нагляду ў дачыненні да П. Вінаградава і расцаніў гэта як форму палітычна матываванага ціску на актывіста ў сувязі з яго грамадска-палітычнай дзейнасцю. З аналагічнай заявай выступіла і міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International.

Праваабарончаму цэнтру «Вясна» стала вядома, што ў адносінах да заснавальніка «Платформы інавейшн» Міхаіла Жамчужнага, які адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 14, адміністрацыяй калоніі ўсталяваны статус асобы, схільнай да экстрэмізму. Пра гэта М. Жамчужны паведаміў у лісце праваабаронцам.

Міхаіл Жамчужны таксама паведамляе ў лісце пра тое, што падчас асабістай размовы з супрацоўнікамі ПК-14 прагучала, што статус схільнага да экстрэмізму яму прысвоены нібыта ў сувязі з распаўсюджваннем сярод зняволеных забароненай літаратуры ў выглядзе дзвюх кніг Святланы Алексіевіч.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

Актывіст Дзмітрый Паліенка будзе знаходзіцца пад следствам як мінімум да 29 ліпеня. Як высветлілі праваабаронцы, Упраўленне Следчага камітэта Цэнтральнага раёна г. Менска працягнула тэрмін следства яшчэ на месяц у сувязі з тым, што супрацоўнікі не змаглі арганізаваць шэраг следчых дзеянняў. У тым ліку не былі праведзеныя вочныя стаўкі з удзелам Дзмітрыя Паліенкі, Станіслава Канавалава і супрацоўнікаў ДАІ, якія спынялі веласіпедыстаў падчас «Крытычнай масы».

Нагадаем, жорсткае затрыманне веласіпедыстаў-удзельнікаў «Крытычнай масы» адбылося ўвечары 29 красавіка. У выніку грубых дзеянняў АМАПа былі затрыманыя шэсць чалавек, якіх моцна збілі і адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна. Пазней чацвёра з затрыманых падпісалі пратаколы аб парушэнні правілаў дарожнага руху і аказанні супраціўлення супрацоўнікам органаў унутраных справаў і ДАІ, а супраць дваіх былі распачатыя крымінальныя справы па арт. 364 Крымінальнага кодэкса.

Затрыманаму Дзмітрыю Паліенку ўвечары 6 траўня прад'явілі абвінавачванні. На дадзены момант ён знаходзіцца ў СІЗА № 1 г. Менска.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» выступіў з заявай з нагоды ўтрымання пад вартай Дзмітрыя Паліенкі.

Парушэнні свабоды асацыяцый, ціск на праваабаронцаў

28 чэрвеня Магілёўскае абласное ўпраўленне юстыцыі адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі грамадскаму аб'яднанню «Магілёўскі гендарны цэнтр «Ружа». На думку рэгіструючага органа, статутныя мэты аб'яднання па барацьбе з дыскрымінацыяй па гендарнай прыкмеце не адносяцца да кампетэнцыі грамадскага аб'яднання, паколькі гарантыі раўнапраўя забяспечваюцца ўпаўнаважанымі на тое дзяржаўнымі органамі.

Парушэнне права на мірныя сходы і выказванне меркавання

У чэрвені працягнуліся выпадкі судовага пераследу ўдзельнікаў мірных сходаў, якія праводзіліся без атрымання дазволаў мясцовых уладаў.

1 чэрвеня суддзя Суда Цэнтральнага раёна г. Менска Вікторыя Шабуня разгледзела адміністрацыйную справу ў дачыненні да Юрыя Лукашэвіча, ўдзельніка акцыі «Праспект Нацыянальнага сцяга», якая прайшла ў Менску 14 траўня, і пакарала яго штрафам у памеры 20 базавых велічынь.

2 чэрвеня ў судзе Партызанскага раёна г. Менска адбыўся разгляд адміністрацыйных справаў актывістаў «Экалагічнага пошугу» і руху «Цана жыцця», якія прымалі ўдзел у пікеце ў абарону жывёлаў каля будынка Дзяржцырка 17 красавіка. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, што, на думку міліцыі, з'яўляецца правапарушэннем па арт. 23.34 КаАП.

Суддзя Іван Неўмяржыцкі разгледзеў адміністрацыйныя справы і наклаў спагнанні: Яне Каралёвай — штраф 20 базавых велічынь, Арцёму Каралёву — штраф у памеры 20 базавых велічынь, Максіміліяну Бойчанку — штраф 20 базавых велічынь.

Суддзя Вольга Паўлоўская разгледзела справы Паўла Сяргея па ч. 3. арт. 23.34 КаАП (штраф 30 базавых велічынь), Дар'і Тылецкай (штраф 15 базавых велічынь) і Юрыя Пучылы (штраф 15 базавых велічынь).

Суддзя Мар'яна Ваўчкова разгледзела справы Вячаслава Касінерава — штраф 15 базавых велічынь.

13 чэрвеня суд Партызанскага раёна г. Менска разгледзеў адміністрацыйныя справы актывістаў Максіма Вінярскага і Вольгі Нікалайчык за тое, што 16 сакавіка яны развесілі партрэты зніклых палітыкаў і журналіста на гранітных падмурках помніка-стэлы на плошчы Перамогі. Праз некаторы час высветлілася, што па гэтым факце была распачатая крымінальная справа і разгляд доўжыўся месяц. Потым гэтыя дзеянні кваліфікавалі як адміністрацыйнае хуліганства, а канчаткова — па арт. 23.34 КаАП, як за пікет без дазволу ўладаў. Суддзя Супрун пастанавіў пакараць іх штрафамі ў памеры 40 базавых велічынь кожнага.

Менскім гарадскім судом устаноўлены памылкі пры разглядзе адміністрацыйных справаў удзельнікаў Дня Волі Рыгора Кастусёва, Мікалая Казлова, Наталлі Саматыі і Анатоля Шумчанкі. У сувязі з гэтым пастановы, па якіх на актывістаў былі накладзеныя буйныя штрафы, адмененыя, а справы накіраваныя на паўторны разгляд.

20 чэрвеня Суд Маскоўскага раёна г. Менска разгледзеў адміністрацыйныя справы ўдзельнікаў акцыі салідарнасці з Дзмітрыем Паліенкам, які знаходзіцца ў СІЗА № 1. Суддзя Таццяна Пірожнікава вынесла пастанову аб пакаранні штрафам актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Леаніда Кулакова ў памеры 50 базавых велічынь.

Раніцай 23 чэрвеня ў Мінску затрымана юрыст Тамара Сяргей; па яе словах, у сувязі са скаргай, якую яна накіравала на імя начальніка менскай міліцыі Аляксандра Барсукова на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ў дачыненні да ўдзельнікаў пікету, які прайшоў 31 сакавіка на плошчы Свабоды. Менавіта ў дзень затрымання ў Менску на плошчы Свабоды, недалёка ад Палаца Рэспублікі, дзе праходзіць V Усебеларускі народны сход, планаваўся чарговы пікет актывістаў грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры», у якую ўваходзіць Т. Сяргей.

29 чэрвеня ў Барысаве адбыўся суд пад старшынствам суддзі Болатава А.В. над удзельнікамі несанкцыянаванага пікету, які адбыўся 7 траўня. Заяўка на пікет падавалася, але райвыканкам не даў дазволу на яго правядзенне. У выніку суддзя вынес пастановы аб накладанні штрафаў: 40 базавых велічынь Аляксандру Абрамовічу, 45 — Алесю Макаеву і па 15 — Міхаілу Латышаву і Пятру Пракаповічу.

Салігорскі райвыканкам забараніў правядзенне мітынгаў на стадыёне «Будаўнік» — адзіным дазволеным для гэтага месцы ў беларускай сталіцы шахцёраў, у перыяд з 6 па 25 чэрвеня. Пазбаўленне Салігорска на тры тыдні права на мірныя сходы чыноўнікі абгрунтавалі працай у гэты час на стадыёне спартыўна-аздараўленчага лагера спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву. Інфармацыю аб забароне мірных сходаў у Салігорску атрымаў мясцовы актывіст БХД Уладзімір Шыла, які ў пачатку чэрвеня падаў заяву на правядзенне мітынгу: у сувязі з правядзеннем Усебеларускага сходу актывісты хацелі правесці ў Салігорску мітынг і сфармуляваць там свае «наказы» дэлегатам ад Салігоршчыны.

Пераслед журналістаў

У Лоеве 21 чэрвеня прыблізна ў 14.30 былі затрыманыя журналісты-фрылансеры з Гомеля Кастусь Жукоўскі і Аляксей Атрошчанка. Па словах Кастуся Жукоўскага, яны па просьбе мясцовых жыхароў прыехалі ў райцэнтр, каб зняць відэа аб праблемах мясцовага завода па вытворчасці цэглы, які цяпер знаходзіцца ў складаным эканамічным становішчы. Праз некаторы час журналістаў даставілі ў РАУС. У аддзеле міліцыі, як паведаміў К. Жукоўскі, яго звалілі на падлогу, надзелі кайданкі, нейкі незнаёмы, які прадставіўся намеснікам начальніка РАУС, ставіў яму нагу на галаву, калі ён ляжаў на падлозе.

Журналістку «Бобруйского курьера» і рэдактара «Нашага Дома» Александрыну Глаголеву-Васьковіч настойліва выклікалі ў міліцыю па тэлефоне ў сувязі з прысутнасцю па рэдакцыйным заданні ў Слоніме падчас пікету. Журналістку абвінавацілі ва ўдзеле ў пікеце; 31 сакавіка ў яе дачыненні пачалі адміністрацыйны працэс, азнаёмілі з матэрыяламі справы і паведамілі, што адбудзецца суд.

Парушэнне права на свабоду перакананняў

Актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Леаніда Кулакова 21 чэрвеня затрымалі супрацоўнікі ДАІ за пару бел-чырвона-белых аўтасцяжкоў з гербам «Пагоня», якія ён замацаваў на свой на аўтамабіль-таксі. Падчас знаходжання Кулакова ў будынку Цэнтральнага РУУС сцяжкі з аўтамабіля, прыпаркаванага побач з будынкам, зніклі.

У Яўгена Батуры супрацоўнікі ДАІ па надуманай падставе канфіскавалі аўтамабіль, упрыгожаны замацаванымі звонку бел-чырвона-белымі сцяжкамі, пакінуўшы яго на стаянцы РУУС. Ніякіх дакументаў аб канфіскацыі яму не выдалі.

Пад пагрозай пераследу па той жа падставе апынуўся і Цімафей Дранчук, аўтамабіль якога затрымліваўся супрацоўнікамі ДАІ.

Усе гэтыя выпадкі відавочна звязаныя з выкарыстаннем аўтамабілістамі нацыянальнай сімволікі.

Катаванні і жорсткае, бесчалавечнае, прыніжальнае абыходжанне

Праваабаронцы «Вясны» звярнуліся да міністра ўнутраных справаў Беларусі ў сувязі з жорсткім абыходжаннем са зняволеным, былым кіраўніком Культурна-асветніцкай установы «Платформа інавейшн» Андрэем Бандарэнкам.

Зварот у электроннай форме накіраваны 8 чэрвеня міністру ўнутраных справаў Беларусі Ігару Шуневічу: у дачыненні да праваабаронцы і былога кіраўніка Інфармацыйна-асветніцкай установы «Платформа» і Культурна-асветніцкай установы «Платформа інавейшн» Андрэя Бандарэнкі працягваецца прымяненне празмерных у існуючых умовах мер, якія ў сукупнасці з іншымі абставінамі сведчаць пра выбарчае жорсткае абыходжанне з ім у сувязі з яго папярэдняй праваабарончай дзейнасцю.

У сувязі з гэтай сітуацыяй праваабаронцы паўторна патрабуюць спыніць неабгрунтаваны пераслед А. Бандарэнкі з боку прадстаўнікоў Дэпартамента выканання пакаранняў; правесці праверку ўмоваў утрымання асуджанага; дазволіць сустрэчу А. Бандарэнкі з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый.

Журналісты-фрылансеры з Гомеля Кастусь Жукоўскі і Аляксей Атрошчанкаў, якія былі затрыманыя 21 чэрвеня ў Лоеве, падалі заявы ў Следчы камітэт на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. Журналісты патрабуюць прыцягнуць да адказнасці міліцыянтаў, якія затрымлівалі іх і збівалі. Як заявілі Жукоўскі і Атрошчанкаў, яны правялі ў пастарунку больш за пяць гадзінаў, дзе ім выкручвалі рукі, клалі на падлогу і ставілі ногі на галаву, надзявалі кайданкі, пагражалі расправай. Таксама падчас затрымання была пашкоджаная камера. У выніку ніякіх працэсуальных дакументаў у дачыненні да журналістаў не склалі і адпусцілі іх тым жа вечарам.

Гарантыі справядлівага суда

У Беларусь экстрадаваны Эдуард Пальчыса, чыю дзейнасць звязваюць з сайтам грамадска-палітычнай тэматыкі 1863х.com, і які абвінавачваецца па ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Адвакат абвінавачанага некалькі месяцаў дамагалася магчымасці азнаёміцца з матэрыяламі справы, а пасля змяшчэння Пальчыса ў СІЗА ў Менску не магла яго досыць доўгі час наведаць. 26 траўня яго ўжо не было ў расійскім СІЗА, а 8 чэрвеня адвакат яшчэ не атрымала ад следчага дакумента, каб наведаць падабароннага ў СІЗА, у сувязі з чым ёй давялося звяртацца са скаргамі да кіраўніцтва ўпраўлення Следчага камітэта.

У сувязі з гэтым ПЦ «Вясна» выступіў з заявай з патрабаваннем захавання ўсіх працэсуальных гарантый і правоў у дачыненні да Эдуарда Пальчыса, які ўтрымліваецца пад вартай, а менавіта — гарантаваць права на абарону, у тым ліку неадкладна дапусціць да яго адваката; забяспечыць належныя ўмовы ўтрымання і абыходжання, якія б не з'яўляліся жорсткімі, бесчалавечнымі або зневажальнымі для годнасць, адпавядалі міжнародным стандартам утрымання зняволеных.

29 чэрвеня ў Барысаве адбыўся суд пад старшынствам суддзі Болатава А.В. над удзельнікамі несанкцыянаванага пікету, які адбыўся 7 траўня. Адзін з грамадзянаў, у дачыненні да якіх вёўся адміністрацыйны працэс, Аляксандр Абрамовіч, выказаў недавер суддзі: 18 гадоў таму Вярхоўны Суд адмяніў пастанову суддзі Болатава ў яго дачыненні. Тады суддзя Болатаў незаконна суміраваў тры адміністрацыйныя арышты (10, 10 і 15 сутак) і вынес пакаранне ў 35 сутак арышту, якія Абрамовіч адбыў незаконна. Суддзя хадайніцтва аб сваім адводзе не задаволіў, палічыўшы, што падставы для адводу адсутнічаюць.

Смяротнае пакаранне

З 21 па 23 чэрвеня ў Осла прайшоў 6-ы Сусветны кангрэс супраць смяротнага пакарання, арганізатарамі якога выступіла французская асацыяцыя «Разам супраць смяротнага пакарання» пад патранатам Іспаніі, Нарвегіі, Швейцарыі і Францыі, сумесна з Сусветнай кааліцыяй супраць смяротнага пакарання і іншымі міжнароднымі арганізацыямі. Беларусь на кангрэсе традыцыйна прадставіла кампанія «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання».

Amnesty International выступіла з заявай, у чарговы раз заклікаўшы ўлады Беларусі да адмены смяротнага пакарання ў краіне.

Забарона прымусовай працы

Праблема прымусовай працы У Беларусі захоўвае актуальнасць, нягледзячы на некаторыя крокі дзяржавы па прывядзенню заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязацельствамі, у прыватнасці — адмену Дэкрэта Прэзідэнта № 9 «Аб дадатковых мерах па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці» ад 7 снежня 2012 года, які прадугледжваў забарону на звальненне па жаданні работніка з прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі, якія былі мадэрнізаваныя за дзяржаўны кошт, без згоды наймальніка пад пагрозай спагнання ўсіх даплатаў па кантракце і прымусовага працаўладкавання на гэтыя ж прадпрыемствы ў выпадку немагчымасці вяртання гэтых сродкаў.

Камітэт па нормах і стандартах Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) звярнуў увагу беларускіх уладаў на неабходнасць прывесці нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасць з патрабаваннямі Канвенцыі № 29 МАП, якая абвясціла забарону на прымусовую працу па выніках разгляду беларускага пытання на 105-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы, якая прайшла 6 чэрвеня ў Жэневе.

Камітэт па нормах і стандартах МАП настойліва заклікаў урад Беларусі «гарантаваць, каб наступныя Дэкрэты і нацыянальнае заканадаўства знаходзіліся ў поўнай адпаведнасці з Канвенцыяй № 29, у тым ліку: Дэкрэт Прэзідэнта № 3 ад 2 красавіка 2015 года «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства»; Закон № 104-3 ад 4 студзеня 2010 года «Аб працэдуры і парадку накіравання грамадзянаў у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і аб умовах знаходжання ў іх»; Дэкрэт Прэзідэнта № 5 «Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый»; Дэкрэт Прэзідэнта № 18 ад 24 лістапада 2006 года «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у «праблемных сем'ях».

Тым часам, праваабаронцамі выкрываюцца выпадкі прымусу грамадзянаў да дармовай працы органамі дзяржаўнай улады: як вынікае з распараджэння Глускага раённага выканаўчага камітэта ад 8 чэрвеня «Аб аказанні дапамогі ў нарыхтоўцы кармоў», кіраўнікам арганізацый патрабуецца забяспечыць «ва ўстаноўленым законам парадку накіраванне работнікаў падведамных арганізацый да 20 чэрвеня для сельскагаспадарчых работ па нарыхтоўцы сена згодна з дадаткам». Кожнаму мужчыну загадана нарыхтаваць 300 кг сена. Пасля таго, як гэты факт атрымаў агалоску, кіраўніцтва Глускага выканкама распараджэнне адмяніла, пра што стала вядома пазней з паведамлення Магілёўскага аблвыканкама. Пракуратура Глускага раёна адмовілася ад разгляду скаргі праваабаронцаў, у сувязі з чым ужо пададзеная скарга ў пракуратуру Магілёўскай вобласці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства