viasna on patreon

Наста Лойка: Палітычныя рэпрэсіі толькі змянілі свае формы

2016 2016-05-26T09:18:03+0300 2016-05-26T10:08:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/nasta_lojka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Наста Лойка. Фота: Юля Сакалоўская

Праваабаронца Наста Лойка. Фота: Юля Сакалоўская

“Судовы канвеер” у Беларусі працягвае працаваць амаль без перапынку. Пра новую тактыку адносна ўдзельнікаў несанкцыянаваных акцый, вялікія штрафы, сітуацыю з правамі чалавека сайту palitviazni.info распавядае праваабаронца Наста Лойка.

“Пераслед удзельнікаў мірных акцый супярэчыць міжнародным стандартам свабоды сходаў і дабраахвотна ўзятым на сябе міжнародным абавязкам з боку Беларусі, – адзначае праваабаронца. –Фактычна, рэпрэсіі толькі ўзмацніліся і паляпшэння сітуацыі не бачна”.

Напрыклад, першы кіраўнік незалежнай Беларусі, экс-спікер Вярхоўнага савета Станіслаў Шушкевіч на гэтым тыдні быў аштрафаваны за ўдзел ва ўстаноўчым сходзе Беларускага нацыянальнага кангрэса на 30 базавых велічынь (6,3 млн. рублёў).

Усяго, паводле звестак праваабаронцаў, пратаколы складзены ў дачыненні больш як да 20 чалавек.

Нагадаем, у апошні час МУС крыху змяніла сваё стаўленне да несанкцыянаваных масавых акцый, пра што заяўляў і міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч.
“Мы знайшлі пэўны алгарытм рэагавання на парушэнні закона ў гэтай форме – правядзення несанкцыянаваных мерапрыемстваў, які задавальняе ўсіх, – паведаміў ён. – МУС не пакідае без увагі ніводнае такое здарэнне, рэагуе, складаючы адміністрацыйныя пратаколы і накіроўваючы іх у суд для разгляду. Такая практыка сёння прымяняецца, і, улічваючы агульную крымінагенную сітуацыю ў краіне і ўнутрыпалітычную сітуацыю, яе дастаткова”.

– Новая тактыка сілавікоў у дачыненні да ўдзельнікаў несанкцыянаваных акцый – вялікія штрафы за ўдзел у гэтых мерапрыемствах. Ці змянілася нешта ў гэтым плане ў апошні час? Так званыя “штрафныя рэпрэсіі” ўзмацніліся альбо засталіся на ранейшым узроўні?

– Колькасць штрафаў павялічваецца штомесяц. Усё большую колькасць удзельнікаў спрабуюць прыцягнуць да адказнасці за несанкцыянаваныя мерапремствы, а часам і за санкцыянаваныя: адбыўся шэраг судоў за тое, што на Дзень Волі ўдзельнікі правялі мітынг на месцы збору. Негатыўным адметным фактарам можна назваць тое, што за акцыю у Маладэчна актывіст “Пошуга” Павал Сяргей адбываў 7 сутак арышту ў мясцовым ізалятары, а ў  Жодзіна ўдзельнікаў акцыі затрымалі на выходныя да суду, а потым далі штрафы. Вялікую занепакоенасць выклікае і інцыдэнт 29 красавіка, калі груба разагналі ўдзельнікаў акцыі “Крытычная маса”, 6 чалавек затрымалі, збілі і на дваіх узбудзілі крымінальную справу за гвалт у дачыненні да прадстаўніка праваахоўных органаў. Дзмітрый Паліенка, дарэчы, ужо амаль месяц знаходзіцца ў СІЗА.

– Як ацэньваць гэтыя справы, калі людзі атрымліваюць штрафы за выказванне сваёй пазіцыі? Ці можна лічыць іх палітычна матываванымі?

– Мы ад пачатку казалі і працягваем казаць: пераслед удзельнікаў мірных акцый супярэчыць міжнародным стандартам свабоды сходаў і дабраахвотна ўзятым на сябе міжнародным абавязкам з боку Беларусі. Фактычна, рэпрэсіі толькі ўзмацніліся і паляпшэння сітуацыі не бачна.

– Ці можна ў сёняшніх умовах абараніць сябе ўдзельнікам акцый пратэсту, калі гэта наогул магчыма?

– Удзельнікі акцый могуць звяртацца да нас па кансультаванне, юрыдычную падтрымку на час судоў і для абскарджання судовых рашэнняў. Мы гатовыя спрыяць абскарджанню, як на нацыянальным, так і міжнародным узроўні. Зрэдку суды вяртаюць справы на дапрацоўку, часам пастановы першай інстанцыі адмяняе гарадскі суд, але гэта рэдкія выключэнні. На жаль, пазіцыя гарадскога суда вельмі кепская: спасылкі на міжнародныя нормы права яны ігнаруюць, ставяць на першае месца кепскі беларускі закон, а на працэсуальныя парушэнні проста заплюшчваюць вочы і кажуць, што “чалавек жа быў на акцыі, якая розніца, што пратакол недасканалы”. Формай абароны тут можа быць толькі схаваны твар, і тое нярэдка гэта не ратуе ад пратаколаў.

– Калі ў краіне былі палітвязні, Еўропа жорстка рэагавала на гэта. Якой, на ваш погляд,  будзе ў бліжэйшы час рэакцыя Захаду на такія “прыхаваныя рэпрэсіі”?І ці будзе яна наогул?

– Наколькі ведаю, патрабаванне змяніць заканадаўства ў галіне свабоды сходаў на больш прававую працэдуру, з заяўным, а не дазвольным характарам акцый, стаіць востра на міжнародным узроўні ў адным шэрагу з пытаннем смяротнага пакарання. На жаль, гэтыя размовы пакуль тупіковыя, палітычная воля на змены не дэманструецца, а новыя механізмы пакуль не выявіліся.

– Улада вырашыла паказаць Еўропе, што сітуацыя з правамі чалавека ў краіне паляпшаецца. Што з гэтай нагоды кажуць праваабаронцы?

– Мы настойваем на тым, што “паляпшэнні” носяць дэкаратыўны характар: сістэмных зменаў няма, рэпрэсіі толькі змянілі свае формы, а грамадская супольнасць так і выключаная з працэсаў абмеркавання важных рашэнняў. Смяротнае пакаранне, непразрыстая працэдура выбараў, пераслед за акцыі пратэстаў – гэта ўсё індыкатары захавання старых падыходаў.

– Правабаронцы, наколькі вядома, спадзяюцца, штоўлады пойдуць назмены ў закон “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.Якія тут перспектывы?

– Праваабронцы працуюць на змены гэтага закона па розных накірунках: рэгіянальныя калегі адваёўваюць новыя месцы пад правядзення сходаў ці за змены ў працэдуры аплаты аховы мерапрыемства. Частка зараз рыхтуе больш грунтоўныя прапановы па змене закона, каб ён адпавядаў міжнародным стандартам. У першую чаргу, гэта мусіць датычыцца працэдуры арганізацыі і правядзення сходаў, пазітыўных абавязкаў уладаў па спрыянні і ахове мерапрыемства, што зараз абсалютна немагчыма з актуальнай версіяй закона. Мы будзем прыкладаць усе намаганні, каб закон перастаў ганьбіць Беларусь на міжнароднай арэне і даваў магчымасць рэалізацыі права на выказванне меркавання ў форме сходаў больш адэкватна і прапарцыйна.

– Як сёння ўвогуле можаце ахарактаразаваць сітуацыю з правамі чалавека ў краіне?

– Яна застаецца нязменна скаладанай.

– Некаторыя мяркуюць, што з цягам часу рэпрэсіі могуць ўзмацніцца. Хтосьці сцвярджае, што могуць застацца на сёняшнім узроўні. Ваш прагноз: які сцэнар больш верагодны і чаму?

– Пакуль што сітуацыя можа быць замарожаная, але ніхто не застрахаваны ад сцэнару 19 снежня 2010 года, калі за адзін вечар Беларусь стала сапраўды рэпрэсіўнай дзяржавай. Пакуль застаецца радавацца, што за кратамі толькі 2 чалавекі па палітычных матывах (праваабронца Міхаіл Жамчужны і актывіст Дзмітрый Паліенка), але іх вызвалення мы будзем патрабаваць таксама.

palitviazni.info

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства