viasna on patreon

Праваабаронцы прапануюць ЦВК экспертнае садзейнічанне

2016 2016-02-17T18:07:51+0300 2016-02-18T10:12:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/press-vybary-2015-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Прэс-канферэнцыя каардынатараў кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Прэс-канферэнцыя каардынатараў кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Прадстаўнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" накіравалі кіраўніку ЦВК Лідзіі Ярмошынай прапановы, звязаныя са стварэннем экспертнай групы па разглядзе рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ па пытаннях удасканалення выбарчага працэсу ў Беларусі.

У звароце ў Цэнтрвыбаркам кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары", у межах якой Беларускі Хельсінкскі Камітэт і Праваабарончы цэнтр "Вясна" з 2008 года праводзяць незалежнае назіранне на тэрыторыі Беларусі, прапануе сваіх экспертаў і напрацоўкі, якія будуць карысныя створанай міжведамаснай групе пры распрацоўцы прапановаў па ўдасканаленні выбарчага працэсу. Пры гэтым незалежныя назіральнікі накіравалі ў ЦВК сваю Выніковую аналітычную справаздачу па прэзідэнцкай кампаніі 2015 года, якая змяшчае шэраг рэкамендацый па паляпшэнні практыкі правядзення выбараў у краіне.

Накіроўваючы дадзеную прапанову, праваабаронцы БХК і ПЦ "Вясна", натуральна, разлічваюць на зацікаўленасць з боку Цэнтральнай выбарчай камісіі, хоць вымушаныя са шкадаваннем канстатаваць, што да цяперашняга часу дыялогу з гэтым органам не атрымліваецца.

- Мы неаднаразова адзначалі, што распрацоўка зменаў практыкі прымянення заканадаўства або зменаў у заканадаўства мусіць праходзіць з удзелам незалежных назіральнікаў, а таксама суб'ектаў выбарчага працэсу. Не можа быць келейнага абмеркавання без удзелу зацікаўленых бакоў, якімі, напрыклад, з'яўляюцца грамадскія аб'яднанні і палітычныя партыі, - звяртае ўвагу сукаардынатар кампаніі ад ПЦ "Вясна" Уладзімір Лабковіч.

- На жаль, мы не часта сустракаемся з Цэнтрвыбаркамам, хоць у межах "Праваабаронцаў за свабодныя выбары" праводзім маніторынг выбарчых кампаній з 2008 года, а да таго часу разам з БХК назіралі ў складзе іншых кааліцый. Мы сустракаліся з Ярмошынай і сябрамі ЦВК, напэўна, у 2001 годзе для абмеркавання розных аспектаў выбарчага працэсу і назірання за выбарамі. Апошні раз я Лідзію Міхайлаўну бачыў у АБСЕ у Вене ў мінулым годзе, дзе мы прымалі ўдзел у працы круглага стала па пытаннях выбарчага заканадаўства, але гэта была ўжо міжнародная пляцоўка, - дадае яго калега Валянцін Стэфановіч.

Эксперты адзначаюць, што "Праваабаронцы за свабодныя выбары" рыхтавалі даклады, распрацоўвалі рэкамендацыі, многія з якіх былі адлюстраваныя ў выніковых справаздачах місій БДІПЧ АБСЕ падчас выбарчых кампаній розных гадоў. Прадстаўнікі ПЦ "Вясна" і БХК лічаць, што ў іх ёсць што абмеркаваць з Цэнтрвыбаркамам і ім павінна быць дадзеная магчымасць выказацца з нагоды меркаванага рэфармавання выбарчага заканадаўства.

Нагадаем, міжведамасная экспертная рабочая група па разглядзе рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ па пытаннях удасканалення выбарчага працэсу была створаная Пастановай Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў ад 12 лютага 2016 года. Першае паседжанне групы, якой даручана правесці аналіз рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, якія змяшчаюцца ў выніковай справаздачы місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі 2015 года, і распрацаваць прапановы па ўдасканаленні выбарчага працэсу, адбылося 16 лютага.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства