Хто палюе на Мікалая Аўтуховіча?
Ціск на былога палітвязня Мікалая Аўтуховіча працягваецца. Зараз з ваўкавыскім прадпрымальнікам шукаюць сустрэчу супрацоўнікі крымінальнай мілыцыі.
“Псіхалагічны ціск на мяне працягваецца, – распавёў сайту palitviazni.info Мікалай Аўтуховіч. – Гэта, безумоўна, дадае складанасцей, бо пастаянна знаходзішся ў напружанасці. Я не ведаю, хто распачаў гэтую гульню, але здагадкі з гэтай нагоды ёсць…”
Нагадаем, што днямі прадпрымальнік і былы палітзняволены з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховічзаявіў, што ён не выключае, што ўлады рыхтуюць супраць яго новую правакацыю, а магчыма, і пачатак чарговай крымінальнай справы.
“Калі некаторых маіх знаёмых дапытваюць пра маё дачынення да нейкіх выбуховак, то, мяркую, справа сур’ёзная”, – паведаміў ён.
Дарэчы, у 2010 годзе Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны на пяць гадоў і два месяцы пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму за захоўванне пяці патронаў для паляўнічай вінтоўкі. Самыя цяжкія абвінавачанні — у падрыхтоўцы тэракту ў дачыненні да чыноўнікаў і падпалу дома міліцэйскага начальніка — суд палічыў недаказанымі.
Следства доўжылася больш за год, але даказальная база прыналежнасці Аўтуховіча да падрыхтоўкі тэракта ў дачыненні да чыноўнікаў і падпалу дома мясцовага міліцэйскага начальніка рассыпалася за пару дзён апытання сведак падчас судовага слухання справы. Фактычна ніхто са сведак не пацвердзіў свае паказанні, дадзеныя следству. Па адной вельмі характэрнай прычыне — патрэбныя следству паказанні са сведак выціскаліся сілком і пагрозамі.
Былы палітвязень не выключае, што і зараз могуць зладзіць правакацыю. “Знойдуць людзей, якія дадуць патрэбныя сведчанні, а пасля апраўдвайся”, – асцерагаецца ён.
“Супрацоўнік крымінальнкай міліцыі Ваўкавыскага РУУС жадае са мной паразмаўляць, –распавядае Мікалай Аўтуховіч. – Тэлефанавалі на працу, але не заспелі мяне там, бо я быў па справах у Гродне. Міліцыянт абяцаў сам прыехаць на працу, але так і не прыехаў. Праз нейкі час ізноў тэлефануе пра сустрэчу. Адным словам, спакойна жыць не даюць, а што ім патрэбна, я так і не ведаю”.
Па словах прадпрымальніка гэта больш падобна на псіхалагічны ціск, бо, калі б справа была вельмі сур’ёзная, то размова адбылася б ужо даўно.
“Калі я праз СМІ выказаў засцярогу, што супраць мяне могуць быць ужыты правакацыі, мяркую, зрабіў правільна, – кажа Мікалай Аўтуховіч. – Міліцыянты, напэўна, таксама чытаюць гэтыя навіны, а таму зараз і не ведаюць што рабіць. Ім жа нейкім чынам трэба абгрунтаваць, навошта яны апытваюць маіх сябраў пра маю датычнасць да нейкіх міфічных выбуховак. Калі я ведаю, што дакладна не маю дачынення да гэтага, значыцца гэта ўжо – нейкая “падстава”. Але няўжо сілавікоў нічому не навучыў вопыт шасцігадовай даўніны, калі мне таксама хацелі “прычапіць” падрыхтоўку тэракта, але ўсё гэта з трэскам развалілася на судзе? Але, паўтаруся, псіхалагічны ціск ёсць”.
Мікалай Аўтуховіч дадае, што такім чынам яго, магчыма, хочуць запалохаць, каб ён паменш актыўнасці праяўляў у грамадскім і палітычным жыцці ды не “варушыў” свае старыя справы, за якія быў асуджаны.