Вячаслава Сіўчыка будуць судзіць з другой спробы
20 красавіка прыкладна каля 22 гадзін некалькі супрацоўнікаў міліцыі Цэнтральнага РУУСа Мінска ізноў падкаравулілі палітыка Вячаслава Сіўчыка каля пад’езду ягонага дома. Яны паспелі забегчы за ім у пад’езд і папярэдзілі, што на гэты раз затрымліваць не будуць, а толькі ўручаць складзеныя на яго пратаколы адміністрацыйных правапарушэнняў. Аказалася, што прывезлі яны ажно тры копіі пратаколаў. Пасля гэтага міліцыянты з’ехалі на некалькіх аўтамабілях.
Незразумела, навошта міліцыі было ўчыняць такі дзікі перформанс, адцягваць ад працы супрацоўнікаў міліцыі, службовы транспарт, калі ёсць пошта. Магчыма, гэтыя дзеянні сілавікоў з’яўляюцца своеасаблівым сродкам запалохвання актывіста.
Разгляд адміністрацыйных спраў Сіўчыка пачнецца сёння ў 15 гадзін у судзе Цэнтральнага раёна Мінска.
Напярэдадні, 19 красавіка каля 3 гадзін ночы ў пад’ездзе дома супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывіста апазіцыі і лідара руху салідарнасці „Разам” Вячаслава Сіўчыка. Па словах ягонай маці спадарыні Галіны, яго доўга каравулілі, а як затрымалі – пачалі моцна збіваць. З яго садралі куртку і швэдар і закавалі ў кайданкі.