viasna on patreon

Праваабаронцы засцерагаюць улады ад стварэння канцэнтрацыйных лагераў у краіне (відэа)

2016 2016-04-14T14:00:26+0300 2016-04-19T15:33:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich-valliancin-0.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Праваабаронцы “Вясны” выказваюць абурэнне з нагоды патрабавання прэзідэнта зрабіць больш жорсткімі ўмовы адбыцця пакарання для асуджаных па наркатычных артыкулах.

На нарадзе, прысвечанай праблеме наркабізнэсу і наркаманіі, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў зрабіць больш жорсткімі патрабаванні да ўмоваў утрымання асобаў, асуджаных за незаконны абарот наркотыкаў. Гэтае патрабаванне тычыцца як бытавых умоваў, так і дысцыплінарнай практыкі і механізмаў умоўна-датэрміновага вызвалення.

Па выніках нарады начальнік Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Сяргей Дарошка паведаміў журналістам, што МУС узмацніць дысцыплінарную практыку ў дачыненні да асуджаных, “больш якасна" будзе падыходзіць да пытанняў арганізацыі іх працы. "Маральна-бытавыя ўмовы для гэтых асобаў будуць значна горшыя, чым для ўсіх астатніх асуджаных”, - дадаў ён і адзначыў, што падыходы да кожнага зняволенага будуць індывідуальныя.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” бачыць у такім падыходзе пагрозу стварэння канцэнтрацыйных лагераў для асобных катэгорыяў асуджаных. Пра гэта заявіў намеснік кіраўніка арганізацыі Валянцін Стэфановіч, каментуючы распараджэнне прэзідэнта Лукашэнкі.

ПЦ “Вясна” жорстка раскрытыкаваў прапановы кіраўніка дзяржавы адносна ўмоваў утрымання асобнай катэгорыі зняволеных яшчэ пасля першых яго заяваў напрыканцы 2014 года. «Для іх трэба стварыць невыносныя ўмовы ў месцах адбыцця гэтых тэрмінаў. Калі ў нас іх вельмі шмат, я не думаю, што іх у нас вельмі шмат, каб ствараць ім асобную калонію, але калі шмат, давайце адну з калоній адшкадуем для гэтага. Калі ў нас не хапае такіх людзей на адну калонію, давайце адно падраздзяленне, казарму ці яшчэ нешта ў калоніі строгага рэжыму, установім ім такі рэжым, каб яны, седзячы ў гэтай калоніі, прама скажу, смерці прасілі. Тое ж самае і для распаўсюджвальнікаў», - цытавала Лукашэнку агенцтва «Інтэрфакс».

Эксперт па пытаннях пенітэнцыярнай сістэмы Павел Сапелка прааналізаваў як нормы нацыянальнага заканадаўства, якімі замацоўваецца прававое становішча асуджаных, так і нормы міжнароднага права, ратыфікаваныя Рэспублікай Беларусь, з якіх вынікае, што падобныя загады прэзідэнта супярэчаць як першым, так і другім.

Само па сабе пазбаўленне волі ўжо з'яўляецца пакараннем, і крымінальная адказнасць не мае сваёй мэтай прычыненне фізічных пакутаў альбо прыніжэнне чалавечай годнасці, нагадваюць праваабаронцы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства