Гары Паганяйла: Быў загад – узняць мяне на вілы!
Вядомы беларускі юрыст Гары Паганяйла распавёў сайту palitviazni.infoпра тое, як ён стаў праваабаронцам, пра самыя запамінальныя працэсы ва ўласнай кар’еры і адказаў на пытанне, ці будуць у Беларусі новыя палітвязні.
“Напэўна, мой адвакацкі і праваабарончы лёс быў наканаваны мне з самага дзяцінства”, – кажа Гары Пятровіч.
– Я нарадзіўся я ў турме на станцыі Плісецкая, што ў Архангельскай вобласці Расіі, – працягвае Гары Паганяйла. – Гэта была турма для рэпрэсаваных, і там свой тэрмін адбывала мая мама – Лідзія Паганяйла. Яна трапіла за краты, як жонка ворага народа. Яе другі муж Іван Паганяйла быў абвінавачаны ў шпіянажы, а ў тыя часы асабліва не разбіраліся. Маці таксама пасадзілі і асудзілі да растрэлу. І толькі ў апошні момант растрэльны прысуд замянілі на 15-гадовы тэрмін зняволення, які яна і адбывала ў турме на станцыі Плісецкая.
Першыя тры гады майго жыцця я правёў у гэтым самым лагеры. Потым былі дзіцячыя інтэрнаты – аж да самага заканчэння школы. Мама была рэабілітавана толькі ў 1957-м. Яна атрымала кватэру ў Мінску, вярнуўшыся пасля арміі, я стаў жыць разам з ёю. Тут жа, у Мінску, паступіў на юрфак БДУ, які паспяхова скончыў, пасля чаго трапіў у сістэму юрыспрудэнцыі БССР. Амаль за сорак гадоў працы на гэтай ніве мне давялося працаваць суддзёй у Быхаўскім раёне, адвакатам у Касцюковіцкім раёне, следчым веннай пракуратуры, начальнікам аддзела адвакатуры Міністэрства юстыцыі БССР, загадчыкам юрыдычнай кансультацыі Савецкага раёна Мінска…
А ў другой палове 90-х мая афіцыйная адвакацкая кар’ера ў Беларусі была спынена. У мяне проста адклікалі адвакацкую ліцэнзію, і я быў вымушаны пэўны час працаваць у Расіі, хаця сувязяў з Беларуссю не парываў. Пазней адвакацкую дзейнасць змяніў на праваабарончую – стаў намеснікам старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэта, дзе на добраахвотных пачатках працую і да гэтага часу.
– Калі вяртацца да другой паловы 90-х гадоў… Ці было ў вас адчуванне, што хутка можаце застацца без працы?
– Па-шчырасці, не было. Я працаваў, як мне падавалася, сумленна, хоць супраць мяне спрабавалі распачаць крымінальную справу. Праўда, спроба з трэскам правалілася. А потым я даведаўся дакладна, што, як кажуць, спакойна жыць мне не дадуць. У мяне быў адзін кліент, які ў свой час працаваў у Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы. І вось ён мне аднойчы сказаў: маўляў, была нейкая нарада, дзе прагучаў загад: “Узняць Паганяйла на вілы”. А праз пэўны час мяне пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі.
– А канкрэтна вам нейкім чынам пагражалі?
– Не, дзякуй Богу, такога за ўсё маё жыццё ў прафесіі не было. Прысутнічалі невялікія спробы, што называецца, “накласці ў кашу”, але білі не наўпрост па мне, а дзейнічалі, каб нашкодзіць маім блізкім. Усё рабілася дзеля таго, каб вывесці мяне з раўнавагі.
– Дорага каштуе ўласная прынцыповасць…
– А іначай ніяк. Разумееце, прафесія адваката такая ж, як і прафесія пракурора ці суддзі. У ідэале ўсе бакі павінны быць зацікаўлены ў тым, каб знайсці праўду, вызначыць ступень вінаватасці ці невінаватасці канкрэтнага чалавека. Не буду хаваць, што я і зараз падтрымліваю стасункі з многімі пракурорскімі супрацоўнікамі і суддзямі. За межамі судовай залы – мы сябры. А вось падчас судовага працэса – іншая справа. Калі было за што, я крытыкаваў і следчых, і пракурораў. Крытыкаваў публічна, не хаваючыся. Зразумела, што камусьці такая мая прынцыповасць не падабалася.
– Знакавых працэсаў у вашай кар’еры было шмат. Што найбольш урэзалася ў памяць?
–Яшчэ да таго, як у Беларусі распачаліся гучныя палітычныя працэсы, у маёй практыцы была справа аб “дзедаўшчыне”. Яна запомнілася таму, што суд у выніку апраўдаў майго падабароннага. А справа была такая: некалькі салдат абвінавачваліся ў забойстве свайго таварыша па службе. Па фабуле – цікавая справа. У ёй былі некалькі экспертыз, якія я аспрэчваў, збіраў доказы невінаватасці свайго “кліента”. У выніку хлопца апраўдалі без варыянтаў. І, ведаеце, пасля такіх прысудаў на душы заўсёды прыемна. І не таму, што выйграў справу, а таму, што, дзякуючы ўласнай працы, удалося дабрацца да ісціны. Гэта галоўнае ў адвакацкай працы.
– Што тычыцца палітычных працэсаў, то апраўдальных выракаў у вашай практыцы было менш, чым у грамадзянскіх справах?
– Што ў краіне распачынаецца эпоха палітычных пераследаў, асабіста мне стала зразумела ў другой палове 90-х. Адной з першых такіх спраў стала справа Аляксандра Саманкова. У свой час ён быў старшынёй Рэспубліканскага прыватызацыйнага фонда. Яго структурныя падраздзяленні былі створаны для таго, каб скупляць у насельніцтва чэкі “Маёмасць” для таго, каб дапамагчы людзям стаць уласнікамі ці сузаснавальнікамі камерцыйных структур. Пасля прыхода да ўлады Аляксандра Лукашэнкі стала зразумела, што дзяржава не зацікаўлена ў тым, каб у Беларусі з’явіліся буйныя ўласнікі. Ва ўладзе, напэўна, было разуменне, што з’яўлення буйных уласнікаў можа паўплываць на палітыку і рашэнні, якія прымаюць кіраўнікі. Саманкоў стаў першай ахвярай маладога беларускага бізнеса. Яго абвінавацілі ў дачы хабару Аляксандру Сазонаву, які ў той час быў памочнікам кіраўніка краіны. Мой падабаронны віну сваю не прызнаваў, а для мяне збор доказаў яго невінаватасці стаў праблемай – мяне проста не дапускалі да пэўных матэрыялаў. Было відавона, што на Саманкова паступіў “заказ”, і яго справу ўлада трымала на кантролі. Гэта быў і першы званочак таго, што судовая ўлада ў краіне пераходзіць пад кантроль высокіх чыноўнікаў. У выніку Саманкову далі 6 гадоў зняволення.
– У той час вы былі адным з нямногіх, хто адкрыта казаў, што Беларусь вяртаецца ў сталінскія часы. Чаму вы так лічылі?
– У мяне былі для гэтага падставы. Я быў абаронцам паэта Славаміра Адамовіча, якога судзілі за напісанне верша: “Забі прэзідэнта”. Следства па гэтай справе вялося наступным чынам: да людзей на вуліцы падыходзілі і пыталіся, ці пазнаюць яны ў гэтых радках дзеючага кіраўніка дзяржавы. Многія адказвалі станоўча. Хаця сам Адамовіч у вершы проста выкарыстоўваў літаратурныя вобразы. Славамір – паэт, а не нейкі экстрэміст. На тым працэсе я і казаў, што Беларусь вяртаецца да сталінскіх часоў – калі вынішчалі інтылігенцыю. Дарэчы, Адамовічу мог пагражаць рэальны тэрмін, каб не міжнародны рэзананс. Вядомыя расійскія пісьменнікі, а таксама акадэмік Дзмітрый Ліхачоў нават напісалі ліст, у якім сцвярджалі, што верш не ўтрымлівае ніякіх прыкмет для ідэнтыфікацыі пэўнага чалавека. І пасля дзесяці месяцаў утрымання ў СІЗА КДБ Адамовіч выйшаў на волю.
– Яшчэ ў вашай практыцы былі справы журналіста Паўла Шарамета, былога прэм’ер- міністра Міхаіла Чыгіра, банкіра Тамары Вінніквай, дэпутата Андрэй Клімава…
–На маю думку, усе гэтыя справы былі ўзбуджаны з адной нагодай – прымусіць людзей маўчаць. Павел Шарамет займаў прынцыповую пазіцыю ў дачынені да палітыкі, якую праводзіла беларуская ўлада. Адстаяць яго і аператара Дзмітрыя Завадскага ўдалося ў тым ліку і пасля таго, як сваё слова сказаў прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын. Андрэю Клімаву помсцілі за тое, што ён стаў адным з ініцыятарам імпічмента для прэзідэнта, Міхаілу Чыгіру за тое, што сыйшоў у апазіцыю, дзе меў пэўную вагу. У кожнай з гэтых спраў меўся палітычны падтэкст, бо ў Беларусі, на вялікі жаль, не было незалежнага ўраду і незалежнага суда.
– Ці азначае гэта, што праца адваката ў “палітычных” справах марная, бо прысуд вядомы загадзя?
– Тут я не пагаджуся. Адвакат заўжды павінен працаваць сумленна, нават ведаючы, што справа можа быць “пад заказ”. Трэба разумець, што рана ці позна, але ўсе справы, па якіх былі вынесены сфальсіфікаваныя прысуды, будуць перагледжаны. У гісторыя былі ўжо прыклады. Я таксама спадзяюся, што надыйдзе час, калі ў Беларусі некалі стануць вядомы тыя злачынствы, што адбываліся. Таму ад сумленных адвакатаў і праваабаронцаў зараз у пэўнай ступені таксама залежыць будучыня.
– Ці верыце Вы, што цяперашнія беларускія палітзняволеныя будуць рэабілітаваныя?
– Гэта адбудзецца, але, на жаль, ні ў бліжэйшай перспектыве.Сёння ўлада па-ранейшаму трымаецца на нейтралізацыі апанентаў. Заўважце: экс-кандыдатам у прэзідэнты, якія былі асуджаны ў 2010-м, прызначаны вялікія тэрміны прэвентыўнага нагляду, справа супраць Алеся Міхалевіча ўвогуле не закрыта да гэтага часу… Зроблена ўсё для таго, каб трымаць людзей “на кароткім ланцугу”. Няправільна паводзіць – ізноў за краты. Але ў гэтым слабасць сёняшняй улады. Сапраўды моцная ўлада не бярэ ўласных грамадзян у закладнікі.