Amnesty International абвясціла тэрміновую акцыю ў абарону Генадзя Якавіцкага
Аўтарытэтная міжнародная арганізацыя Amnesty International распаўсюдзіла тэрміновы зварот з чарговым заклікам да прэзідэнта Лукашэнкі спыніць смяротнае пакаранне ў Беларусі:
4 красавіка Вярхоўны суд Беларусі пакінуў у сіле смяротны прысуд, вынесены ў дачыненні да Генадзя Якавіцкага. Цяпер яму пагражае расстрэл.
Генадзь Якавіцкі быў прысуджаны да смерці 5 студзеня бягучага года, пасля таго як ён быў прызнаны вінаватым у забойстве сужыцелькі ў чэрвені 2015 года. Гэта быў першы смяротны прысуд, вынесены ў 2016 годзе. Генадзя Якавіцкага вінавацілі ў забойстве сужыцелькі ў выніку двух дзён злоўжывання алкаголем разам з сябрамі.
Amnesty International стала вядома, што ён адкідае вылучаныя супраць яго абвінавачванні, а яго адвакаты настойваюць, што ў судзе не былі вывучаныя ключавыя доказы і што яго віна не была адназначна ўстаноўленая. Генадзь Якавіцкі накіраваў, разам з сваім адвакатам, скаргу ў Вярхоўны суд, каб устанавіць, ці былі ў ходзе судовага разбіральніцтва якія-небудзь працэдурныя парушэнні або парушэнні прынцыпаў справядлівага суда, якія, на іх думку, прысутнічалі. Гэта можа прывесці да паўторнага разгляду, у часе якога яны маюць прадставіць невывучаныя доказы. Тым не менш, смяротны прысуд Генадзю Якавіцкаму застаецца ў сіле.
Генадзь Якавіцкі таксама звярнуўся да прэзідэнта з просьбай аб памілаванні. Вельмі малаверагодна, што гэтая просьба будзе задаволеная. З моманту прыходу да ўлады ў 1994 годзе прэзідэнт Лукашэнка памілаваў толькі аднаго чалавека. Калі ў памілаванні будзе адмоўлена, Генадзь Якавіцкі можа быць расстраляны ў самым хуткім часе без адпаведнага папярэджання. У Беларусі смяротнікаў расстрэліваюць стрэлам у патыліцу. Родныя Генадзя Якавіцкага не будуць праінфармаваныя аб гэтым, ім таксама не прадаставяць магчымасці ў апошні раз пабачыцца з ім. У адпаведнасці з беларускай практыкай, даныя пра месцазнаходжанне яго цела не будуць раскрытыя.
Беларусь з'яўляецца адзінай краінай у Еўропе і Цэнтральнай Азіі, якая працягвае ўжываць смяротнае пакараньне. Amnesty International выступае супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках без выключэння як парушэння права на жыццё, як і абвешчана ва Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека. Гэта незваротнае, жорсткае, бесчалавечнае і прыніжальная для годнасці пакаранне.
Калі ласка, напішыце неадкладна на беларускай, рускай або сваёй роднай мове:
- Прэзідэнту Лукашэнку, настойліва заклікаючы спыніць любыя запланаваныя пакаранні і неадкладна замяніць смяротны прысуд Генадзю Якавіцкаму і ўсім астатнім асобам, асуджаным на смерць у Беларусі;
- Падкрэсліваючы патрабаванні абароны аб тым, што ключавыя доказы не былі даследаваныя ў часе судовага разбіральніцтва ў парушэнне права Генадзя Якавіцкага на справядлівае судовае разбіральніцтва, і заклікаючы забяспечыць паўторнае слуханне справы ў адпаведнасці з нормамі міжнародных стандартаў справядлівага суда;
- Заклікаючы прэзідэнта Лукашэнку ўвесці неадкладны мараторый на прывядзенне прысудаў у выкананне з мэтай адмены смяротнага пакарання.