viasna on patreon

Магілёўскае УКДБ 5 гадоў “хавае” доказы па справе «Плошчы-2010»?

2016 2016-04-14T11:09:17+0300 2016-04-14T11:15:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/salaueu-magileu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Зміцер Салаўёў. г Магілёў

Зміцер Салаўёў. г Магілёў

Спецслужбы перадалі «доказы» – відэакамеру і касету – у Следчы камітэт праз пяць гадоў пасля таго, як забралі падчас ператрусу. Менавіта тады, калі гаспадар вырашыў вярнуць забраную тэхніку сабе.

Зміцер Салаўёў, былы старшыня ГА «БНФ» Адраджэнне па Магілёўскай вобласці, звярнуўся ва Упраўленне камітэта дзяржбяспекі па Магілёўскай вобласці ў сакавіку гэтага года, каб вярнуць сабе відэакамеру і іншую тэхніку, якую канфіскавалі ў яго падчас ператрусу яшчэ ў студзені 2011 года.

Тады супрацоўнікі спецслужбаў палічылі, што на відэа, нібыта, могуць быць матэрыялы, якія, магчыма, адносяцца да арганізацыі і правядзення масавых беспарадкаў падчас Плошчы-2010.

Летам 2011 года Зміцер Салаўёў паспрабаваў высветліць, што стала з ягонай тэхнікай. Калі ён спытаў, чаму яму да гэтага часу яе не вярнулі, у КДБ заявілі, што відэакамера з касетай адпраўленыя ва ўпраўленне Следчага камітэта па г. Мінску. Пасля палітык некалькі разоў звяртаўся ў Камітэт, аднак кожны раз атрымліваў адпіскі.

У лістападзе 2015 года Салаўёў паскардзіўся старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, што з моманту ператрусу прайшло ўжо больш за чатыры гады і крымінальная справа № 10011110362 па факце несанкцыянаванага мерапрыемства “Плошча-2010» спыненая, і запатрабаваў неадкладна вярнуць відэакамеру з відэакасетай. Кіраўнік аддзела УСК па г. Мінску Галавач адказаў, што «ў крымінальнай справе № 10011110362 адсутнічае інфармацыя пра знаходжанне канфіскаванай маёмасці, у сувязі з чым у КДБ накіраваны зварот».

Такім чынам Зміцер Салаўёў прыйшоў да высновы, што мясцовыя супрацоўнікі спецслужбаў сістэматычна падманвалі яго.

Каб дамагчыся справядлівасці, ён звярнуўся c заявай у Следчы камітэт, у якім прасіў распачаць крымінальную справу па факце знікнення відэакамеры і відэакасеты. Адказ яму даслаў начальнік аддзела следчага ўпраўлення Галавач:

“У цяперашні час прынята рашэнне захоўваць названыя прадметы ў адпаведнасці з патрабаваннямі ч. 1 арт. 97 КПК з матэрыяламі крымінальнай справы № 10011110362, бо расследаванне па крымінальнай справе не завершана“.

Па ўсіх пытаннях СК адправіў Салаўёва да следчага Дзмітрыя Купкі, які расследуе справу.

Што цікава – у адказе паведамляецца, што відэакамера і касета перададзеныя ў УСК толькі 28 сакавіка 2016 года – менавіта пасля заявы Салаўёва. Атрымоўваецца, яны не фігуравалі ў справе амаль пяць з паловай гадоў? Што гэта, звычайная халатнасць або спроба УКДБ перашкодзіць ходу справы?

Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што адказ дадзены з грубымі парушэннямі:

"Адказ Салаўёву быў дадзены, як на зварот у рамках Закона “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў”. Гэта незаконна, паколькі Салаўёў на падставе п.1 арт.166 КПК “Падставы да ўзбуджэння крымінальнай справы” звярнуўся ў СК не са зваротам, а з пісьмовай заявай аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце знікнення ў УКДБ канфіскаваных у яго відэакамеры і відэакасеты. Такім чынам, пытанне аб узбуджэнні або аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы павінна было разглядацца СК па артыкулах Крымінальнага кодэксу: артыкул 210 КК «Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі» і артыкул 390 КК «Умяшанне ў вырашэнне судовых спраў або вытворчасць папярэдняга расследавання». Таму адказ павінен быў быць дадзены ў рамках ст.178 КПК «Адмова ва ўзбуджэнні крымінальнай справы».

Бухель не выключае, што ў бліжэйшы час адказ будзе абскарджаны.

Паводле “Магілёўскай Вясны”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства