Праваабаронца з Гомеля патрабуе ад “Белорусской военной газеты” абвяржэння
Гомельскі праваабаронца, сябра ГА “БАЖ” Леанід Судаленка звярнуўся да галоўнага рэдактара “Белорусской военной газеты” з патрабаваннем абвергнуць звесткі, распаўсюджаныя пра яго 10 сакавіка ў артыкуле “Кому выгодно порочить белорусскую армию?” (Выпуск №42).
Публікацыя тычылася інцыдэнту з уцёкамі двух жаўнераў з размешчанай у Брэсце вайсковай часткі № 92616 з-за збіцця і пагрозаў. Леанід Судаленка тады выступіў ініцыятарам звароту 75 грамадзян да міністра абароны Беларусі з патрабаваннем спыніць нестатутныя адносіны ў беларускім войску.
Гэта і выклікала суровую водпаведзь вайсковай газеты на адрас гомельскага праваабаронцы. Аўтар артыкула Уладзімір Кажэўнікаў так характэрызаваў асобу ініцыятара звароту да міністра абароны: “…в Гомеле объявился некий правозащитник Леонид Судаленко, этакий самопровозглашенный «омбудсмен», личность в определенных кругах известная. То его упрекают в отправке налоговым инспекторам посланий непристойного содержания, то он конфликтует с таможенниками при досмотре на границе. Этому господину не впервой давить на государственные органы аж через Организацию Объединенных Наций, через ее Комитет по правам человека”.
Аўтар сцвярджае таксама, што Судаленка “уже подготовил, пороча свою страну, три десятка“высочайших” жалоб, на которые Ооновские чиновники, покачивая головами, констатируют: “М-да, тут нарушением прав человека попахивает”. Теперь, когда они будут готовить всемирный доклад, вставят в него и доносы гомельского квазиомбудсмена”.
Зварот да міністра абароны Уладзімір Кажэўнікаў назваў “демагогическими перлам”, якіх у Судаленкі “целый арсенал”.
У артыкуле сцвярджаецца, што праваабаронца займаецца “антиармейской агитацией” і “доносами”,у той час як армія абараняе Радзіму — “в отличие от судаленок, которые прославили себя только на ниве разрушения общества”.
“Гэта мяне асабліва абразіла, – сказаў Службе маніторынгу ГА “БАЖ” Леанід Судаленка. — Сам я служыў у Савецкай Арміі, мой старэйшы сын абараняў Радзіму ў шэрагах беларускага войска. Цяпер гэта робіць мой другі сын. Трэцяга і чацвёртага сыноў я таксама выхоўваю ў духу павагі да службы ў беларускім войску. Так што я не займаюся “антыармейской агітацыяй”, “даносамі” ды “разбурэннем грамадства”, як сцвярджае аўтар артыкула, а дбаю пра абароназдольнасць беларускага войска, узаемапавагу ў асяродку салдат розных тэрмінаў службы. Апрача таго, хачу нагадаць журналістам “Белорусской военной газеты”, што наша краіна з’яўляецца адной з заснавальніц ААН, якая дэкларуе заахвочванне і абарону агульнапрызнаных праваў і свабодаў чалавека на нацыянальным і міжнародным узроўнях”.
Леанід Судаленка патрабуе ад рэдакцыі “Белорусской военной газеты” абвяржэння звестак, якія, на яго думку, не адпавядаюць рэчаіснасці, зневажаюць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.