У Мінску працягваюцца суды над удзельнікамі акцыі прадпрымальнікаў
10 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна сталіцы разглядаюцца адміністратыўныя справы шасці ўдзельнікаў акцыі прадпрымальнікаў, якая праходзіла 22 лютага.
У 9:30 распачаўся суд над актывістам “Еўрапейскай Беларусі” Максімам Вінярскім. Як стала вядома ПЦ “Вясна”, падчас працэсу на яго хацелі скласці другі адмінстратыўны пратакол – за непавагу да суду. У працэсе актывіст заявіў адвод суддзі Валерыю Есьману, але той яго адхіліў. Вінярскі паведаміў, што ў такім выпадку будзе даваць паказанні, але не ўстане перад гэтым судом.
У той жа час суддзя Вікторыя Шабуня разглядае справу актывісткі Ніны Багінскай.
А 10-й гадзіне распачаўся працэс па справе сустаршыні Партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца, які вядзе суддзя Таццяна Рак.
Вядома, што ў другой палове дня ў судзе Цэнтральнага раёна працягнуцца працэсы над актывістамі: на 14:30 прызначаныя разгляды справаў Леаніда Кулакова (суддзя Міхаіл Хома) і Вячаслава Сіўчыка (суддзя Вікторыя Шабуня), на 15:30 – справы Паўла Вінаградава (суддзя Вікторыя Шабуня).
Як стала вядома праваабаронцам, актывіста "Еўрапейска Беларусі" Леаніда Кулакова аштрафавалі на 50 базавых велічынь (10 500 000 беларускіх рублёў) па ч. 3 арт. 23.34 КаАП “Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў, здзейсненнае паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж парушэнні”. Па гэтым жа артыкуле вінавацілі і прыцягнулі да адказнасці ў выглядзе штрафаў яшчэ дваіх актывістаў - Максіма Вінярскага і Вячаслава Сіўчыка. Кожнаму з іх трэба будзе выплаціць у бюджэт дзяржавы таксама па 50 базавых велічынь.
Павел Вінаградаў і Павел Севярынец на свае судовыя паседжанні не з'явіліся, верагодна суд разглядаў адміністрацыйный справы без іх прысутнасці.
Разляд адміністрацыйнай справы па прыцягненню да адказнасці за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў Ніны Багінскай адкладзены.
На гэтым суды не сканчаюцца. Як паведаміў Павел Сяргей, яму прыйшла позва ў суд Цэнтральнага раёна г. Мінска. Туды яму трэба з'явіцца 15 сакавіка ў 11.00, дзе будзе разгледжана адміністрацыйная справа ў дачыненні да яго па ч. 3 арт. 23.34 КаАП.
Акрамя таго, 9 сакавіка суддзя Наталля Вайцаховіч пакарала штрафам у 3 мільёна 150 тысяч рублёў (15 базавых велічынь) удзельніка гэтай жа акцыі Аляксандра Абрамовіча з Барысава.
Нагадаем, 22 лютага на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску прайшоў чарговы мітынг індывідуальных прадпрымальнікаў супраць Указа Прэзідэнта № 222, які, па сутнасці, пакідае прадпрымальнікаў без працы, уводзячы абавязковую сертыфікацыю тавараў лёгкай прамысловасці, увезеных у Беларусь з замежжа.