Касінерава чакае суд за перфоманс каля Следчага камітэта
Актывіста "Пошуга" і фігуранта “справы графіцістаў” Вячаслава Касінерава выклікаюць 26 красавіка ў суд Цэнтральнага раёна Мінска для разгляду справы аб адміністрацыйным правапарушэнні па пратаколу, складзеным 8 красавіка. Пра гэта праваабаронцам паведаміў сам актывіст.
Паколькі 8 красавіка ў Менску адбылася толькі адна акцыя, нецяжка здагадацца, пра што йдзе гаворка.
У той дзень, 8 красавіка, некалькі юнакоў правялі акцыю ў падтрымку арыштаваных антыфашыстаў каля будынку Упраўлення Следчага камітэта па горадзе Мінску, што на вуліцы Сапёраў.
Як паведамляла “Наша Ніва”, “хлопец павесіў пад вокнамі расцяжку з надпісам «Лапы прэч ад антыфашыстаў» і запаліў каляровы фаер для прыцягнення ўвагі.
Акцыя праходзіла пры канцы працоўнага дня, побач праходзілі два супрацоўнікі Следчага камітэта ў цывільнай вопратцы, яны заўважылі перформанс і затрымалі хлопца. На яго склалі пратакол у машыне ды адпусцілі”.
Вячаслава Касінерава абвінавачваюць у правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства (ч.2 арт.23.34 КаАП РБ). Пачатак суду ў 9-30.