Святлана Якшына: Дэбют адбыўся. Вось толькі неяк дарагавата...
Актывістку АГП Святлану Якшыну 28 сакавіка суд Ленінскага раёна Мінску пакараў штрафам у памеры 20 базавых велічынь за акцыю супраць міліцэйскага гвалту, якая адбылася напрыканцы студзеня каля Вярхоўнага суда. Гэта першае адміністрацыйнае пакаранне ў жыцці актывісткі.
Якшына пакінула надпіс на сваёй старонцы ў фэйсбуку:
Дэбют адбыўся. Вось толькі неяк дарагавата...
Удзел у акцыі пратэсту супраць гвалту супрацоўнікаў міліцыі над грамадзянамі пад будынкам Вярхоўнага суду Беларусі 30 студзеня завяршыўся для актывісткі Святланы Якшынай і яшчэ дзевяці актывістаў складаннем пратаколаў па артыкуле 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
11 лютага ў судзе Ленінскага раёна Мінска адбыўся разгляд яе адміністратыўнай справы. Святлана Якшына, справу якой разглядала суддзяД. Астапенка, хадайнічала аб допуску абаронцы і аб азнакамленні са справай. Суд задаволіў хадайніцтва і даў час адвакату на азнаямленне ў зале суда. Высветлілася, што копія пратакола не адпавядае арыгіналу. Адвакат назваў у судзе пэўныя месцы несупадзенняў. На гэтай падставе суд пастанавіў адправіць справу на дапрацоўку, паколькі ў копіі пратаколу не напісаны артыкул і не пазначаны сведка. Суддзя сказаў, что першае - гэта грубае парушэнне і трэба пратакол дапрацаваць.