viasna on patreon

Калегія Вярхоўнага суда не задаволіла скаргу Генадзя Якавіцкага на смяротны прысуд

2016 2016-04-08T14:08:00+0300 2016-04-08T15:23:48+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/jakavicki-sud-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Генадзь Якавіцкі ў Вярхоўным судзе. Фота: spring96.org

Генадзь Якавіцкі ў Вярхоўным судзе. Фота: spring96.org

Разгляд апеляцыйнай скаргі асуджанага да смяротнага пакарання жыхара Вілейкі Генадзя Якавіцкага адбыўся сёння ў Вярхоўным судзе. Калегія Вярхоўнага суда  скаргу не задаволіла. 

5 студзеня Мінскі абласны суд вынес Генадзю Якавіцкаму смяротны прысуд за забойства сваёй сужыцелькі, учыненае з асаблівай жорсткасцю. 20 студзеня асуджаны да смяротнага пакарання жыхар Вілейкі Генадзь Якавіцкі накіраваў скаргу ў Вярхоўны суд.
Генадзь Якавіцкі нарадзіўся ў 1967 годзе ў Грузіі. Там служыў яго бацька, ваенны лётчык-выпрабавальнік. Маці працавала медсястрой. Потым сям'я пераехала ў Беларусь, на радзіму бацькі. Першы раз Генадзь быў асуджаны ў 17 гадоў — разам з прыяцелем забраў бутэльку віна ў нецвярозага мінака. Міліцыя знайшла зламыснікаў вельмі хутка. Якавіцкі тады быў асуджаны на тры гады пазбаўлення волі. У 1989 годзе Якавіцкі  атрымаў смяротны прысуд, які, праўда, пасля абскарджвання быў заменены на працяглы тэрмін. Прысудам Мінскага абласнога суда ад 5 студзеня 2016 года Генадзь Якавіцкі, неаднаразова судзімы, прызнаны вінаватым у забойстве, учыненым з асаблівай жорсткасцю. Раней судзімы за забойства, ухіленне ад выплаты аліментаў.На падставе п.п. 6 і 16 ч. 2 арт. 139 КК Рэспублікі Беларусь прызначаная выключная мера пакарання — смяротнае пакаранне; на падставе ч. 3 арт. 174 КК, з ужываннем ч. 2 арт. 65 КК, — пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год 10 месяцаў.Па сукупнасці злачынстваў шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім канчаткова прызначанае пакаранне — смяротнае пакаранне (расстрэл).

***

Пачаўся судовы працэс. У залі прысутнічае шмат журналістаў, два адвакаты Якавіцкага, прадстаўнікі пацярпелых на разгляд скаргі ў суд не з'явіліся. Суддзя Вярхоўнага суда Цецюхін зачытвае калегіі матэрыялы справы.

Генадзь Якавіцкі, якога нават у клетцы трымаюць у кайданках, што незвычайна, гаворыць аб тым, што не ўсе абставіны крымінальнай справы абласным судом высветленыя, што не было рэўнасці да забітай сужыцелькі. Сведка ў абласным судзе не мог успомніць усіх абставінаў, яму пра гэта падсказваў суддзя.

Экспертыза таксама не дала канкрэтнай ацэнкі. Апроч гэтага зніклі рэчы, якія мелі дачыненне да справы, а суд і следства не высветлілі дзе яны.  Сцвярджае, што не здзяйсняў забойства. Прызнаецца толькі, што адчувае віну за тое, што не ўбярог сужыцельку. З ахвярай у той дзень яны разам выпівалі.

Пракурор Алена Дземко задае пытанні па паказаннях сведкаў, нагадвае пра 46 траўматычных уздзеяннях на цела ахвяры.

 

Адвакат з Вілейкі кажа, што таксама падаваў касацыю і лічыць, што справу неабходна накіраваць на новы разгляд. Другі адвакат Вольга Крамко кажа, што сапраўды ў справе шмат невысветленых абставін, і таму маюцца сумненні ў вінаватасці асуджанага Якавіцкага. І паколькі мера пакарання непапраўная, то неабходна яшчэ раз прааналізаваць гэтую справу, якая мае грамадскі рэзананс. Сцвярджае, што абласны суд не даў ацэнкі экспертызе. А там, па словах адваката, маецца інфармацыя аб тым, што на целе ахвяры знойдзеныя біялагічныя сляды неўстаноўленага мужчыны. Суд не даў гэтаму ацэнку. У такіх абставінах вынясенне смяротнага прысуду сёння, пры нявысветленых абставінах, зыходзячы з Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах прывядзе да парушэння права на жыццё Якавіцкага.

Пракурор працягвае настойваць на тым, што віна Якавіцкага ў забойстве цалкам даказаная: "Якавіцкі меў шанец пасля адмены першага смяротнага прысуду, але ён працягнуў здзяйсняць злачынствы. Пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі гэтую асобу ўжо не выправіць. Ён уяўляе павышаную небяспеку для нашага грамадства. У гэтым выпадку смяротнае пакаранне з'яўляецца справядлівым пакараннем".

Абвешчаны перапынак да 12-30.

Калегія Вярхоўнага суда не задаволіла апеляцыйную скаргу асуджанага да смяротнага пакарання жыхара Вілейкі Генадзя Якавіцкага.

Адвакаты Генадзя Якавіцкага ў Вярхоўным судзе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства