На 22 сакавіка прызначаны суд над удзельнікам акцыі прадпрымальнікаў з Баранавічаў
21 сакавіка грамадскі актывіст з Баранавічаў Рыгор Грык даведаўся, што на заўтра, 22 сакавіка, прызначана судовае паседжанне ў судзе Баранавіцкага раёна па абвінавачанні яго ва ўдзеле ў акцыі прадпрымальнікаў, якая адбылася ў Мінску 28 лютага. У судовай позве ўказваецца, што ў суд на 14.30 ён выклікаецца ў якасці абвінавачага па арт. 23.34 КаАП (паўторны ўдзел на працягу года ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). На акцыю прадпрымальнікаў Рыгор Грык выйшаў у паласатай робе з плакатам са словамі Рыгора Барадуліна: “Адкінем страх, сумненне і ныццё! За Беларусь, за годнае жыццё!” Ён таксама трымаў у руках Канстытуцыю РБ і плакацік з надпісам: “SOS!”
Рыгор Грык, па ягоных словах, не мог не пайсці на мітынг, паколькі застаўся без працы і ўжо паўгады не мае сродкаў для існавання. За гэты час з лістамі аб працаўладкаванні ад Цэнтра занятасці абыйшоў 30 прадпрыемстваў і ўстаноў. Але атрымаў толькі роспісы кіраўнікоў з пячаткамі, што вакансій няма.