Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Сакавік 2016
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Сакавік 2016
Высновы
- 9-10 сакавіка ў Беларусі з афіцыйным візітам знаходзіўся спецпрадстаўнік ЕС па правах чалавека Стаўрас Ламбрынідзіс. Падчас свайго візіту спецпрадстаўнік ЕС правёў шэраг сустрэчаў з высокапастаўленымі прадстаўнікамі ўладаў, у тым ліку з кіраўніком дзяржавы А.Р. Лукашэнкам. У ходзе гэтых сустрэчаў закранаўся шырокі спектр пытанняў правоў чалавека ў Беларусі. 9 сакавіка С. Ламбрынідзіс сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай праваабарончай супольнасці;
- 10 сакавіка ў Менску прайшла міжнародная канферэнцыя, прысвечаная праблеме смяротнага пакарання ў Рэспубліцы Беларусь. Дадзеная канферэнцыя была арганізаваная ПРААН у Рэспубліцы Беларусь, амбасадай Вялікабрытаніі і МЗС Рэспублікі Беларусь. У канферэнцыі ўзялі ўдзел спецпрадстаўнік ЕС па правах чалавека Стаўрас Ламбрынідзіс, дакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) Андрэа Рыгоні, экс-міністр замежных справаў Чэхіі Карэл Шварцэнберг, шэраг міжнародных і замежных экспертаў;
- на працягу сакавіка не адбылося якіх-небудзь сістэмных зменаў, якія дэманструюць імкненне ўладаў Беларусі да якаснага змянення сітуацыі з правамі чалавека;
- новых палітычна матываваных крымінальных справаў на працягу месяца не распачыналася, што з'яўляецца працягам тэндэнцыі зніжэння агульнага ўзроўню рэпрэсій у краіне, якая назіраецца са жніўня мінулага года (памяншэнне колькасці выпадкаў затрыманняў, адміністрацыйных арыштаў і крымінальнага пераследу грамадзянаў па палітычных матывах);
- уладамі краіны так і не былі зробленыя захады, скіраваныя на поўнае аднаўленне ў правах раней вызваленых палітвязняў;
- 14 сакавіка следчы камітэт прыпыніў расследаванне крымінальнай справы, распачатай у дачыненні да аднаго з кандыдатаў на выбарах 2010 года Алеся Міхалевіча;
- нягледзячы на тое, што ўсе несанкцыянаваныя мірныя сходы на працягу месяца прайшлі без ўмяшання органаў правапарадку і не былі гвалтоўна спыненыя, удзельнікаў і арганізатараў дадзеных сходаў працягвалі прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў. Усяго на працягу сакавіка зафіксаваныя 43 выпадкі прыцягнення грамадзянаў да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел або арганізацыю несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў;
- улады працягвалі практыку выбарчага, палітычна матываванага падыходу да рэгістрацыі грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый;
- 29 сакавіка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь разгледзела ў апеляцыйным парадку скаргу асуджанага да расстрэлу жыхара Лідскага р-на Івана Куляша. Скарга была пакінутая без задавальнення, а вынесены Гарадзенскім абласным судом прысуд без зменаў. Прысуд уступіў у законную сілу.
Палітычна матываваны крымінальны пераслед
На працягу сакавіка новых палітычна матываваных крымінальных спраў не распачыналася.
14 сакавіка стала вядома, што Следчы камітэт вынес пастанову аб прыпыненні раней распачатай крымінальнай справы ў дачыненні да кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 г. Алеся Міхалевіча. Сам А. Міхалевіч пры гэтым застаецца ў статусе абвінавачанага, але раней абраная мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе адмененая.
У студзені 2016 года была таксама прыпыненая крымінальная справа ў дачыненні да журналіста і аглядальніка тыднёвіка «Беларусы і рынак» Аляксандра Алесіна.
18 сакавіка Менскі гарадскі суд разгледзеў ў апеляцыйным парадку скаргі трох фігурантаў справы аб патрыятычных графіці – Максіма Пякарскага, Вадзіма Жаромскага і Вячаслава Касінерава – і пакінуў скаргу без задавальнення, а раней вынесены судом Фрунзенскага р-на г. Менска прысуд без зменаў.
Варта адзначыць, што беларуская праваабарончая супольнасць настойвае на спыненні ўсіх раней распачатых палітычна матываваных крымінальных справаў, у тым ліку ў дачыненні да Аляксандра Алесіна і Алеся Міхалевіча, разглядаючы дадзены крок беларускіх уладаў у якасці аднаго з першачарговых захадаў аднаўленчага характару.
У месцах пазбаўлення волі працягвае адбываць пакаранне М. Жамчужны, крымінальны пераслед якога быў прызнаны праваабарончай супольнасцю палітычна матываваным. Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага перагляду крымінальнай справы М. Жамчужнага ў адкрытым судовым пасяджэнні з захаваннем гарантый справядлівага суда.
Парушэнні свабоды асацыяцый
Цягам месяца назіралася серыя адмоваў у дзяржаўнай рэгістрацыі шэрагу грамадскіх арганізацый і палітычнай партыі. На думку экспертаў ПЦ "Вясна", дадзеныя адмовы ніякім чынам не звязаныя з дапушчальнымі абмежаваннямі свабоды асацыяцыяў, прадугледжанымі ч. 3 арт. 5 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і арт. 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. У большасці выпадкаў названыя рэгіструючым органам недахопы насілі папраўны характар і маглі быць ліквідаваныя ў выпадку прадастаўлення адтэрміноўкі ў рэгістрацыі.
У цэлым, дадзеныя факты сведчаць пра тое, што на дадзены момант ўлады не распачалі якіх-небудзь змяненняў і карэкціровак у сваіх падыходах да існуючай шматгадовай практыкі палітычна матываванай выбіральнасці ў пытаннях рэгістрацыі грамадскіх аб'яднанняў.
Акрамя таго, дадзеныя адмовы ў рэгістрацыі яшчэ раз падкрэсліваюць неабходнасць зменаў у заканадаўстве, якія рэгулююць рэгістрацыю НДА і палітычных партый.
10 сакавіка Вярхоўны суд не задаволіў скаргу праваабарончага грамадскага аб'яднання «За справядлівыя выбары» на адмову Міністэрства юстыцыі ў афіцыйнай рэгістрацыі.
Папярэднія спробы рэгістрацыі арганізацыі прадпрымаліся ў 2011, 2013 і лютым 2015 года.
Аргкамітэт тройчы абскардзіў адмову ў рэгістрацыі ў Камітэце па правах чалавека ААН. У 2014 годзе камітэт прызнаў парушэннем міжнародных нормаў рашэнне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў дзяржрэгістрацыі аб'яднання «За справядлівыя выбары» ў 2011 годзе. Яшчэ дзве скаргі знаходзяцца на разглядзе Камітэта.
16 сакавіка стала вядома, што Мінюст адмовіў у рэгістрацыі сацыяльна-асветніцкага грамадскага аб'яднання «Рух салідарнасці “Разам”».
У лісце Мінюста адзначалася, што спіс заснавальнікаў аб'яднання не змяшчае поўныя звесткі аб заснавальніках у частцы ўказання нумароў працоўных тэлефонаў. Акрамя таго, у дачыненні да аднаго з заснавальнікаў была паказаная недакладная інфармацыя аб месцы працы. Гэтыя абставіны міністэрства палічыла дастатковымі для адмовы ў афіцыйнай рэгістрацыі.
Таксама Мінюст адмовіў у рэгістрацыі рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «За дзяржаўнасць і незалежнасць!», ініцыятарам стварэння якога выступае адзін з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 г. Уладзімір Някляеў.
Адной з прычынаў адмовы ў рэгістрацыі Мінюст указаў адсутнасць у спісе заснавальнікаў поўнай назвы ствараемага аб'яднання.
Акрамя Някляева, заснавальнікамі руху выступілі першы кіраўнік незалежнай Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч, першы беларускі лаўрэат Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч, экс-кандыдат у прэзідэнты, нядаўні палітвязень Мікалай Статкевіч, прафсаюзны лідар Генадзь Фядыніч, палітык і літаратар Лявон Баршчэўскі і многія іншыя вядомыя палітыкі, дзеячы культуры, грамадскія дзеячы.
3 сакавіка Мінюст у шосты раз адмовіў у рэгістрацыі партыі БХД з-за "грубых парушэнняў заканадаўства” пры яе стварэнні.
Па звестках ведамства, у ходзе выбарачнай праверкі шэраг грамадзянаў, указаных у ліку заснавальнікаў партыі, заявілі аб тым, што не маюць да партыі ніякага дачынення і не ўдзельнічалі ў яе стварэнні, не ставілі сваіх подпісаў у спісе заснавальнікаў.
У сувязі з “названымі і іншымі шматлікімі парушэннямі” ведамства адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі БХД.
У самой партыі фармулёўкі прычынаў адмовы ў рэгістрацыі называюць “шаблоннымі” і сцвярджаюць, што Мінюст не прывёў канкрэтных фактаў парушэнняў.
Парушэнне права на мірныя сходы і выказванне меркаванняў
У сакавіку па-ранейшаму ўладамі без падставаў абмяжоўвалася права на мірныя сходы, хоць мерапрыемствы, якія праводзіліся без дазволу, супрацоўнікамі міліцыі не разганяліся. Арганізатары і актыўныя ўдзельнікі прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе буйных штрафаў.
9 сакавіка штрафам у 3 150 000 рублёў пакараны Аляксандр Абрамовіча з Барысава, ўдзельнік акцыі прадпрымальнікаў, якая праходзіла 22 лютага. 10 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна сталіцы разгледжаныя адміністрацыйныя справы шасці ўдзельнікаў гэтай жа акцыі. Максім Вінярскі, Леанід Кулакоў, Вячаслаў Сіўчык, Павел Севярынец, Павел Вінаградаў пакараныя штрафам у 10 500 000 рублёў.
14 сакавіка суд Цэнтральнага раёна г. Менска разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні да Уладзіміра Някляева па арт. 23.34 КаАП. Палітыку паставілі ў віну ўдзел у акцыях 15 і 28 лютага 2016 года. Пратакол за акцыю 28 лютага накіраваны на дапрацоўку.
15 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна прайшлі судовыя працэсы за ўдзел у мітынгах прадпрымальнікаў, якія адбыліся 15 і 22 лютага, над Уладзімірам Мацкевічам, Паўлам Сяргеем, Анатолем Лябедзькам, Нінай Багінскай і Змітром Кавалгінам.
Уладзімір Мацкевіч прадставіў доказы знаходжання падчас правядзення акцыі за межамі Беларусі, што абвергла тлумачэнні сведак міліцыянтаў. Яго справа накіраваная на дапрацоўку, хоць меліся падставы яе спыніць.
Павел Сяргей, Анатоль Лябедзька пакараныя штрафамі па 10 500 000 рублёў.
24 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна разгледжаныя адміністрацыйныя справы ў дачыненні да ўдзельнікаў мітынгу прадпрымальнікаў, які праходзіў 28 лютага ў Менску. Прыцягнутыя да адказнасці ў выглядзе штрафаў старшыня АГП Анатоль Лябедзька, грамадскія актывісты Максім Вінярскі, Павел Вінаградаў, Леанід Кулакоў, Вольга Нікалайчык, Мікалай Колас, Павел Сяргей, Аляксандр Абрамовіч, прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч, сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец і Віталь Рымашэўскі.
28 сакавіка суд Ленінскага раёна Менска пастанавіў прыцягнуць актывістку АГП Святлану Якшыну да штрафу ў памеры 20 базавых велічынь за акцыю супраць міліцэйскага гвалту, якая прайшла ў канцы студзеня каля будынка Вярхоўнага Суда.
Адначасова мясцовыя ўлады адмаўляюць у дазволах на правядзенне масавых мерапрыемстваў: у Баранавічах мясцовы прадпрымальнік Мікалай Чарнавус атрымаў адмову ў дазволе на правядзенне пікета за адмену ўказа прэзідэнта № 222, які пагоршыў умовы працы прадпрымальнікаў.
Віцебскім актывістам Партыі БНФ забаранілі правядзенне сходу да Дня Волі. Адмова адміністрацыі Чыгуначнага раёна абгрунтаваная адсутнасцю дамоваў на ахову грамадскага парадку, меддапамогі і прыбіранне тэрыторыі. Такую ж адмову атрымалі актывісты партыі КХП-БНФ у двух раёнах Віцебска.
Менгарвыканкам у сакавіку адмовіў у правядзенні пікета актывістам ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і іншых органах улады.
Пераслед журналістаў
Менскі гарадскі суд пакінуў у сіле пастанову суда Фрунзенскага раёна сталіцы, які адвольна аштрафаваў журналіста TUT.BY Паўла Дабравольскага на 9,45 млн руб. Такое рашэнне прыняў 1 сакавіка суддзя Менскага гарадскога суда Валерый Камісараў.
У сакавіку працягнуліся выпадкі прыцягнення незалежных журналістаў да адміністрацыйнай адказнасці.
17 сакавіка суд Мазырскага раёна зноў пакараў журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага штрафам у памеры 35 базавых велічынь, што складае 7 мільёнаў 350 тысяч рублёў.
У Рэчыцы 24 сакавіка каля 16:00 міліцыя затрымала гомельскага журналіста Кастуся Жукоўскага. Паводле яго словаў, каля мясцовага Дома быту ён праводзіў апытанне насельніцтва з нагоды іх адносінаў да выказвання Кастуся Каліноўскага “Не народ для ўрада, а ўрад для народа”. У гэты момант да фрылансера падышлі супрацоўнікі міліцыі, якія не прадставіліся, не патлумачылі прычынаў затрымання і прапанавалі прайсці для разгляду ў РАУС.
Катаванні і жорсткае, бесчалавечнае, прыніжальнае абыходжанне
Актывіста Максіма Шыціка апавясцілі аб падаўжэнні тэрміну правядзення праверкі па факце ягонага збіцця, а таксама збіцця Паўла Сяргея і Паўла Дабравольскага ў судзе Фрунзенскага раёна г. Менска. Праверку працягнулі да двух месяцаў – да 23 сакавіка 2016 года. 25 студзеня перад пачаткам судовага пасяджэння па "справе графіцістаў" два актывісты разгарнулі расцяжку з надпісам "Не палітычным пераследам". Пры гэтым актывісты крычалі: "Мастацтва – не злачынства”. Іх гвалтам вывелі з залы суда. Адразу пасля затрымання хлопцаў і журналіста інфармацыйнага партала TUT.by Паўла Дабравольскага пачалі збіваць у суседнім пакоі, пасля чаго даставілі ў РУУС, склалі пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях, а затым пакаралі штрафамі ў тым жа судзе Фрунзенскага раёна па арт. 17.1 “Дробнае хуліганства” і 23.34 “Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы”.
У ПЦ "Вясна" звярнулася Марына Багданава ў сувязі са смерцю сына ў турме № 8 г. Жодзіна, дзе ён утрымліваўся пад вартай. Маці лічыць, што медыкі і персанал турмы неналежна выканалі свае прафесійныя абавязкі. Асаблівасць адбыцця пакарання Алега Багданава ў турме № 8 г. Жодзіна заключалася ў тым, што да свайго зняволення ён стаяў на ўліку ў кардыялагічным цэнтры, рэгулярна праходзіў абследаванне, а ў 2014 годзе яму была зробленая тэрміновая аперацыя на сэрцы. Пры абследаванні перад аперацыяй высветлілася, што, акрамя гэтага, у Алега адсутнічае адзін сардэчны клапан, таму замест яго паставілі пратэз. Багданаў атрымаў III групу інваліднасці. Незадоўга да смерці Багданаў скардзіўся на адсутнасць лячэння і прыдзіркі супрацоўнікаў медчасткі турмы ў сувязі з тым, што па стане здароўя ён вымушаны быў парушаць рэжымныя абмежаванні – ляжаць на ложку. У сувязі з гэтымі парушэннямі ён быў змешчаны ў карцэр, хаця прысуд яго не ўступіў у законную сілу (а пасля прысуд быў адменены судом апеляцыйнай інстанцыі), а 29 студзеня памёр. На целе Багданава выяўленыя пашкоджанні, характэрныя для збіцця. У цяперашні час, не чакаючы высноваў эксперта пра прычыну смерці, следчы СК вынес пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.
Адзін з фігурантаў па "справе графіцістаў" Вячаслаў Касінераў, які дабіваўся прыцягнення да крымінальнай адказнасці асобаў, якія моцна збілі яго пры затрыманні 11 жніўня мінулага года, атрымаў адказ з Маскоўскага раённага аддзела Следчага камітэта горада Менска аб прыпыненні папярэдняга следства ў сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага: следству не ўдалося ўстанавіць сярод супрацоўнікаў спецыяльнага атрада хуткага рэагавання ўнутраных войскаў МУС Беларусі таго, хто зламаў юнаку сківіцу.
Смяротнае пакаранне
10 сакавіка ў Менску прайшла міжнародная канферэнцыя, прысвечаная праблеме смяротнага пакарання ў Рэспубліцы Беларусь. Дадзеная канферэнцыя была арганізавана ПРААН у Рэспубліцы Беларусь, амбасадай Вялікабрытаніі і МЗС Рэспублікі Беларусь. У канферэнцыі бралі ўдзел спецпрадстаўнік па правах чалавека ЕС Стаўрас Ламбрынідзіс, дакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) Андрэа Рыгоні, экс-міністр замежных справаў Чэхіі Карэл Шварцэнберг, шэраг міжнародных і замежных экспертаў.
Падчас правядзення канферэнцыі выступілі прадстаўнікі ЕС і ПАСЕ, якія заклікалі ўлады ўвесці мараторый на прывядзенне ў выкананне смяротных прысудаў, як першы кроку на шляху да поўнай адмены смяротнага пакарання ў краіне. Так, у прыватнасці да ўвядзення мараторыя ўладамі краіны падчас свайго выступу заклікаў дакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) Андрэа Рыгоні.
Да ўдзелу ў дадзенай канферэнцыі былі запрошаныя і прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, аднак у запрашэнні прадстаўнікоў Праваабарончага цэнтру "Вясна" было адмоўлена з-за прынцыповай пазіцыі беларускага МЗС.
Падчас канферэнцыі намеснік міністра замежных справаў Беларусі Валянцін Рыбакоў заявіў, што “незарэгістраваныя арганізацыі не будуць прымаць удзел у мерапрыемствах, якія арганізуюцца па лініі МЗС”.
29 сакавіка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь разгледзела ў апеляцыйным парадку скаргу асуджанага да расстрэлу жыхара Лідскага р-на Івана Куляша. Скарга была пакінутая без задавальнення, а вынесены Гарадзенскім абласным судом прысуд без зменаў. Прысуд уступіў у законную сілу.
Нагадаем, што з пачатку 2016 года ў Беларусі былі вынесеныя два смяротныя прысуды ў дачыненні да Сяргея Хмялеўскага і Генадзя Якавіцкага. Прысуды ў дачыненні да іх ўступяць у законную сілу пасля разгляду скаргаў судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь. Прысуды, вынесеныя раней у дачыненні да Івана Куляша і Сяргея Іванова, ужо ўступілі ў законную сілу.
У выпадку адмовы ў задавальненні іх скаргаў у парадку нагляду, адзіным магчымым прававым механізмам абароны для асуджаных да смерці з'яўляецца прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта краіны.