Баранавічы: Рыгор Грык аштрафаваны на 40 базавых велічынь
Суддзя Баранавіцкага суда Вольга Копач вынесла рашэнне пакараць грамадскага актывіста Рыгора Грыка штрафам у памеры 40 базавых велічынь па абвінавачанні ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве паўторна на працягу года па ч. 3 арт 23.34 КаАП РБ.
Са складзеным завочна пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў у Мінску 28 лютага Рыгор Грык не пагадзіўся. Там было напісана, што Грык выкрыкваў лозунгі, чым парушаў правапарадак.
На акцыю прадпрымальнікаў Рыгор Грык выйшаў у паласатай робе з плакатам са словамі Рыгора Барадуліна: “Адкінем страх, сумненне і ныццё! За Беларусь, за годнае жыццё!” Ён таксама трымаў у руках Канстытуцыю РБ і плакацік з надпісам: “SOS!”. Пры гэтым ніхто да яго падчас акцыі не падыходзіў, ніхто не рабіў заўвагі.
Судовы працэс адбываўся без удзелу сведкаў – міліцыянтаў. Яны не змаглі прыехаць “па сямейных абставінах”. Гэта было ўжо другое паседжанне, і доўжылася яно ўсяго 6 хвілін. Суддзя вынесла рашэнне, не выходзячы з залы, заявіўшы, што “пасля ўсебаковага даследавання” яна “прыйшла да высновы, што віна Грыка даказаная”.
Першы раз на працягу года Рыгор Грык быў пакараны падчас прэзідэнцкіх выбараў за ўдзел у пікеце ў падтрымку Таццяны Караткевіч. Яго пакаралі штрафам у 25 базавых велічынь.
За ўдзел у розных акцыях Рыгора Грыка не аднойчы звальнялі з працы. Пасля апошняга звальнення актывіст ужо 7 месяцаў не можа працаўладкавацца.