СК працягнуў праверку па факту збіцця актывістаў і журналіста ў судзе
Актывісту Максіму Шыціку паведамілі аб працягненні тэрміну правядзення праверкі па факце яго збіцця, а таксама збіцця Паўла Сяргея і Паўла Дабравольскага ў судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска.
Праверку працягнулі да двух месяцаў – да 23 сакавіка 2016 года.
Адметна, што паведамленне падпісана тым жа следчым па АУС следчага ўпраўлення УСК па Мінску – Ю. Петручэняй, што вёў “справу графіцістаў”, падчас разгляду ў судзе якой і былі затрыманыя і збітыя Павел Сяргей, Максім Шыцік і журналіст TUT.BY Павел Дабравольскі.
Нагадаем, 25 студзеня перад пачатакам судовага паседжання па “справе графіцістаў” два актывіста разгарнулі расцяжку з надпісам «Не палітычным пераследам». Пры гэтым актывісты крычалі: «Мастацтва — не злачынства». Іх гвалтам вывелі з залы суда.
Былі затрыманыя Павал Сяргей і Максім Шыцік. Разам з імі "зачапілі" і журналіста з TUT.by – Паўла Дабравольскага. Адразу пасля затрымання хлопцаў пачалі збіваць у суседнім пакоі, пасля чаго даставілі ў РАУС, склалі пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях, а затым асудзілі да штрафаў у тым жа судзе Фрунзенскага раёна па арт. 17.1 “Дробнае хуліганства” і 23.34 “Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы”.
Пазней хлопцы прайшлі медыцынскі агляд і падалі скаргі ў Следчы камітэт на супрацьпраўныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі.