Леаніда Кулакова ізноў выклікаюць у суд
Актывісту “Еўрапейскай Беларусі” Леаніду Кулакову 16 сакавіка на мабільны тэлефон прыйшло смс-паведамленне аб судовым разглядзе адміністрацыйнай справы ў дачыненні да яго па ч.3 арт. 23.34 за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу прадпрымальнікаў, што праходзіў 28 лютага ў Мінску.
Судовае паседжанне адбудзецца 24 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна г. Мінска. Судзіць будзе Міхаіл Хома.
Згодна копіі пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні, што была накіравана раней актывісту па пошце, сведкамі на судзе выступяць Сайдло Дзяніс і Марцынкевіч Андрэй, абодва пражываюць на вул. Герояў 120-й дывізіі, 42.
Акрамя таго, яшчэ аднаму актывісту “Еўрапескай Беларусі” Мікалаю Коласу днямі прыйшла копія пратакола за ўдзел у тым жа мітынгу прадпрымальнікаў – 28 лютага.
Нагадаем, 10 сакавіка суд Цэнтральнага раёна ўжо асудзіў Леаніда Кулакова ў ліку іншых “мітынгоўцаў” да 50 базавых велічынь за ўдзел у масавым мерапрыемстве 22 лютага.
22 лютага на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску прайшоў чарговы мітынг індывідуальных прадпрымальнікаў супраць Указа Прэзідэнта № 222, які, па сутнасці, пакідае прадпрымальнікаў без працы, уводзячы абавязковую сертыфікацыю тавараў лёгкай прамысловасці, увезеных у Беларусь з замежжа.