Праваабаронца паклікаў “Белорусскую военную газету” ў суд
14 красавіка гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка звярнуўся ў суд Цэнтральнага раёна Мінска з зыскам супраць журналіста “Белорусской военной газеты” Уладзіміра Кажэўнікава і дзяржаўнай установы “Ваеннае інфармацыйнае агенцтва Узброеных Сіл Беларусі “Ваяр” аб прызнанні несапраўднымі і абвяржэнні звесткак, распаўсюджаныя пра яго 10 сакавіка ў артыкуле “Кому выгодно порочить белорусскую армию?” (Выпуск №42).
Напамятаем, публікацыя тычылася інцыдэнту з уцёкамі двух жаўнераў з размешчанай у Брэсце вайсковай часткі №92616 з-за збіцця і пагрозаў. Леанід Судаленка тады выступіў ініцыятарам звароту 75 грамадзян да міністра абароны Беларусі з патрабаваннем спыніць нестатутныя адносіны ў беларускім войску.
Гэта і выклікала суровую водпаведзь вайсковай газеты на адрас гомельскага праваабаронцы. Аўтар артыкула Уладзімір Кажэўнікаў так характэрызаваў асобу ініцыятара звароту да міністра абароны: “…в Гомеле объявился некий правозащитник Леонид Судаленко, этакий самопровозглашенный «омбудсмен», личность в определенных кругах известная. То его упрекают в отправке налоговым инспекторам посланий непристойного содержания, то он конфликтует с таможенниками при досмотре на границе. Этому господину не впервой давить на государственные органы аж через Организацию Объединенных Наций, через ее Комитет по правам человека”.
Праваабаронца ў дасудовым парадку спрабаваў дамовіцца з рэдакцыяй газеты – яны выбачаюцца і публікуюць прапанаваны варыянт абвяржэння несапраўдных звестак, але ж начальнік дзяржаўнай установы “Ваеннае інфармацыйнае агенцтва Узброеных Сіл Беларусі “Ваяр” палкоўнік Аляксей Пашкевіч адмовіўся аспрэчваць звесткі, распаўсюджаныя “Белорусской военной газетой”.
“Мяне асабліва абразіла тое, што паводле газеты я займаюсь “антиармейской агитацией” і “доносами”, у той час як армія абараняе Радзіму — “в отличие от судаленок, которые прославили себя только на ниве разрушения общества”. Сам я служыў у Савецкай Арміі, мой старэйшы сын абараняў Радзіму ў шэрагах беларускага войска. Цяпер гэта робіць другі сын. Трэцяга і чацвёртага сыноў я таксама выхоўваю ў духу павагі да службы ў беларускім войску", - сказаў Гомельская Вясне Леанід Судаленка.
Праваабаронца праз суд патрабуе прызнаць несапраўднымі і абвергнуць звесткі, якія, на яго думку, не адпавядаюць рэчаіснасці, зневажаюць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.