Леанід Кулакоў не збіраецца мірыцца з арыштам свайго аўтамабіля-таксі
Актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Леанід Кулакоў абскардзіў дзеянні аддзела прымусовага выканання Першамайскага раёна Мінска аб накладанні арышту на ягоны аўтамабіль. Ён перакананы, што судовыя выканаўцы зрабілі гэта незаконна:
“Дзеянні службовай асобы лічу незаконнымі, паколькі ўказаны аўтамабіль з'яўляецца інвентаром, неабходным для працягу маіх прафесійных заняткаў, i пры гэтым, ягоны кошт не перавышае 1000 базавых велічынь (п.8 Пераліку маёмасці грамадзян, на якое не можа быць звернута спагнанне па выканаўчых дакументах):
паміж мной і ПУП «Антылопа Гну» заключаны дагавор арэнды аўтамабіля з кіроўцам, па якім я перадаў аўтамабіль названаму прадпрыемству і з'яўляюся яго кіроўцам, за што атрымліваю плату па дамове; дадзеным аўтамабілю прысвоены нумар 7 ТАХ 8164. Кошт дадзенага аўтамабіля ў цяперашні час ніжэй за 1 000 базавых велічынь і складае каля 600 базавых велічынь”.
На падставе выкладзенага актывіст просіць пастанову аддзела прымусовага выканання Першамайскага раёна г.Мінска адмяніць, зняць арышт з транспартнага сродку - аўтамабіль Фольксваген Туран 2004 года выпуску.
Нагадаем,1 красавіка грамадзкі актывіст Леанід Кулакоў атрымаў пастанову пра арышт ягонага аўтамабіля ў сувязі з нявыплатай штрафаў за ўдзел у акцыях пратэсту. Аднак штрафы, накладзеныя на яго суд цалкам аплачаныя і ў Кулакова маецца нават копія квітанцыі. Відаць, грошы на адпаведны рахунак пакуль не дайшлі.