Суд Цэнтральнага раёна імкнецца ў лідэры па “штрафанарыхтоўках”?
У судзе Цэнтральнага раёна сталіцы (Кірава, 21) 24 сакавіка ізноў “напружаны” дзень: прызначаныя чарговыя разгляды адміністрацыйных спраў, заведзеных на удзельнікаў несанкцыянаванага мітынгу прадпрымальнікаў, што праходзіў 28 лютага ў Мінску.
Смс-апавяшчэнні з канцылярыі суда атрымалі старшыня АГП Анатоль Лябедзька, грамадскія актывісты Максім Вінярскі, Павел Вінаградаў, Леанід Кулакоў, Вольга Мікалайчык, Мікалай Колас, Павал Сяргей, Аляксандр Абрамовіч, прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч, сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец і Віталь Рымашэўскі.
На іх складзеныя пратаколы па арт.23.34. КаАП РБ (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Судовыя паседжанні пачнуцца з 10 гадзін раніцы.
Апроч гэтага пратакол у той дзень быў складзены і на баранавічскага прадпрымальніка Рыгора Грыка. Ягоную справу пачалі разглядаць 22 сакавіка ў судзе Баранавіч і Баранавічскага раёна, куды быў перасланы пратакол з Мінску.
Суддзя Вольга Копач палічыла неабходным перанесці судовае паседжанне на 31-га сакавіка, каб выклікаць у сведкі менскіх міліцыянтаў, што складалі пратакол. Актывіст сваю віну не прызнаў.
Адміністрацыйныя справы пачнуць разглядаць: Паўла Вінаградава і Леаніда Кулакова ў 10-00, Вольгі Мікалайчык, Мікалая Аўтуховіча і Паўла Сяргея ў 11-00 гадзін, Аляксандра Абрамовіча ў 12-00, Анатоля Лябедзькі ў 12-00.