viasna on patreon

КПЧ прызнаў парушэнне правоў віцебскага сябра КХП БНФ Яна Дзяржаўцава

2016 2016-02-29T12:19:52+0300 2016-02-29T12:19:52+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-bajkot-piket.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Зварот актывіста ў Камітэт па правах чалавека ААН тычыўся падзеяў 2010 года. Падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі дваіх віцебскіх апазіцыянераў Яна Дзяржаўцава і Барыса Хамайду пакаралі за тое, што яны выйшлі ў цэнтр горада з плакатамі пра байкот выбараў (на фота).

Іх дзеянні былі кваліфікаваны міліцыяй як несанкцыянаванае пікетаванне. Высновы міліцыі падтрымаў суд: суддзя Чыгуначнага райсуду Алена Цыганкова пастанавіла пакараць Барыса Хамайду арыштам на 5 сутак (абскарджваць гэтае рашэнне спадар Хамайда не стаў, бо лічыць бларускія суды нелегітымнымі пасля змены Канстытуцыі РБ 1994 года), а Яна Дзяржаўцава – штрафам памерам 10 базавых велічынь.

Пастанову суда Ян Дзяржаўцаў спрабаваў абскардзіць у вышэйшых судовых інстанцыях. Аднак безвынікова: на ўсіх узроўнях было прызнана, што актывісты парушылі заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. На думку спадара Дзяржаўцава, закон аб масавых акцыях абмяжоўвае права грамадзянаў на мірныя сходы і права на выказванне ўласных меркаванняў. Гэта было выкладзена ў звароце да КПЧ ААН.

Паводле звестак сайта “Віцебская вясна”, “Камітэт па правах чалавека, атрымаўшы скаргу Яна Дзяржаўцава, спрабаваў атрымаць каментар дзяржавы наконт яго справы. Аднак улады адмовіліся ад супрацы з КПЧ. Маўляў, скаржнік не выкарыстаў усіх сродкаў прававой абароны ўнутры краіны -- апроч іншага, не звярнуўся з нагляднай скаргай да старшыні Вярхоўнага суда. Таму КПЧ не павінен быў прымаць яго скаргу да разгляду, і дзяржава адмлвілася каментаваць яе па сутнасці. Камітэту давялося нагадаць уладам Беларусі, што дзяржава далучылася да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і Факультатыўнага пратаколу да яго, а таму ўзяла на сябе абавязак прызнаваць кампетэнцыю КПЧ прымаць да разгляду індывідуальныя паведамленні грамадзян, якія сцвярджаюць, што яны сталі ахвярамі парушэння іх правоў”.

КПЧ зрабіў выснову: Рэспубліка Беларусь парушыла правы грамадзяніна, замацаваныя часткай 2 артыкула 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (права публічна выказваць сваё меркаванне) і артыкулам 21 (права на мірныя сходы). Згодна з рашэннем Камітэта, дзяржава мусіць кампенсаваць Яну Дзяржаўцаву ўсе панесеныя ім страты і перадухіліць падобныя парушэнні надалей – унесці адпаведныя змены ў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства