У Баранавічах улады забаранілі правесці забег супраць зніжэння ўзроўню жыцця насельніцтва
Ініцыятарам забега быў мясцовы актывіст і індывідуальны прадпрымальнік Мікалай Чарнавус, які пазначыў у сваёй заяўцы, што акцыя мусіць прайсці 8 красавіка з удзелам да 10 чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі.
У якасці месца для правядзення забега была прапанавана пляцоўка ў старым парку культуры і адпачынку (яна вызначана Баранавіцкім гарвыканкамам для падобных масавых мерапрыемстваў) альбо любое іншае месца ў горадзе
Аднак мясцовыя ўлады забаранілі акцыю на той падставе, што ў заяўцы нібыта ёсць супярэчнасці (няма дакладна вызначанага месца правядзення забегу), а таксама не выканана патрабаванне артыкула 5 Закона “Аб масавых мерапрыемствах”. Мікалай Чарнавус лічыць, што чыноўнікі з гарвыканкама знайшлі фармальныя прычыны, каб не дазволіць акцыю пратэсту.
Ён нагадаў, што мэта забегу была такая самая, як і ў двух раней забароненых рэспубліканскіх мітынгаў: выказаць пратэст супраць развалу эканомікі краіны, збяднення насельніцтва і зніжэння заробкаў. У першым выпадку мітынг 7 сакавіка на плошчы Леніна ў Баранавічах не дазволілі, бо яго меркавалася правесці бліжэй за 50 метраў ад адміністрацыйных будынкаў, а размешчаны побач помнік Леніну унесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі (і гэта абставіна, згодна з адмысловым рашэннем гарвыканкама, таксама забараняе правядзенне вакол помніка масавых мерапрыемстваў). Другі мітынг, які планаваўся на 21 сакавіка на вызначанай уладамі пляцоўцы ў старым парку культуры і адпачынку, не быў дазволены, бо Мікалай Чарнавус ўзяў на сябе забеспячэнне грамадскага парадку, бяспекі, медыцынскага абслугоўвання падчас акцыі і правядзенне прыборкі тэрыторыі масавага мерапрыемства. У гарвыканкаме палічылі, што гэтыя меры для акцыі з удзелам да тысячы чалавек (як было пазначана ў заяўцы) недастатковыя, а Чарнавус не прадаставіў копіі заключаных дамоваў з адпаведнымі службамі.